Гісторыя вакол ZROBIM architects выглядае як яшчэ адзін эпізод таго, пра што беларускія прадпрымальнікі часта маўчаць услых: у Беларусі чалавека можна ня толькі арыштаваць. Яго можна паставіць у становішча, калі свабода пачынае каштаваць долі ў бізнэсе і ўсяго, што ён будаваў.
Паводле апублікаваных зьвестак, сузаснавальнік ZROBIM architects Аляксей Караблёў, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе. Другі сузаснавальнік бюро, Андрэй Макоўскі, вядомы таксама як Андрусь Bezdar, нядаўна выйшаў з СІЗА.
Сам па сабе продаж долі нічога не даказвае: партнэры разыходзяцца, актывы пераразьмяркоўваюцца, людзі мяняюць пляны. Але ў сёньняшняй Беларусі такія падзеі нельга разглядаць у вакуўме.
Перасьлед кіраўніцтва і супрацоўнікаў ZROBIM architects пачаўся ў красавіку 2026 году. Паводле мэдыя, тады сілавікі затрымалі каля 50 чалавек, а бюро абвінавацілі ў атрыманьні «няўлічанага прыбытку» на 6 мільёнаў даляраў і выплаце заробкаў у канвэртах.
Пасьля гэтага ў сацсетках Макоўскага зьявіліся аб’явы пра продаж дарагой маёмасьці: недабудаванай вілы на Пхукеце і надзелу каля Вілейкі. 5 жніўня стала вядома, што ён выйшаў з СІЗА. Цяпер паведамляецца, што Караблёў прадае сваю долю ў ZROBIM architects.
Фармальна мы ня можам сьцьвярджаць, што паміж усімі гэтымі падзеямі існуе даказаная дамова: маёмасьць у абмен на свабоду. Але палітычна і практычна карціна занадта знаёмая, каб рабіць выгляд, што нічога асаблівага не адбываецца.
Гэта вельмі падобна да схемы, у якой дзяржава дзейнічае не як праваахоўны орган, а як рэкетыр з пячаткай. Спачатку — крымінальная пагроза, затрыманьні і ціск. Потым — пытаньне грошай, актываў, «кампэнсацыі шкоды», продажу маёмасьці. І толькі пасьля гэтага чалавек раптам атрымлівае шанец выйсьці на волю.
Я кажу гэта ня тэарэтычна. У турме я на ўласныя вочы бачыў, як людзей вымушалі выкупаць сваю свабоду, свабоду сваіх блізкіх і супрацоўнікаў за мільёны і нават дзясяткі мільёнаў даляраў. Гэта не палітычная мэтафара. Гэта рэальны мэханізм, у якім чалавек спачатку становіцца закладнікам, а потым ягоная свабода ператвараецца ў прадмет фінансавага гандлю.
Беларускі бізнэс нельга аўтаматычна запісваць у ворагі. Так, ёсьць людзі, якія абслугоўвалі рэжым і зараблялі на набліжанасьці да ўлады. Але вялікая частка прыватнага бізнэсу працавала, плаціла заробкі, стварала прадукты і працоўныя месцы. А потым апынулася перад сыстэмай, якая можа абвясьціць іх злачынцамі, забраць людзей, заблякаваць рахункі і прымусіць «дамаўляцца».
Калі ўсіх, хто застаўся працаваць у Беларусі, назваць саўдзельнікамі, гэта будзе падарунак Лукашэнку. Ён якраз і хоча, каб паміж палітычнай эміграцыяй, грамадзянскай супольнасьцю і беларускім прыватным сэктарам стаяла сьцяна недаверу.
Рэжым шантажуе бізнэс, бо бачыць у ім рэсурс: грошы, маёмасьць, прафэсійныя каманды і здольнасьць арганізоўваць жыцьцё без дзяржаўнай апекі. Для любой дыктатуры гэта небясьпечна.
Гісторыя ZROBIM architects паказвае шырэйшы мэханізм: у Беларусі ўласнасьць абароненая толькі да таго моманту, пакуль дзяржава ня вырашыла, што ёй нешта патрэбна. А калі дзяржаве патрэбныя твае грошы або твая ляяльнасьць, яна можа прыйсьці праз крымінальную справу.
Пытаньне тут ня толькі ў тым, хто што прадае. Пытаньне ў тым, ці можа чалавек у Беларусі валодаць бізнэсам без рызыкі стаць закладнікам. Калі ў чалавека забіраюць свабоду, а потым вакол яго пачынаюць прадавацца актывы, гэта ня выглядае як правасудзьдзе. Гэта выглядае як выкуп. І пра гэта трэба гаварыць адкрыта.
Сьпецыяльна для “Варта. Галоўнае па-беларуску”

