Апошнія гады я вяду па сутнасьці вайну ў федэральных судах ЗША за аднаўленьне сваёй адвакацкай ліцэнзіі, якая пачалася са, здавалася б, простага пытаньня: ці можа штат караць адваката за фэдэральную практыку, а федэральныя ворганы — аўтаматычна гэта прымаць без уласнай праверкі?
Гэтае пытаньне крыху не ўвачавіднае для беларускіх чытачоў, але закон ЗША кажа выразна: так рабіць нельга. Але штатам, як любым бюракратычным інстытутам, хочацца больш улады, і таму яны часам спрабуюць рабіць тое, што ім забаронена.
Менавіта гэтае жаданьне атрымаць больш улады адміністратыўнымі ворганамі, што назіраюць за адвакатурай у Каларада, прывяло да таго, што я страціў права працаваць у федэральных ворганах — ня толькі ў імміграцыйных судах, але і ў федэральным акружным судзе ў Каларада.

Што адбылося ў Каларада
Я ніколі не быў ліцэнзаваны ў штаце Каларада. Але, калі я жыў у гэтым штаце ў 2015-2018 гадах, я працаваў там імміграцыйным адвакатам, а таксама адвакатам у мясцовым федэральным судзе. Гэта не патрабуе мясцовай ліцэнзіі і зьяўляецца цалкам законнай практыкай. Больш таго, паколькі я не ліцэнзаваны ў Каларада, то я не адношуся да мясцовай адвакатуры, і ворганы, якія назіраюць за ёй з боку штата, ня маюць нада мной улады. Я падпарадкоўваюся толькі штату сваёй ліцэнзіі (Ню-Ёрк), а таксама наглядным ворганам тых судоў, дзе я працую.
Тым ня менш, каларадзкія дысцыплінарныя ворганы заявілі юрысдыкцыю над маёй федэральнай практыкай, ушчалі дысцыплінарную справу, вынесьлі санкцыю (прыпыненьне ліцэнзіі ў Каларада, якой у мяне ніколі не было), і разаслалі яе ва ўсе магчымыя федэральныя ворганы ЗША. Яны ведалі, што калі федэральныя ворганы не пазбавяць мяне права практыкі, іхняе пакараньне — гэта пустышка. Бо як можна мне забараніць працаваць у судах штата, калі я і так ня маю права там працаваць?!
Некаторыя федэральныя ворганы (напрыклад, імміграцыйны суд, а таксама федэральны суд у Каларада) увялі сваю санкцыю аўтаматычна, не разглядаючы лагічнасьць і законнасьць дзеяньняў Каларада. Большасьць адміністратыўных ворганаў рашэньне Каларада проста праігнаравала. Дзякуючы гэтаму я, напрыклад, магу займацца падатковымі кансультацыямі.
Спроба аднавіць практыку ў федэральным судзе
У 2018 годзе я падаў заяву ў федэральны суд Каларада з просьбай разгледзець справу па сутнасьці і аднавіць мяне ў праве практыкі ў гэтым судзе, бо штат Каларада не павінен і ня можа дыктаваць свае ўмовы федэральным судам.
З таго часу і да сёньняшняга дня федэральным суд ня можа прыняць ніякага законнага рашэньня, хаця прайшло ўжо амаль 8 (!) год.
У 2021 годзе, калі я быў незаконна выкрадзены беларускім КГБ у Маскве, і таму ня меў доступу да сувязі, федэральны суд адмовіў у маёй заяве, спасылаючыся на тое, што я «не адказаў» на іх запыт пра дадатковую інфармацыю (да таго суд маўчаў 3 гады, ня робячы нічога).
Пра гэтае рашэньне я даведаўся значна пазьней — калі вярнуўся ўлетку мінулага году ў ЗША.
Што адбылося цяпер
Я падаў фармальнае хадайніцтва ў суд з просьбай аднавіць разгляд справы і выправіць працэсуальныя парушэньні (у ЗША суд ня можа прымаць рашэньні, калі зацікаўлены бок не атрымаў працэсуальныя дакуманты або па аб’ектыўных абставінах ня мог на іх адказаць).
Днямі Камітэт па наглядзе (ворган суда, які назірае, каб адвакаты, якія там працуюць, паводзілі сябе этычна), куды я зьвяртаўся, афіцыйна паведаміў, што ён ня мае паўнамоцтваў нешта вырашаць, бо вырашыць можа толькі дысцыплінарная калегія суддзяў, якая гадамі маю справу не разглядае.
Сёньня я падаў у суд два кароткія дакумэнты, каб проста зафіксаваць гэты факт: цяпер ніхто нічога ня можа вырашыць, бо ўсе перакладаюць адказнасьць адзін на аднаго і ня хочуць прымаць непапулярнае рашэньне. Бо любое рашэньне аб аднаўленьні фактычна паставіць пытаньне пра законнасьць дзеяньняў Каларада (а інакш і быць ня можа), і ўся канструкцыя “мы цябе забанілі, бо цябе забанілі там, а там цябе забанілі, бо забанілі мы”, пасыпецца. Будуць шматлікія пытаньні да чыноўнікаў: куды вы глядзелі, і хто вінаваты ў тым, што чалавек 8 год (!!!) ня можа працаваць?
Чаму гэта вельмі нагадвае Беларусь
Гэта сытуацыя, якую мы добра ведаем: рука руку мые, ніхто ня хоча браць адказнасьць, усе баяцца прыняць законнае, але «небясьпечнае» рашэньне.
Не таму, што закону няма. А таму, што страшна.
Але ёсьць важная розьніца
У ЗША, у адрозьненьні ад Беларусі, да праўды можна дайсьці. Павольна, праз доўгую і часам складаную працэдуру, праз фіксацыю фактаў, калі трэба, то праз суд.
Менавіта гэта я і раблю.
Я буду далей публікаваць дакумэнты і тлумачэньні на сайце
👉 https://supremacycase.com
Калі вам важна, каб закон працаваў не выбарачна — сачыце за гэтай справай.