Змаганьне, заснаванае на праве. Праўда, абгрунтаваная фактамі.
Юрась Зянковіч — беларуска-амэрыканскі адвакат, палітык, грамадзкі дзяяч і былы палітвязень, які змагаецца за прыцягненьне да адказнасьці за дзяржаўныя злачынствы і падтрымлівае ўсіх, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў. Ён вылучаны кандыдатам у Прэзыдэнты Беларусі ад Партыі БНФ, прэзыдэнт 501(c)(3) арганізацыі Belarusian Democracy Institute Inc., а таксама кіраўнік юрыдычнай фірмы ў ЗША. З 2018 году жыве ў Х’юстане (Тэхас), працуе зь беларускімі прадпрымальнікамі і стартапамі, дапамагае адаптавацца на Захадзе тым, хто вымушаны быў зьехаць з краіны пад ціскам.
Юрась нарадзіўся ў Менску ў 1977 годзе, з маладосьці далучыўся да дэмакратычнага руху, быў дэпутатам, юрыстам, прадпрымальнікам. У ЗША скончыў Fordham Law School у Нью-Ёрку і адкрыў Law Office of Youras Ziankovich, P.C., якая працуе як з індывідуальнымі кліентамі, так і з кампаніямі з агульнай капіталізацыяй у дзясяткі мільёнаў даляраў.
У 2021 годзе Зянковіч быў гвалтоўна выкрадзены спэцслужбамі ў Маскве і дастаўлены ў Менск, дзе асуджаны на 11 гадоў за “змову з мэтай захопу ўлады”. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем, а Ўрад ЗША — wrongfully detained U.S. citizen (незаконна захоплены грамадзянін ЗША). Ён правёў больш за чатыры гады ў ізаляцыі, трымаў галадоўкі і пратэст, але ня страціў годнасьці і волі.
Пасьля вызваленьня ў 2025 годзе Юрась вярнуўся да грамадзкай дзейнасьці. Сёньня ён рыхтуе асабісты і грамадзкі пазоў супраць КДБ Беларусі ў фэдэральным судзе ЗША на суму больш за $30 млн — справа, якая павінна стаць прэцэдэнтам міжнароднай адказнасьці за катаваньні. Гэта ня толькі юрыдычная ініцыятыва, але і аснова шырэйшай стратэгіі: аб’яднаць вакол справы ўсіх, хто пацярпеў — незалежна ад палітычных поглядаў, прафэсіі ці сацыяльнага статусу. Юрась падкрэсьлівае, што беларускі бізнэс, а ў шырэйшым сэнсе — ўсе беларускія грамадзяне вымушаныя плаціць за маўчаньне або свабоду сваякоў, а значыць, таксама зьяўляюцца закладнікамі, а не саўдзельнікамі рэжыму.
Зянковіч не імкнецца да асабістай помсты. Яго мэта — паказаць, што нават у выгнаньні магчыма дамагчыся справядлівасьці праз права, факты і супольную волю. Ён вядзе дыялёг з дэмакратычнымі палітыкамі, праваабаронцамі, былымі чыноўнікамі, актывістамі і прадпрымальнікамі. Для гэтага выкарыстоўвае тры арганізацыйныя інструмэнты: юрыдычную фірму, фонд падтрымкі палітвязьняў і фінансавую структуру для дапамогі беларускім праектам. Усё гэта служыць агульнай мэце — пабудове будучай Беларусі, у якой свабода, годнасьць і адказнасьць будуць закладзенымі каштоўнасьцямі, а не рызыкамі.