
Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі часта апісваюць як норму пра “парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня”. Гэта фармальна правільна, але не адлюстроўвае сутнасьці зьявы. На практыцы гэты інструмэнт сьпецыяльна створаны, каб дазваліць дзяржаве ператвараць ужо вынесены прысуд у бясконцы неабмежаваны часам працэс вечнага пакараньня.
У прававых сыстэмах дзейнічае базавы прынцып: пакараньне вызначаецца судом і мае канчатковы тэрмін. У Беларусі гэты прынцып разбураны. Артыкул 411 фактычна ўводзіць іншую лёгіку: тэрмін не зьяўляецца канчатковым, ён можа працягвацца столькі, колькі сыстэма палічыць патрэбным.
Гэта ня тэорыя. Гэта практыка, якая дакумэнтальна фіксуецца ня толькі ў маёй асабістай справе, але і ў сотнях (а можа ўжо і ў тысячах) іншых справаў.
Мая крымінальная справа па артыкуле 411 была пабудавана на “парушэньнях”, якія адбываліся ўжо ў турме ў час, калі я трымаў працяглую, 57-суткавую галадоўку пратэсту. Турэмная адміністрацыя нічога не магла з гэтым зрабіць, і таму кожны дзень выдумляліся 2-3 “нарухі”. Гаворка ішла пра рэчы кшталту не прыбранай (на думку кантралёра) камэры або невыкананьня абавязкаў дзяжурнага, які праяўляўся ў адмове прыняць праз “кармушку” ежу, ад якой я адмаўляўся з прычыны галадоўкі. Менавіта такія эпізоды — спрэчныя, дробныя і адміністратыўныя па сваёй сутнасьці — паслужылі падставай для новага крымінальнага абвінавачаньня.
Працэс выглядае наступным чынам. Спачатку чалавека пераводзяць на турэмны рэжым. У маім выпадку — гэта адбылося пасьля папярэдніх прысудаў і прывяло да этапаваньня ў Турму №4 у Магілёве. Потым у гэтай установе на працягу месяцаў фіксуюцца “парушэньні рэжыму”. І ўжо на гэтай аснове сьледзтва фармуе новую крымінальную справу, якая перадаецца ў суд.
Суд, у сваю чаргу, разглядае такую справу не як нешта прынцыпова новае, а як працяг ужо існуючага пакараньня. Пасяджэньне “суда” прызначаецца і праводзіцца ў самой турме. У маім выпадку — у памяшканьні для збору афіцэрскага складу Турмы №4 у Магілёве. Гэта не проста дэталь. Гэта паказвае, што судовы працэс уключаецца ў тую ж самую сыстэму, у якой адбываюцца і “парушэньні”, і іх фіксацыя.
У выніку ў прысудзе зьявілася формула: “прызнаны злосным парушальнікам, сістэматычна парушаў устаноўлены парадак адбыцьця пакараньня”. Гэта стандартная канструкцыя, якая выкарыстоўваецца як юрыдычная падстава для новага тэрміну. Яна не патрабуе даказваньня шкоды або новага злачынства ў звычайным разуменьні — дастаткова зафіксаванай серыі ўнутраных “парушэньняў”.
Такім чынам, артыкул 411 працуе як мэханізм пераўтварэньня выдуманых дысцыплінарных эпізодаў у крымінальнае пакараньне. Далей чалавека этапуюць на “строгую зону” (дзе сядзяць ужо прафесійныя крымінальнікі), бо ён цяпер лічыцца рэцыдывістам і закаранелым злачынцам, і працэс пачынаецца наноў.
Адміністрацыя “строгай зоны” адразу зьмяшчае новапрыбылых “па раскрутцы” ў ШЫЗА. Паколькі сам прысуд не зьяўляецца нагодай прызнаць вязьня “злосным парушальнікам”, і тым больш не дае падставы трымаць яго ў ШЫЗА, прычыну трэба прыдумаць. У магілёўскай Турме №4 тыповым “парушэньнем” была няякасная прыборка камеры (а сьвіня кантралёр, як вядома, бруд заўсёды знойдзе). А ў Мазырскай калёніі №20 сьпецыяльнасьцю было “не павітаўся з афіцэрам”. Абвергнуць такое практычна немагчыма, асабліва вязьню, які і так пазбаўлены права на юрыдычную дапамогу.
