…І гэтыя людзі забараняюць мне калупацца ў носе

By Юрась ЗянковічComments Off on …І гэтыя людзі забараняюць мне калупацца ў носе
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


i hetyja ludzi zabaraniajuc mnie kalupacca u nosie

На “амэрыканцы” ўсё па-свойму. Гэта і зразумела: КГБ — гэта вам ня тая “мянтоўка”. Таму правілы паўсюдна свае: усе вязьні “сакрэтныя”, ахоўнікі і афіцэры падпісваюцца нумарамі сваіх пасьведчаньняў замест імёнаў, а калі чалавека канваіруюць, то канвойны сьвісьціць.

Сьвіст азначае, што ўсе, хто ня мае права бачыць і ведаць вязьняў у твар, павінныя разьбягацца з дарогі і хавацца, як мышы, па норах. Вязьні жартуюць, што ахоўнікаў “амэрыканкі” павінныя рыхтаваць ня меней за 5 год. Пры гэтым першыя 4 гады яны вучацца сьвісьцець, і цэлы год вывучаюць на практыцы, што такое быць сапраўдным грозным кагэбэшнікам, якога павінныя ўсе баяцца.

Сьвістун

А яшчэ на “амэрыканцы” няма такіх дысцыплінарных захадаў, як “профулік” і “дысцыплінарныя меры”.

Ну, з профулікам усё зразумела — калі так падыходзіць, то на профуліку мусяць стаяць усе вязьні “амэрыканкі” пагалоўна — туды ж выбіраюць, каго саджаць. А “дысцыплінарныя меры” (такія, як карцэр ці вымова)… ня тое, каб іх зусім няма — я, напрыклад, давёў-такі начальніка “амэрыканкі” палкоўніка Небаяна сваімі жарцікамі, што ён вынес мне вымову, — але стасуюць іх вельмі рэдка і неахвотна. Як правіла, “вінаватаму” прапануюць напісаць “аб’ясніцельную” пра тое, што ён нарабіў, і з абавязковай прыпіскай, што больш ён так рабіць ня будзе.


У студзень 2025-га году мяне прывезьлі ў “амэрыканку” і зьмясьцілі на “адкорм” у прывілеяваную камэру, дзе ў якасьці прадуктовых перадачаў дазвалялася атрымоўваць нават шашлык, малочнага парасяці ды фуа-гра (калі хлопцы тую фуа-гра выкінулі на другі дзень, бо яна, маўляў, ня сьвежая, ад такога сюррэалізма я ржаў у голас).

foie gras
У камеры была нават фуа-гра, якую выкінулі, бо “яна нясьвежая”.

У тую ноч на начную зьмену заступілі людзі пад камандай капітана “Чорны кэп”. Ну, паколькі імёнаў мы амаль нікога з супрацоўнікаў ня ведаем, то даводзіцца прыдумляць ім мянушкі, каб нейкім чынам азначаць.

“Чорны кэп”, у прынцыпе, дзядзька добры і дастаткова лаяльны. Адзіны недахоп — выпіць любіць, прычым у тым ліку на службе. Аднойчы я назіраў, як яго пад час вечаровага абыхода камер у самым прамым сэнсе ягоныя падначаленыя вялі пад рукі, бо інакш ён мог бы ўваліцца галавой у адну з кармушак. Раней, у 2021-2022 гадах, яго стараліся ад людзей хаваць, бо ў такім выглядзе паказвацца на службе — скандал. А ў 2025 з-за недахопу кадраў прызначылі цэлым ДПНСІ, што азначае “дэжурны памочнік начальніка сьледчага ізалятара”.

Чорны Кэп
Чорны Кэп п’яны на зьмене – уяўленьне мастака

Але вось зьмена “Чорнага кэпа”… Ёсьць у яго адзін персанаж, якога мы называлі паміж сабой “Цыпа”. Чалавека яўна ў дзяцінстве шмат білі ў двары. Таму, калі ён падрос, то вырашыў сам стаць тым, хто можа біць. У прынцыпе, “беспрэдзелам” ён не займаўся — проста патрабаваў выкананьня правілаў. Але калі каго лавіў на парушэньні (а рабіць ён гэта веееееельмі любіў), то адрываўся ўжо па-поўнай: крычаў на людзей у два разы старэйшых за яго, вучыў жыцьцю, мог нават “у вугал паставіць” (г.зн. чалавек ня мае права сядзець ці ляжаць, а павінен прастаяць на нагах некалькі гадзінаў). Карацей, уладу сваю, хай і невялікую, ён любіў.

Быў у “Чорнага кэпа” яшчэ адзін малады персанаж па мянушцы “Казяўка”. Мянушка да яго прыліпла пасьля наступнай гісторыі, якую хачу распавесьці.


Спаў я ў той час “на сёрфе” (або “на верталёце”, або “на шчыце” — называйце як больш вам падабаецца), што афіцыйна называлася “дадатковае спальнае месца”. У камеру плошчай 10 кв.м зьмяшчаецца штатна чатыры чалавекі. Нары стаяць справа і зьлева ад праходу, у два ярусы.

Але ж пасьля 2021 году “амэрыканка” працавала з перагрузкай. Ужо ў тыя часы ў нас стабільна быў адзін “лішні пасажыр” у камеры. А ў 2025 два “лішніх пасажыры” сталіся нормай. Тобок на плошчы ў тыя самыя 10 кв.м жывуць месяцамі шасьцёра здаровых дзядзькаў. Разам ядуць, гуляюць, спяць, сераць, глядзяць ТВ… І ўсё гэта 24/7.

Сёрф, ён жа Верталёт, ён жа Шчыт
Сёрф, ён жа Верталёт, ён жа Шчыт – называйце, як вам падабаецца болей.

Пытаньне. Куды ж дзець двух “лішніх”, калі спаць ім няма дзе? На 10 кв.м нават у дзьве зьмены спаць цяжка. Таму падумалі разумныя галовы ў КГБ і вырашылі — скалоцім два насьцілы з дошак, якія на начны час будуць класьціся на падлогу ў праходзе, на іх дохленькі матрац, а там падушка і дзьве прасьціны з коўдрай. На дзень гэта ўсё будзе прыбірацца.

Дык вось, сплю я сабе спакойна каля 2-й гадзіны ночы. І нешта прачнуўся, каб павярнуцца на бок. У гэты момант адчыняецца “кармушка” (афіцыйна “дзьверная фортка”), у якой паказваецца фізіяномія “Казявачкі” (тады ён яшчэ ня быў “Казявачкай”, але тое апусьцім), якая, паглядзеўшы на мяне, кажа: “Я только што відзел, как вы калупалісь у себя ў насу і бросілі эта на пол“.

Казявачка
“Я только што відзел, как вы калупалісь у себя ў насу і бросілі эта на пол.”

Ад такой заявы я ажно разгубіўся і на секундаў 10 завіс, ня ведаючы, як на гэта рэагаваць. Павісла паўза, пасьля якой “Казявачка” дадаў: “С утра напішыце аб’ясніцельную“. Занавес, тобок “кармушка”, захлопнулася.

Прачнуліся суседзі і, нічога не разумеючы, глядзяць на мяне. Я паварочваюся і сплю далей.

З раніцы “Казявачка” яшчэ раз нагадаў мне, што ён чакае аб’ясніцельную, чаму я калупаўся ў носе ў начны час, калі ўсім нармальным зэкам спаць палагаецца. Пад дружны хохат суседзяў я хвілінаў 10 майстраваў тую аб’ясніцельную.

— Юрась, калі б ты мне тое распавёў, — сказаў адзін з суседзяў, у нядаўнім мінулым гендырэктар аднаго зь вялікіх беларускіх прадпрыемстваў, — я б вырашыў, што ты ўсё гэта прыдумаў. Але ж я бачыў і чуў тое на ўласныя вочы.

Ахоўніку дружна было прысвоена ганаровае званьне “Казявачка”, якое зацьвердзілі адзінагалосна.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Гумар, Маразм, Пра асабістае і бягучае..., Рознае блогавае, Сучаснасьць Беларусі
Blue Taste Theme created by Jabox