Час ад часу мне задаюць пытаньне: што ў цябе з адвакатскай ліцэнзіяй і што ўвогуле адбылося? Таму хачу коратка і спакойна гэта патлумачыць.
Я зьяўляюся адвакатам, ліцэнзаваным у штаце Ню-Ёрк. Гэтая ліцэнзія існуе, але цяпер прыпыненая ў сувязі з фэдэральнымі наступствамі, пра якія гаворка ніжэй. Я ніколі не быў ліцэнзаваны ў штаце Каларада і не займаўся каларадзкай юрыдычнай практыкай.
Падчас жыцьця ў Каларада я працаваў выключна ў сфэры фэдэральнага права, пераважна ў іміграцыйных справах. Такая дзейнасьць дазволеная фэдэральным заканадаўствам і рэгулюецца фэдэральнымі ворганамі. Яна не патрабуе ліцэнзіі кожнага штату, у якім адвакат фізычна знаходзіцца.
У 2018 годзе каларадзкія дысцыплінарныя ворганы пачалі трактаваць сваю юрысдыкцыю значна шырэй і распаўсюдзілі яе на адвакатаў, якія працуюць у штаце, але не ліцэнзуюцца ім і не займаюцца штатнай практыкай. Паступова сфармавалася практыка, якая пазьней пачала выкарыстоўвацца і ў іншых справах.
Мая справа ўзьнікла ў гэтым кантэксьце.
Яна пачалася са скаргі кліенткі. У ходзе разьбіральніцтва сутнасныя прэтэнзіі да маёй працы былі зьнятыя: незалежны экспэрт — прафесар права — пацьвердзіла, што мой мэтад дзеяньняў быў законным і прафэсійна дапушчальным.
Аднак каларадзкія ворганы засяродзіліся на фармальным пытаньні парадку фінансавых разьлікаў. Я кіраваўся правіламі штата Ню-Ёрк, бо там меў ліцэнзію. Гэта было расцэнена як парушэньне правілаў Каларада. Пры гэтым выкананьне каларадзкіх правілаў прывяло б да парушэньня правілаў маёй уласнай ліцэнзіі, а фінансавы вынік для кліента ў любым выпадку быў бы аднолькавы.
На гэтай падставе ў Каларада была распачатая дысцыплінарная справа. Асоба адваката ў дадзеным выпадку не была вызначальнай — вызначальнай стала сама магчымасьць замацаваць такую практыку. Сёньня, празь сем гадоў, гэтая справа працягвае цытавацца ў іншых выпадках.
Нягледзячы на фэдэральны характар дзейнасьці і адсутнасьць штатнай юрысдыкцыі, каларадзкія ворганы вынесьлі рашэньні і пераслалі іх у фэдэральныя ворганы, а таксама ў Ню-Ёрк. Гэта прывяло да аўтаматычных фэдэральных наступстваў для маёй ліцэнзіі.
Сыстэма дысцыплінарнай адказнасьці ў ЗША пабудаваная так, што ў большасьці выпадкаў іншыя юрысдыкцыі або фэдэральныя ворганы не праводзяць самастойнага аналізу, а проста ўжываюць так званую ўзаемную (reciprocal) дысцыпліну.
Я не аспрэчваю каларадзкія рашэньні як такія і не прашу фэдэральны суд іх пераглядаць. Гэта немагчыма і не зьяўляецца маёй мэтай, бо ня мае значэньня (часовае прыпыненьне ў судах гэтага штату ніяк на мяне ня ўплывае, бо я ніколі ня меў ліцэнзіі там працаваць). Прынцыповае пытаньне ў іншым: штат ня мае права рэгуляваць фэдэральную дзейнасьць, а тым больш — перасылаць вынікі такога рэгуляваньня ў фэдэральныя ворганы з мэтаю дадатковага пакараньня.
Таму я зьвярнуўся ў Фэдэральны акруговы суд у горадзе Вашынгтоне з іскам супраць фэдэральных ворганаў і супраць штата Каларада, які перадаў ім матэрыялы справы. Я прашу суд адказаць на наступныя пытаньні:
ці мае штат увогуле права караць за дзейнасьць, якая дазволеная і рэгулюецца фэдэральным правам?
ці могуць фэдэральныя ворганы накладаць пакараньне, не праверыўшы, ці меў штат паўнамоцтвы распачынаць такую справу?
і ці можа штат пашыраць дзеяньне сваіх рашэньняў па-за межы ўласнай тэрыторыі, перасылаючы іх у фэдэральныя ўстановы?
У ЗША існуе выразны прэцэдэнт Вярхоўнага Суду — Sperry v. Florida (1963). Ён кажа простую рэч: тое, што дазволена фэдэральным законам, штат ня мае права рэгуляваць або забараняць. Калі адвакат парушае правілы фэдэральнай практыкі, ён адказвае перад фэдэральнымі ворганамі, а не перад штатам.
Менавіта гэтую справу я цяпер вяду. Калі суд схіліцца да маіх аргумантаў, то гэта ня толькі адновіць маю ліцэнзію, але ўвогуле прызнае пакараньні нядзейснымі нідзе, апроч як у судах самога штата Каларада.
Больш падрабязная інфармацыя, судовыя дакумэнты і абнаўленьні — тут: