Падзеі вакол Венесуэлы яшчэ раз паказваюць простую рэч: колькі вяровачцы ня віцца, а канец будзе. Паўднёвая акруга Нью-Ёрку (Southern District of New York, SDNY) — гэта цалкам адэкватны і правераны судовы форум для разгляду справаў міжнародных злачынцаў. Менавіта туды цяпер дастаўляюць у суд Нікаласа Мадуру і ягоную жонку — не “за палітычныя погляды”, а за канкрэтныя транснацыянальныя злачынствы.
Гэта, дарэчы, зусім не ўнікальны выпадак. У ЗША ўжо сядзеў былы прэзыдэнт Панамы Мануэль Нар’ега — вайсковы дыктатар і наркагандляр, які гадамі працаваў з картэлямі і карыстаўся бяскарнасьцю. Зрынуты ў выніку змовы вайскоўцаў пры ўдзеле амэрыканскіх збройных сілаў. Вывезены ў ЗША. У 1992 годзе фэдэральны суд прысудзіў яму 40 гадоў зьняволеньня (пазьней тэрмін скарацілі). Нар’ега адседзеў у турме ЗША каля 17 гадоў, пасьля чаго быў экстрадаваны ў Францыю, дзе яму яшчэ дадалі тэрмін, а затым — у Панаму. Апошнія гады жыцьця ён правёў ужо там, памёр у 2017 годзе пасьля апэрацыі на мозгу.
Панама пасьля яго зрынаньня не правалілася ў хаос, як палохалі апалягеты “стабільнасьці”. Наадварот — краіна паступова стала адной з найбольш эканамічна пасьпяховых у рэгіёне.
У гэтым кантэксьце варта трымаць у галаве яшчэ адну важную рэч: у Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку хутка зьявіцца і беларуская справа. Яна ўжо на апошніх этапах падрыхтоўкі.
СЁНЬНЯ КАРАКАС — ЗАЎТРА МЕНСК.
Ну і напрыканцы. Венесуэла — вельмі прыгожая краіна. Раней туды мне было небясьпечна езьдзіць. А цяпер я ўжо цалкам сур’ёзна разглядаю магчымасьць водпуску там.
