РЭФЛЕКСІІ І РЭАКЦЫІ НА МАЁ ВІДЭА ЗЬ ЛЮДАЖОРАМ

By Юрась ЗянковічComments Off on РЭФЛЕКСІІ І РЭАКЦЫІ НА МАЁ ВІДЭА ЗЬ ЛЮДАЖОРАМ
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


За апошнія два дні я ўважліва паглядзеў, як “адгукнулася” ў сэрцах і розумах людзей мая дыскусія з Юрыем Церахам.

Карціна атрымалася паказальная.

“Наша Ніва” напісала вялікі матэрыял — з кантэкстам, цытатамі, ацэнкамі. Спасылку на самі дэбаты ў тэксьце даць пабаяліся, але анонс у сацсетках ёсьць: хто хоча, той знойдзе. Маё прозьвішча напісалі правільна, і маю (сама)ацэнку агучылі — ужо нядрэнна. Гэта выглядае як рэдакцыйная асьцярожнасьць: гаварыць пра дыялёг — можна, паказаць сам дыялёг — страшна. Фіксую без крыўдаў.

Лукашысцкія “Жёлтые сливы” — наадварот. Без сарамлівасьці, але з абразамі і пагрозамі; затое са спасылкай на відэа — нават двойчы (тут і тут). Для іх усё проста: калі чалавек гаворыць — значыць “прызнаецца”, калі думае — значыць “тэрарыст”. Дарэчы, іх тэксты выдатна паказваюць, што хаваецца пад ветлівым церахаўскім “усё па законе”.

Каментары пад артыкулам НН і пад самім відэа я ўважліва пачытаў — стомленасьць, цынізм, траўмы 2020–2021. Шмат злосці, мала веры, затое шмат унутранай рэфлексіі ў апазіцыйных гледачоў. У лукашыстаў іншая гісторыя: голы заканізм, артыкулы КК, “усё было законна”, “вас пяць гадоў няма — і нічога”. Гэта ўжо не пра спрэчку, гэта пра страх словаў і звычку да гвалту як нормы.

І вось на гэтым фоне — відэакамэнтар Владимира Мацкевіча.

Філёзаф і мэтадоляг назваў гэты фармат патрэбным і актуальным, і — што для мяне ключавое — ахарактарызаваў яго як форму народнай дыпляматыі. Гэта не пра згоду і не пра легітымацыю; гэта пра публічнае прамаўленьне пазіцыяў, каб людзі ў Беларусі маглі пачуць абодва бакі і падумаць без пасярэднікаў і страшылак.

Асобна адзначу яго простую, але важную думку: калі “страшнага тэрарыста” можна спакойна паслухаць і пабачыць, што ён страшны толькі ў прапагандысцкіх аповедах, значыць праблема не ў словах. Праблема ў тых, хто словаў баіцца.

Я і не чакаў ад гэтай размовы адзінай ацэнкі ці ўсеагульнага захапленьня. Мэта была іншай: паказаць, як выглядае рэальны “круглы стол” з рэжымам без ілюзіяў, без фільтраў і без пафасу.

Калі вам здаецца, што ён мусіў бы выглядаць інакш — у мяне, як і раней, няма для вас іншага рэжыму. Гэта і ёсьць іхняя нармальнасьць і рэальнасьць, зь якой нам прыходзіцца мець справу.

Дэбаты, калі хто яшчэ не паглядзеў, тут:

Відэакамэнтар Уладзімера Мацкевіча — тут:

Глядзіце першакрыніцы і складайце сваё ўражаньне, каб не абапірацца на чужое.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Відэа, Сучаснасьць Беларусі, Цікава
Blue Taste Theme created by Jabox