Archive

For the Цікава category

ПЕСЬНЯ “БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ”

Comments Off on ПЕСЬНЯ “БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ”

Зрабілі першы перадвыбарчы мульцік пад назвай “ЛУ-КА-ШЭН-КА!”.

Глядзіце і галасуйце за сьпіс нумар 8Блок беларускіх палітычных вязьняў “Беларусы Дзеяньня”.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ПА ВЫНІКАХ ГУЛЬНІ Ў МАЦКЕВІЧА…

Comments Off on ПА ВЫНІКАХ ГУЛЬНІ Ў МАЦКЕВІЧА…

Вельмі цікава чытаць пра вынікі гульні. Хаця ва ўсіх удзельнікаў была магчымасьць выказацца пад час рэфлексіі ў апошні дзень (скончылі слухаць адзін аднога амаль апоўначы), рэфлексія працягваецца па-за гульнёй.

Пра вынікі гульні скажу так. Журналісты пытаюцца ў адных і тых самых людзей, і таму робіцца выснова, што “нічога не было”.

У мяне іншае адчуваньне. Ці зьявілася стратэгія? Так! Ці яна агульная? Хутчэй за ўсё, так. Ці ўсе яе прынялі? Не, і гэта нармальна.

Але галоўнае нават не ў гэтым.

Гульня дала тое, чаго ў беларускай палітыцы даўно не хапала: пераход ад размоваў пра каштоўнасьці да размоваў пра дзеяньні і адказнасьць. Частка гэтых дамоўленасьцяў непублічная — і гэта таксама нармальна. Сур’ёзная палітыка ня робіцца ў прамым эфіры. Таму вынікі, хутчэй за ўсё, будуць выглядаць не як адзін гучны дакумэнт, а як шэраг канкрэтных крокаў, якія спачатку будуць здавацца не зьвязанымі паміж сабой.

Але гэта толькі на першы погляд. Магчыма, празь некаторы час хтосьці напіша ў мэмуарах: “Вось пра гэта мы і дамаўляліся тады, на гульні ў Мацкевіча ў Татрах”.

А Ўладзіміру Мацкевічу, усім арганізатарам і (абавязкова!) фундатарам вялікі дзякуй — вы зрабілі вельмі важную і, хутчэй за ўсё, гістарычную падзею, якая ўжо зараз пачынае ўплываць на лёсы Беларусі.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ДЭБАТЫ НА ЭЎРАРАДЫЁ: ПРА ШТО БЫЛА РАЗМОВА

Comments Off on ДЭБАТЫ НА ЭЎРАРАДЫЁ: ПРА ШТО БЫЛА РАЗМОВА

Учора прайшлі дэбаты на Еўрарадыё паміж мной і прадстаўніком спісу «Закон і правапарадак» Станіславам Лупаносавым. Відэа — ніжэй. Але перад тым як вы яго паглядзіце, хачу коратка растлумачыць, пра што там была размова на самой справе.

Бо гэта былі не проста «выбарчыя дэбаты».

Пра галоўнае

Я спрабаваў данесьці вельмі простую думку: у Беларусі няма праблемы з адсутнасьцю закону і парадку. Праблема ў тым, што гэты “парадак” пабудаваны на страху і закладніцтве.

Людзей садзяць. Іх выкарыстоўваюць як закладнікаў. Іх сем’і і бізнэс шантажуюць. І пакуль гэты мэханізм працуе — нічога не зьменіцца.

Чым мы адрозьніваемся

На гэтых выбарах шмат хто кажа “за ўсё добрае”. Я прапаную трохі іншы падыход: менш словаў — больш мэханізмаў.

Канкрэтна:

  • грамадзянска-прававы ціск — праз суды і юрысдыкцыі ў розных краінах
  • крымінальная адказнасьць — там, дзе яна можа наступіць
  • міжнародны ціск — як пытаньне бясьпекі ўсяго рэгіёну, а не толькі “каштоўнасьцяў”

Гэта не тэорыя. Я ўжо рыхтую пазовы супраць людзей, якія ўдзельнічалі ў маёй справе.

