КАЛІ САНКЦЫІ Б’ЮЦЬ ПА АХВЯРАХ, А НЕ ПА РЭЖЫМУ

By Юрась ЗянковічComments Off on КАЛІ САНКЦЫІ Б’ЮЦЬ ПА АХВЯРАХ, А НЕ ПА РЭЖЫМУ
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Сёньня я падаў іск у фэдэральны суд ЗША супраць фінансавай кампаніі Wise.

Прычына простая і, на жаль, знаёмая многім беларусам: мне заблякавалі банкаўскі рахунак пасьля таго, як я спрабаваў перавесьці грошы ў Асацыяцыю палітвязьняў Беларусі.

Летась я адкрыў рахунак у Wise. Спачатку — каб атрымаць гуманітарную дапамогу як былы палітвязень. Пазьней — каб самому дапамагаць тым, каго вызвалілі пасьля мяне.

Wise smashes Belarusian political prisoners

Адзін з плацяжоў быў звычайнай сяброўскай складкай у Асацыяцыю палітвязьняў Беларусі, якая зарэгістраваная ў Летуве, дзейнічае цалкам законна і мае статус дабрачыннай і вызваленай ад падаткаў арганізацыі. Але Wise назваў гэты перавод “падазроным” і запатрабаваў тлумачэньняў.

Я прадаставіў усё: рэгістрацыю, падатковы нумар, кантакты кіраўніцтва.

Адказ быў маўклівы, але зразумелы: ім не спадабалася слова «Belarus» у назве арганізацыі і беларускія імёны ў яе кіраўніцтве. Факт, што я, як і іншыя сябры Асацыяцыі — ахвяры рэпрэсіяў, а ня іх частка, не зрабіў уражаньне на гэтую кампанію.

Пасьля чарговай спробы пераслаць грошы ў АПБ, а таксама атрымаць яшчэ адзін перавод грошаў ад Беларускага Дому ў Варшаве, Wise канчаткова заблякаваў мой рахунак і даслаў туманнае паведамленьне з намёкамі на тое, што я магчыма абыходжу санкцыі, гандлюю зброяй ці нават арганізоўваю прастытуцыю. Гэта — абсалютная хлусьня. Проста нехта вырашыў перастрахавацца.

І гэта, як ведае шмат хто зь беларускіх палітуцекачоў, не адзінкавы выпадак.

З восені мінулага году беларускія бежанцы і былыя палітвязьні ўсё часьцей сутыкаюцца з тым, што ў Эўропе і ЗША ім адмаўляюць у банкаўскіх рахунках, як толькі бачаць слова «Belarus» у дакумэнтах. Мне самому раней адмовілі ў рахунку ў адным з польскіх банкаў, пабачыўшы ў мяне ў амэрыканскім пашпарце месца нараджэньня Беларусь. Прычым банкіры ў аддзяленьні ўсё цудоўна разумелі, хавалі вочы, але не маглі пайсьці супраць рашэньня compliance department’у.

А між тым фінансавыя, банкаўскія і іншыя санкцыі ўводзіліся, каб караць рэжым, а не дабіваць яго ахвяраў. Калі ж банкаўская сыстэма пачынае карыстацца санкцыямі як апраўданьнем для калектыўнай падазронасьці — гэта ўжо дыскрымінацыя, а не камплаенс.

Менавіта таму я іду ў суд. Я падаў іск супраць амэрыканскага філіяла Wise, але пад пытаньнем у гэтым працэсе — практыка ўсёй кампаніі.

Мэта майго іска — не столькі вярнуць сабе доступ да рахунку, колькі дамагчыся прававога прэцэдэнту, які скажа ясна: банкі ня маюць права дыскрымінаваць беларускіх палітвязьняў і палітычных бежанцаў пад выглядам выкананьня санкцыяў супраць лукашыстаў.

Калі мы гэтага не спынім цяпер, заўтра слова «Belarus» у дакумэнтах стане фінансавым прысудам для тысяч людзей, якія і без таго заплацілі занадта высокую цану.

Я не зьбіраюся згаджацца ні на якія закулісныя і таемныя зьдзелкі. Усе дэталі справы будуць публікавацца на адмыслова створаным вэб-сайце пад назвай Banking Blocked: When Access to Financial Services Is Denied. У бліжэйшыя дні зьявіцца ягонае беларускамоўнае люстэрка.

Я заклікаю ўважліва сачыць за гэтым працэсам. Гэтая справа датычыць кожнага з нас: калі мы не абараняем свае правы самі, за нас гэтага ня зробіць ніхто.

НЕ ЧАПАЙЦЕ БЕЛАРУСАЎ — МЫ МОЖАМ ДАЦЬ ЗДАЧЫ!




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Маразм, Пра асабістае і бягучае..., Сучаснасьць Амэрыкі, Сучаснасьць Беларусі, Цікава, Юрыдычныя замарочкі
Blue Taste Theme created by Jabox