Мой папярэдні пост, які б ён ня быў вытрыманы і карэктны, бо заклікаў дачакацца вынікаў расследваньня, выклікаў хвалю хейту і спробаў патлумачыць мне, што я не разумею, што “ЗША пераўтвараюцца ў лукашэнкаўскую Беларусь”. Прычым пераважна мне гэта спрабавалі тлумачыць людзі, якія ў ЗША не жывуць і ня ведаюць бягучую павестку дня ў краіне.
Таму я вырашыў растлумачыць, што ж насамрэч адбываецца, і з чым зьвязаныя сьмерці двух людзей у Міннэсоце.
Апошнія тыдні ў інфармацыйнай прасторы як унутры, так і за межамі ЗША зноў пануе знаёмая карцінка: відэа, крыкі, дым, слёзацёчны газ, загалоўкі пра “гестапа”, “масавыя арышты” і “забітых мірных людзей”. Для беларускамоўнай аўдыторыі, якая глядзіць на гэта з Эўропы або з постсавецкай прасторы, усё выглядае як чарговы доказ таго, што “Амэрыка скочваецца”, а федэральная ўлада нібыта пачала вайну супраць уласных грамадзянаў.
Праблема ў тым, што без разуменьня прававых нормаў і канкрэтнай перадгісторыі гэтая карцінка ня проста няпоўная — яна наўмысна скажоная.

Хто такія “нелегалы” з пункту гледжаньня амэрыканскага права
Пачнем з базавай рэчы, якую ўвесь час замоўчваюць.
У ЗША нелегальнае знаходжаньне на тэрыторыі краіны — гэта парушэньне фэдэральнага іміграцыйнага заканадаўства. Гэта не злачынства (калі толькі гэта не паўторнае перасячэньне мяжы пасьля дэпартацыі), але мае выразныя прававыя наступствы.
Гэта не “пазыцыя рэспубліканцаў”, не “ідэалёгія Трампа”, а норма права, якая існуе дзесяцігодзьдзямі, і якую абавязаны выконваць любы фэдэральны ўрад, незалежна ад таго, хто сядзіць у Белым доме (тое, што часам яна выконваецца выбарачна, нічога юрыдычна не зьмяняе).
Калі ўлады ўсталёўваюць факт нелегальнага знаходжаньня замежніка ў краіне, яны не “могуць”, а мусяць ініцыяваць працэдуру дэпартацыі.
Асобная катэгорыя — замежнікі з крымінальным мінулым. Тут у фэдэральнага ўраду наогул няма прасторы для “гуманітарнага манэўру”: злачынства анулюе любы імміграцыйны статус, нават грынкарту, і запускае абавязковы працэс высылкі. Асаблівая ўвага па законе — наркаманам (так, нават за просты “касяк марыхуаны” можа быць вынесены пажыцьцёвая забарона на ўезд у ЗША), суценёрам, прастытуткам і арганізаванай злачыннасьці (у тым ліку вулічным бандам).
Статыстыка ламае міф пра “хапаюць усіх запар”
Менавіта таму наратыў пра тое, што ICE “хапае ўсіх запар”, не вытрымлівае сутыкненьня з рэальнасьцю. Афіцыйная статыстыка DHS (Department of Homeland Security — прыкладны аналаг міністэрства ўнутраных справаў) і ICE (Immigration and Custom Enforcement — федэральная імміграцыйная паліцыя падпадаркаваная DHS) за апошнія гады паказвае выразную карціну: пераважная большасьць арыштаў — гэта асобы з судзімасьцямі, з ордэрамі на арышт, з удзелам у гвалтоўных або арганізаваных злачынствах, а таксама наркаманы.
Частка гэтых людзей некалі знаходзілася ў ЗША на законных падставах, але страціла статус менавіта праз злачынствы. Гаворка не ідзе пра татальныя аблавы, не ідзе пра “паляваньне на мінакоў”, не ідзе пра масавыя рэйды без падставаў. Апэрацыі ICE маюць адрасны характар, і ў большасьці выпадкаў праходзяць без ужываньня сілы. Міф пра “хапаюць усіх” — гэта зручная палітычная хлусьня, а не апісаньне таго, што адбываецца.
СПОЙЛЕР: Нават калі крычаць “арыштавалі чалавека з грынкартай/дазволам на працу/легальным статусам”, у 99.9% выпадкаў пасьля падрабязнага вывучэньня аказваецца, што чалавек гэты так ці інакш парушыў закон: ці то ў яго крымінальнае мінулае, ці то падман імміграцыйных уладаў, ці то ўжо вынесены, але ня выкананы судовы загад пра дэпартацыю.
СПОЙЛЕР 2: Асобна пра беларусаў, якія на мяжы папрасілі прытулак, і іх упусьцілі ў краіну. Па законе чалавек, які без візы спрабуе ўехаць у ЗША і просіць прытулак на мяжы, у абавязковым парадку зьмяшчаецца ў дэпартацыйны цэнтр (турму). ICE мае права, але не абавязак, часова выпусьціць яго. Але мае права пазьней затрымаць зноў. Абскарджаньня гэтых рашэньняў ня існуе. Так працуе закон у ЗША, і ён аднолькавы для ўсіх. Калі чалавек дакажа ў судзе, што мае права на прытулак, яго выпусьцяць, дадуць дакуманты, і ён атрымае права жыць у ЗША.
Што адбылося ў Міннэсоце насамрэч
Чаму ж менавіта Міннэсота стала эпіцэнтрам апошняй гістэрыі? Тут мы падыходзім да таго, што за здымкамі дыму і крыкаў стаіць вельмі канкрэтная перадгісторыя.
Менавіта ў Міннэсоце ў апошнія гады была выкрытая маштабная карупцыйная афёра з бюджэтнымі сродкамі, якая вымяраецца не сотнямі тысяч і нават не мільёнамі, а мільярдамі (!!!) даляраў. Грошы, выдзеленыя на сацыяльныя праграмы — у тым ліку на дзіцячае харчаваньне і дапамогу сем’ям, — масава раскрадаліся праз фіктыўныя структуры, зьнікалі ў кішэнях арганізатараў і людзей, зьвязаных з мясцовымі палітычнымі элітамі. Гэта не здагадкі і не “чуткі з інтэрнэту”: гэта арышты, справы, дакумэнты і судовыя працэсы, якія ўжо ідуць.
У такой сытуацыі любая тэма, здольная пераключыць увагу грамадзтва з карупцыі міннэсоцкіх палітыкаў вышэйшага рангу на “маральную катастрофу”, становіцца палітычна выгаднай.
Адкуль бяруцца “прафесійныя актывісты”
І тут на сцэну выходзіць тое, што ў мэдыях падаюць як “спантанны народны пратэст”. Гэтая спантаннасьць — чарговая хлусьня, мэта якой зьбіць вас, чытачы, з панталыку.
Насамрэч у Міннэсоце была сфармаваная арганізаваная сетка добра аплочваемых актывістаў, якія загадзя адсочваюць фэдэральныя апэрацыі, прыяжджаюць у месцы арыштаў, мэтанакіравана ўмешваюцца ў працу афіцэраў ICE, перакрываюць доступ, уступаюць у фізычны кантакт (бойкі) і адначасова ствараюць патрэбную “карцінку” для СМІ. Гэта ўжо даўно ня пра свабоду слова і ня пра Першую Папраўку да Канстытуцыі ЗША.
Умяшаньне ў фэдэральную апэрацыю — гэта фэдэральнае злачынства, і з гэтага моманту дзяржава мае права ўжываць сілу, каб спыніць такія дзеяньні. Заўважце — людзі ўмешваюцца ў справы, якія іх не датычаць наогул, і якія прызваныя ачысьціць Міннэсоту ад замежных крымінальнікаў (ICE ідзе мэтанакіравана па сьпісах ужо асуджаных замежнікаў).
Асобна варта сказаць пра фінансаваньне і каардынацыю.