Пра сыстэму і людзей

У дэбатах была важная тэма: людзі з сыстэмы. І тут мая пазыцыя вельмі простая: сёньня пытаньне ўжо не ў тым, хто дзе працаваў. Пытаньне ў тым — хто што зразумеў і што прапануе рабіць далей.

Бо Беларусь цяпер — гэта краіна, дзе частка людзей у турмах, частка — у эміграцыі, а частка — вымушана жыць і працаваць пад ціскам. У тым ліку бізнэс.

І замест таго, каб дзяліць усіх на “правільных” і “няправільных”, мае сэнс шукаць, як аб’ядноўваць усіх, хто пацярпеў ад гэтай сыстэмы.

Пра Украіну і бясьпеку

Я таксама сказаў важную рэч, якую часта недаацэньваюць: Беларусь — гэта элемент бясьпекі ўсёй Усходняй Еўропы. Пакуль Беларусь застаецца пад кантролем Расеі — будзе пагроза Польшчы, Балтыі, Украіне і далей.

Таму падтрымка беларускай дэмакратыі — гэта не пра “салідарнасьць”. Гэта пра бясьпеку саміх еўрапейцаў і амерыканцаў.

Пра “фішку” нашага спісу

Мне задалі простае пытаньне: у чым нашае адрозьненьне? Адказ яшчэ прасьцей: мы — людзі, якія ведаюць цану супраціву. Мы прайшлі праз турмы. Мы не гаворым пра гэта ў тэорыі.

І таму мы прызвычаіліся несці адказнасьць за свае словы.

Пра тое, што сапраўды важна

Мне таксама задалі пытаньне пра гендэр, меншасьці і г.д. Я адказаў шчыра: гэта можа быць важна — але сёньня ў беларусаў ёсьць больш базавая праблема. Людзі ў турмах. Людзі-закладнікі. І пакуль мы не вырашым гэта — ўсё астатняе другаснае.

Паглядзіце самі

Я сьвядома не хачу пераказваць увесь эфір. Паглядзіце самі — там шмат момантаў, якія лепш бачыць у жывой размове:

  • як людзі адказваюць на складаныя пытаньні
  • як трымаюць (або не трымаюць) удар
  • і хто прапануе нешта канкрэтнае, а хто — агульныя словы

Відэа — ніжэй. Калі пасьля прагляду палічыце гэта вартым — буду ўдзячны за падтрымку.

Сьпіс №8 — «Беларусы дзеяньня».




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


АДКРЫТЫ ЗВАРОТ “БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ” ДА І.ЦЕРЦЕЛЯ

Comments Off on АДКРЫТЫ ЗВАРОТ “БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ” ДА І.ЦЕРЦЕЛЯ

Так званаму старшыні КГБ генералу Івану Церцелю

Паважаны спадар генерал! (калі дазволіце выкарыстаць гэты зварот у яго фармальным, а не фактычным значэньні)

Блок беларускіх палітычных зьняволеных “Беларусы дзеяньня” выказвае Вам глыбокую ўдзячнасьць, якая пераходзіць у бурныя апладысменты, за ўключэньне нас усіх паіменна ў пералік так званых “экстрэмісцкіх фармаваньняў”. Для многіх з нас гэта далёка ня першая “вышэйшая ўзнагарода” з Вашага боку — і, як і раней, яна будзе ацэненая належным чынам.

Мы разумеем, што ў сытуацыі, калі ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду разглядаецца як пагроза Вашай і Вашага Хазяіна “дзяржаўнай бясьпецы”, азначае, што ўзровень гэтай бясьпекі дасягнуў таго стану, калі яе неабходна абараняць ад самога факту існаваньня грамадзянскай актыўнасьці — нават па-за межамі калючага дроту, якім Вы апаясалі Беларусь.

Разам з тым, Ваш крок дазваляе з незвычайнай яснасьцю апісаць сыстэму, якую Вы прадстаўляеце.

