Міжнародная місія назіраньня за выбарамі ў Каардынацыйную Раду Беларусі на чале з дэпутатам Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрыкам Пэці апублікавала фінальную справаздачу пра выбары 2026 году.
Галоўная выснова місіі выразная: выбары былі арганізаваныя ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі ва ўмовах, якія не маюць аналягаў. Нягледзячы на кібэратакі, пагрозы з боку беларускага рэжыму і вельмі складаную сытуацыю для беларусаў унутры краіны, выбарчы працэс адбыўся і захаваў сваю легітымнасьць.
Назіральнікі адзначылі прафэсійную і незалежную працу Выбарчай камісіі, празрыстасьць працэдур і захаваньне тайны галасаваньня. Асобна падкрэсьліваецца, што другая выбарчая кампанія стала больш арганізаванай і інстытуцыйна сталай, чым выбары 2024 году.
Разам з тым у справаздачы адзначаецца і галоўны выклік для беларускіх дэмакратычных сілаў. Гаворка ідзе не пра якасьць выбарчай працэдуры, а пра нізкую яўку выбарцаў. На думку аўтараў дакладу, у будучыні галоўнай задачай павінна стаць павелічэньне ўдзелу беларусаў у выбарах і ўмацаваньне аўтарытэту Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага органа.
Для фракцыі «Беларусы дзеяньня» справаздача таксама мае важнае значэньне. Міжнародныя назіральнікі адзначылі наш выбарчы сьпіс як новую палітычную сілу, якая атрымала чатыры мандаты ў Каардынацыйнай Радзе. Асноўнымі тэмамі нашай кампаніі названыя падтрымка палітычных зьняволеных, салідарнасьць і абарона ахвяраў рэпрэсіяў.
Публікацыя гэтай справаздачы зьяўляецца яшчэ адным міжнародным пацьверджаньнем таго, што Каардынацыйная Рада сфармаваная ў выніку свабодных і канкурэнтных выбараў. Адначасова яна нагадвае ўсім дэмакратычным сілам пра неабходнасьць павышаць давер грамадзтва і пашыраць удзел беларусаў у агульнай палітычнай працы.