Чаму тут зьявілася ФБР
У ЗША літаральна днямі апублікаваныя журналісцкія расследаваньні: людзі ўнядрыліся ў гэтую сетку, зрабілі скрын-шоты перапісак, скачалі фінансавыя дакуманты і інструкцыі па арганізацыі супрацьдзеяньня ICE, зафіксавалі канкрэтныя імёны чыноўнікаў Міннэсоты, якія за гэтым усім стаяць — гэта людзі зь бліжэйшага акружэньня губернатара штата, мэра Міннеапаліса і з генеральнай пракуратуры штата.
У выніку расследваньні паказалі, што частка гэтых структураў атрымлівала ахвяраваньні ў тым ліку ад амэрыканскага мільярдэра, які пастаянна жыве ў Кітаі і мае публічна вядомыя сувязі з КПК. Арганізацыі, якія каардынуюць пратэсты, або выразна маюць у сваё назве словы “сацыялістычныя”, або адкрыта зьвязаныя з радыкальна-левым крылом Дэмакратычнай партыі.
Каб вас не ўвялі ў зман: на амэрыканскім слэнгу пад словам “сацыялістычны” хаваюцца камуністы. Не сацыял-дэмакраты, не сацыялісты ў эўрапейскім разуменьні (іх у ЗША прынята называць “левалібераламі”), а менавіта адкрытыя камуністы, якія спачуваюць Кітаю, Камуністычнай партыі гэтай краіны, і часта зьяўляюцца адкрытымі маоістамі.
Вось менавіта такія арганізацыі стаяць за “спантаннымі” пратэстамі ў Міннэсоце. І гэта не канспіралогія, а дакументальна пацьверджаныя факты.
Акрамя таго, у матэрыялах расследваньня фігуруюць канкрэтныя міннесоцкія чыноўнікі, замяшаныя ва ўзгаданую карупцыйную афёру.
Падкрэсьліваю, гаворка не ідзе пра “канчатковыя высновы” або “прысуды”. Але менавіта гэтыя дакумэнты сталі падставай для таго, што дырэктар ФБР Кэш Патэль учора афіцыйна абвясьціў пра пачатак праверкі па факце публікацыі расследваньня.
Гэта прынцыповы момант: калі ў справу ўваходзіць ФБР, гэта значыць, што размова ідзе не пра эмоцыі і не пра ідэалёгію, а пра магчымыя крымінальныя склады, якія выходзяць далёка за межы вулічных пратэстаў.
Пра сьмерці і адказнасьць
На гэтым фоне сьмерці двух людзей, якія адбыліся падчас апошніх інцыдэнтаў, выглядаюць яшчэ больш трагічна. Кожная такая сьмерць — гэта сапраўдная чалавечая трагедыя, а не пункт у палітычным сьпісе.
Але ў прававой дзяржаве адказ на пытаньне, ці было перавышэньне межаў самаабароны з боку афіцэраў, даюць не фэйсбук-камэнтатары, не youtube-эксперты (зь любога боку) і не вулічныя лозунгі, а сьледзтва і суд.
Пры гэтым паўстае таксама зусім іншае пытаньне — пра адказнасьць тых, хто сьвядома арганізоўваў правакацыі, сутыкаў людзей ілбамі і выкарыстоўваў гвалт як інструмэнт адцягненьня ўвагі ад уласных злачынстваў.
ЗАМЕСТ ВЫСНОВЫ
Калі глядзець на гэтыя падзеі здалёк, вельмі лёгка паверыць у простую гісторыю пра “злую ўладу” і “мірных ахвяраў”, лёгка правесьці параллелі зь Беларусьсю ў 2020 годзе. Але рэальнасьць, як звычайна, значна больш складаная. І калі вас сапраўды цікавіць праўда, а не чарговая эмацыйная бурбалка, то давядзецца адрозьніваць закон ад лозунгаў, працэдуру ад гістэрыкі і факты ад наўмысных маніпуляцыяў. Менавіта ў гэтым месцы цяпер і праходзіць сапраўдная лінія канфлікту.