Гаворка ідзе пра сыстэму, у якой:

  • людзі выкарыстоўваюцца як закладнікі — праз палітычныя прысуды, пагрозы сем’ям і выбарачныя рэпрэсіі;
  • бізнэс выкарыстоўваецца як крыніца прымусовага фінансаваньня (у тым ліку на патрэбы, пра якія афіцыйна не прынята гаварыць услых, але пра якія Вам і нам дакладна вядома, як вядомыя Вам і нам юрысдыкцыі, дзе Вы разьмяшчаеце свае гэтыя свае патрэбы бясьпечнай старасьці) праз крымінальны перасьлед, «дойку» ў камерах “амэрыканкі”, прымус да выплатаў мільёнаў даляраў ды іншыя формы эканамічнага шантажу;
  • крымінальныя абвінавачаньні канструююцца не як вынік расследаваньня, а як інструмэнт палітычнага кантролю, уключна з выдумваньнем “змоваў”, маштаб якіх часта не вытрымлівае нават мінімальнай праверкі логікай.
Беларусы дзеяньня - экстрэмісты

Мы маем асабісты досьвед такіх “змоваў” і перасьледу, калі буйная фантазія падмяняе сабой права, а працэдура становіцца дэкарацыяй.

У выніку, структура, якую Вы ўзначальваеце, функцыянуе як мэханізм сыстэмнага запалохваньня і кантролю, у якім гвалт зьяўляецца інструмэнтам, страх — рэсурсам, а людзі — сродкам. З улікам гэтага ўзьнікае натуральнае пытаньне тэрміналёгіі.

Калі Вашая дзейнасьць накіраваная на запалохваньне грамадзтва, і пры гэтым выкарыстоўваецца ўзяцьцё закладнікаў і прымус пад пагрозай, у праве гэта кваліфікуецца як тэрарызм. Як лічыце, ці ня будзе правільным ўжываць гэтае слова для апісаньня таго, чым Вы і Вашыя падначаленыя займаецеся?

Мы пакідаем гэтае пытаньне адкрытым — у тым ліку для юрыдычнай ацэнкі ў судах, якія валодаюць адпаведнай юрысдыкцыяй над Вамі і Вашымі саўдзельнікамі.

Калі ў краіне “экстрэмізмам” прызнаецца ўдзел у выбарах, а “змовы” выдумляюцца ў кабінэтах, каб апраўдаць рэпрэсіі, — праблема не ў грамадзянах. Праблема ў сыстэме, якая трымаецца на страху, закладніках і грошах, выціснутых з уласнага народу. І пытаньне тут ужо не палітычнае, а юрыдычнае: як гэта правільна называецца.

Будзем удзячныя, хаця і не спадзяемся, на адказ ад Вас у пісьмовай форме.

Гэты ліст застаецца адкрытым для далучэньня іншых выбарчых сьпісаў і кандыдатаў, якія падзяляюць выкладзеныя тут ацэнкі.

Без павагі,
Блок беларускіх палітычных зьняволеных
«Беларусы дзеяньня»




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК

Comments Off on ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК

Сёньня я прыняў удзел у дэбатах на Белсаце разам з Андрэем Коласам і прадстаўніком каманды Паўла Латушкі.

Пакідаю тут поўны запіс эфіру.

Пра што была размова

Фармальна — пра выбары ў Каардынацыйную раду.

Па сутнасьці — пра больш простую рэч: ці дастаткова правільных словаў, або патрэбныя мэханізмы, якія даюць вынік.

Сёньня ў беларускай палітыцы амаль усе гавораць правільныя рэчы. Але праблема ў тым, што гэта рэдка ператвараецца ў канкрэтныя зьмены.

Я спрабаваў у гэтай размове засяродзіцца менавіта на гэтым.

Мая пазыцыя

Беларусь сёньня — гэта сыстэма, у якой людзей, іх родных і бізнэс выкарыстоўваюць як інструмэнт ціску.

Гэта ня толькі пра палітыку. Гэта пра тое, як уладкаваная ўлада і як яна трымаецца.