Тэрміны стандартныя: чалавек, які першы раз атрымаў 411 артыкул, адпраўляецца ў ШЫЗА на 30 сутак (безумоўна закон не дазваляе больш 15 сутак, але ў чым праблема сфабрыкаваць новую “наруху”?); другі раз – 60 сутак; трэці раз – 90 сутак. Каб чытач разумеў: зьмяняюцца поры году, а ты нават неба ня бачыш, бо сядзіш 24 гадзіны на суткі ў чатырох сьцянах!
У маім выпадку я адбыў 60 сутак – хаця 411-ы ў мяне быў першы – у рэжыме камеры-адзіночкі і інкамунікада. Мне рыхтавалі наступны этап — 180 сутак памяшканьня камернага тыпу — што дазволіла б паўтарыць працэдуру зноў. Гэты сцэнар быў перарваны толькі зьнешнім фактарам — маім вывазам на сустрэчу з дыпляматамі ЗША і далейшым вызваленьнем з удзелам прадстаўніка прэзыдэнта Трампа Джона Коўла.
У маім выпадку здарылася выключэньне, а не правіла.
Калі ты знаходзішся ў такой сыстэме, зьяўляецца іншае разуменьне часу і права. Ты больш не ўспрымаеш свой тэрмін як нешта канчатковае. Любы момант можа стаць пачаткам новай справы. Любое тваё дзеяньне можа быць перакручанае як “наруха”.
У нейкі момант ты пачынаеш думаць не пра дату вызваленьня, а пра тое, ці існуе тое вызваленьне ўвогуле.
Гэта праяўляецца ў канкрэтных рэчах. Напрыклад, нават базавыя правы, такія як магчымасьць патэлефанаваць сям’і, могуць не рэалізоўвацца. Не таму, што іх няма ў правілах, а таму, што яны не прымяняюцца да цябе. На практыцы гэта выглядае проста: на просьбу пра званок ты атрымліваеш адказ, што нічога зрабіць нельга, бо “ёсьць загады”, і ўвогуле “вы дарослы чалавек, вы ўсё разумееце сам”.
Гэта важны момант. Закон фармальна існуе, але ён не гарантуе нічога. Рашэньні прымаюцца не праз права, а праз адміністратыўную волю.
У такіх умовах зьнікае сама ідэя прадказальнасьці пакараньня. І гэта, напэўна, галоўнае, што робіць артыкул 411. Ён не проста павялічвае тэрмін. Ён зьнішчае ўпэўненасьць у тым, што тэрмін увогуле мае межы.
Менавіта таму артыкул 411 нельга разглядаць ізалявана. Гэта не асобная “дрэнная норма”. Гэта частка больш шырокай сыстэмы, у якой людзі выкарыстоўваюцца як інструмэнт ціску.
У гэтай сыстэме важны не сам факт пакараньня, а магчымасьць пастаянна яго працягваць і пераглядаць. Такім чынам ствараецца ціск ня толькі на самога чалавека, але і на яго асяродзьдзе — сям’ю, калегаў, усіх, хто застаецца па-за турмой.
Падобныя мэханізмы закранаюць розныя групы. Палітычныя зьняволеныя — найбольш відавочная частка, але не адзіная. У сучаснай Беларусі пад ціск трапляюць і прадстаўнікі бізнэсу, і іх супрацоўнікі, і іх сваякі. Формы могуць быць розныя, але лёгіка адна: чалавек становіцца сродкам дасягненьня іншых мэтаў.
Таму пытаньне артыкула 411 — гэта не толькі пытаньне яго скасаваньня. Пакуль захоўваецца сама сыстэма, такія інструмэнты будуць узьнікаць у іншых формах. Ёсьць яшчэ, напрыклад, артыкул 421 — па ім можна вярнуць у турму таго, хто ўжо вызваліўся, і паўтараць гэта таксама бясконцую колькасьць разоў.
Што можа супрацьстаяць гэтаму? Практыка паказвае, што ўнутраных мэханізмаў для абмежаваньня такіх дзеяньняў практычна няма. Таму ключавымі застаюцца іншыя фактары: міжнародная ўвага, публічнасьць канкрэтных выпадкаў, юрыдычная фіксацыя парушэньняў і салідарнасьць паміж тымі, хто праз гэта прайшоў.
Артыкул 411 — гэта толькі адзін з прыкладаў. Але ён вельмі выразна паказвае, як працуе сыстэма: не праз выключэньні, а праз правілы, якія дазваляюць бясконца працягваць пакараньне. І пакуль гэтая лёгіка захоўваецца, любыя зьмены будуць насіць часовую і ўмоўную характар.