Калі казаць пра зьмены, то важна не толькі тое, што мы хочам, але і тое, як мы зьбіраемся гэтага дасягаць. Я бачу гэта як камбінацыю трох інструмэнтаў:

  • грамадзянска-прававы ціск (суды, іскі, актывы);
  • крымінальная адказнасьць канкрэтных людзей;
  • міжнародны ціск, заснаваны на разуменьні, што Беларусь — гэта пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.

Без такой сыстэмнай працы словы застаюцца словамі.

Важная рэч, якую варта памятаць

Беларусы гатовыя падтрымліваць тое, у чым бачаць сэнс. Мы гэта бачым па падтрымцы палітвязьняў: людзі дапамагаюць канкрэтным людзям, бо разумеюць, навошта гэта.

Палітыка працуе так сама. Калі ёсьць разуменьне, што дзеяньні даюць вынік — зьявіцца і давер, і падтрымка.

Пра бізнэс і людзей

Асобна хачу падкрэсьліць: бізнэс у Беларусі часта дзейнічае пад ціскам і пагрозамі.

Гэта не “ворагі” і не “абстрактная эканоміка”. Гэта людзі, якія таксама апынуліся ў сытуацыі закладніцтва. Іх варта разглядаць як частку грамадства, з якой трэба працаваць, а не як групу, якую трэба адштурхоўваць.

Замест высновы

Фармат дэбатаў быў кароткі, і не ўсё можна было сказаць. Але галоўная думка, якую я хацеў данесьці, простая: пытаньне не ў тым, каб сказаць яшчэ адну правільную рэч, а ў тым, каб пачаць дабівацца выніку.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Comments Off on ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Блок беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня» падаў у выбарчую камісію сьпіс кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.

У аснове сьпісу — людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, турмы, валянтэрскую працу, вайну ва Ўкраіне і іншыя формы рызыкі і адказнасьці. Гэта прадстаўнікі той часткі беларускага грамадзтва, якая ўжо заплаціла кошт за сваю пазыцыю і таму глядзіць на палітыку не як на сымбалічную дзейнасьць, а як на інструмэнт дасягненьня выніку.

Блок «Беларусы дзеяньня» зыходзіць з таго, што сучасная Беларусь жыве ў рэжыме сыстэмнага закладніцтва — праз палітвязьняў, ціск на сем’і, шантаж бізнэсу і грамадзтва ў цэлым. У гэтых умовах палітыка мае сэнс толькі тады, калі яна здольная ўплываць на мэханізмы ўлады, а не толькі іх камэнтаваць. Менавіта таму «Беларусы дзеяньня» разглядаюць зьнішчэньне гэтага мэханізму як цэнтральную задачу: без гэтага любыя размовы пра рэформы і зьмены застаюцца пустымі.

Удзел у выбарах у Каардынацыйную раду «Беларусы дзеяньня» разглядаюць як спробу зрабіць гэты орган рэальным месцам прыняцьця палітычных рашэньняў — з выразнай адказнасьцю, празрыстасьцю і стратэгічнай дыскусіяй, а не толькі пляцоўкай для заяваў.

Асобная ўвага ў блоку надаецца салідарнасьці паміж рознымі групамі беларускага грамадзтва. У тым ліку — беларускаму бізнэсу, які ўнутры краіны часта становіцца аб’ектам ціску і шантажу і фактычна таксама аказваецца закладнікам сыстэмы. Блок разглядае гэтых людзей як частку грамадзтва, якая заслугоўвае прадстаўніцтва і падтрымкі, а не падазрэньняў.

Палітычная пазыцыя «Беларусаў дзеяньня» заснаваная на разуменьні, што будучыня Беларусі вызначаецца ня толькі ўнутранымі працэсамі, але і вайной Расеі супраць Украіны. Падтрымка Ўкраіны разглядаецца як ключавая зьнешнепалітычная задача і неабходная ўмова вяртаньня Беларусі дзяржаўнай суб’ектнасьці, а рэгіёну — устойлівай бясьпекі.

Блок «Беларусы дзеяньня» не абяцае хуткіх і простых рашэньняў. Але ён прапануе іншы падыход: менш сымбаляў — больш адказнасьці за вынік; менш канкурэнцыі за прадстаўніцтва — больш працы над рэальным уплывам.

Падача сьпісу — гэта не фінал, а пачатак працэсу, у якім пытаньне стаіць проста: ці здольная беларуская палітыка вярнуць сабе сувязь з рэальнасьцю і пачаць яе мяняць.

У першую тройку сьпісу блока «Беларусы дзеяньня» ўвайшлі дзеячы Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі — Юрась Зянковіч, Іна Шырокая і Анатоль Хіневіч.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


У ПРАЦЯГ ТЭМЫ ПРА ФІНАНСАВУЮ ЭТЫКУ

Comments Off on У ПРАЦЯГ ТЭМЫ ПРА ФІНАНСАВУЮ ЭТЫКУ

Тыдзень таму я напісаў пра тое, што лічу важным абмеркаваць адкрыта: ці этычна зьбіраць грошы на грамадзкую і палітычную дзейнасьць у эміграцыі ў людзей, якія самі знаходзяцца ў нестабільным становішчы. Той допіс выклікаў шмат рэакцый — падтрымкі, крытыкі, эмоцый. І гэта нармальна. Значыць, тэма сапраўды закранае.

У перадачы Радыё «Свабода» я меў магчымасьць больш спакойна і падрабязна растлумачыць сваю пазыцыю.

Хачу яшчэ раз падкрэсьліць галоўнае: гаворка не пра асобаў і не пра чыйсьці маральны статус. Гаворка пра мадэль. Я не супраць салідарнасьці і не супраць данатаў як такіх. Я за тое, каб яны мелі празрыстую мэту, разумны бюджэт і адказ на пытаньне: калі і як праект стане самадастатковым.

Беларуская эміграцыя — гэта не багатая дыяспара. Гэта людзі, якія страцілі краіну, маёмасьць, стабільнасьць і часта — бясьпеку сваіх блізкіх. У такой сытуацыі кожны збор — гэта ня проста “добрая справа”, а маральны выбар. Я перакананы ў тым, што салідарнасьць павінна быць інструмэнтам умацаваньня людзей, а не фарматам пастаяннай залежнасьці.

    Кожны, безумоўна, сам вырашае, каму і на што ахвяраваць. Але права задаваць пытаньні пра эфэктыўнасьць і адказнасьць — гэта таксама частка дарослага грамадзтва.

    Ніжэй — поўная размова.




    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    ПАДАДЗЕНЫ ІСК У СУД. ЗАПУШЧАНЫ БЕЛАРУСКАМОЎНЫ САЙТ СПРАВЫ

    Comments Off on ПАДАДЗЕНЫ ІСК У СУД. ЗАПУШЧАНЫ БЕЛАРУСКАМОЎНЫ САЙТ СПРАВЫ

    9 лютага 2026 году Юрась Зянковіч падаў іск супраць фінансавай кампаніі Wise US Inc. у Федэральны акружны суд ЗША для Паўднёвай акругі Тэхасу (Houston Division). Усе судовыя пошліны былі аплачаныя ў поўным аб’ёме, і справа афіцыйна прынятая судом да разгляду.

    Тэкст іску і ўсе пададзеныя на дадзены момант судовыя дакуманты апублікаваныя на афіцыйным сайце справы.


    Уручэньне іску адказчыку і пачатак працэсуальных тэрмінаў

    10 лютага 2026 году копія іску была ўручаная адказчыку — Wise US Inc. З гэтага моманту пачынае адлік 21-дзённы працэсуальны тэрмін, на працягу якога адказчык абавязаны падаць у суд афіцыйны адказ на іск (Answer) або адпаведнае хадайніцтва.

    Для тлумачэньня працэдуры:

    – у федэральным судзе ЗША адсутнасьць адказу ў вызначаны тэрмін дае ісьцу права зьвярнуцца з хадайніцтвам аб вынясеньні завочнага рашэньня (default judgment);

    – гэта не азначае аўтаматычную перамогу, але істотна пагаршае працэсуальнае становішча адказчыка і можа прывесьці да рашэньня суда без разгляду аргумэнтаў па сутнасьці;

    – таму падача або непадача адказу ў межах 21 дня зьяўляецца ключавым працэсуальным момантам справы.


    Запуск беларускамоўнай вэрсіі сайта

    Таксама 10 лютага 2026 году пачала працаваць беларускамоўная вэрсія сайта, прысьвечанага гэтай судовай справе.

    Цяпер сайт даступны ў дзьвюх моўных вэрсіях: ангельская вэрсія — асноўная для міжнародных СМІ і замежных чытачоў; і беларуская вэрсія — для беларускіх СМІ, грамадзянскай супольнасьці і шырокай публікі.


    Функцыянал сайта

    Абедзьве моўныя вэрсіі сайта маюць аднолькавую структуру і функцыянальныя разьдзелы:

    1. Апісаньне справы — фактычная і працэсуальная перадгісторыя іску;

    2. Судовыя дакуманты — публікацыя пададзеных у суд матэрыялаў з тлумачэньнямі (у беларускай версіі — у перакладзе);

    3. Для СМІ — даведачная інфармацыя, прэс-рэлізы і правілы цытаваньня.

    Сайт створаны як публічны архіў справы і інструмэнт празрыстасьці. Усе істотныя працэсуальныя падзеі будуць адлюстроўвацца на ім па меры іх узьнікненьня.


    Публічнасьць справы

    Юрась Зянковіч ад пачатку заяўляе, што гэтая справа будзе весьціся максымальна публічна. Ніякіх дамоваў пра неразгалошаньне (NDA) у дачыненьні да матэрыялаў справы не існуе і не плянуецца.

    Мэта — не толькі судовае вырашэньне канкрэтнага канфлікту, але і публічная ацэнка практыкі, якая, на думку ісьца, вядзе да дыскрымінацыі беларускіх палітэмігрантаў, былых палітвязьняў і гуманітарных ініцыятываў пры доступе да фінансавых паслугаў.





    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    КАЛІ САНКЦЫІ Б’ЮЦЬ ПА АХВЯРАХ, А НЕ ПА РЭЖЫМУ

    Comments Off on КАЛІ САНКЦЫІ Б’ЮЦЬ ПА АХВЯРАХ, А НЕ ПА РЭЖЫМУ

    Сёньня я падаў іск у фэдэральны суд ЗША супраць фінансавай кампаніі Wise.

    Прычына простая і, на жаль, знаёмая многім беларусам: мне заблякавалі банкаўскі рахунак пасьля таго, як я спрабаваў перавесьці грошы ў Асацыяцыю палітвязьняў Беларусі.

    Летась я адкрыў рахунак у Wise. Спачатку — каб атрымаць гуманітарную дапамогу як былы палітвязень. Пазьней — каб самому дапамагаць тым, каго вызвалілі пасьля мяне.

    Wise smashes Belarusian political prisoners
    Continue reading this entry »


    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    МОЙ КАМЕНТАР ДЛЯ РАДЫЁ “РАЦЫІ”

    Comments Off on МОЙ КАМЕНТАР ДЛЯ РАДЫЁ “РАЦЫІ”

    Сёньня я даў разгорнуты каментар у прамым эфіры на “Радыё Рацыя” з нагоды слуханьняў у Кангрэсе ЗША па Беларусі, якія адбыліся ўчора, 3 лютага 2026 году. Ніжэй прывожу расшыфроўку эфіра.

    Continue reading this entry »


    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    КАЛІ ЗАКОН ЁСЬЦЬ, А РАШЭНЬНЯ НЯМА

    Comments Off on КАЛІ ЗАКОН ЁСЬЦЬ, А РАШЭНЬНЯ НЯМА

    Апошнія гады я вяду па сутнасьці вайну ў федэральных судах ЗША за аднаўленьне сваёй адвакацкай ліцэнзіі, якая пачалася са, здавалася б, простага пытаньня: ці можа штат караць адваката за фэдэральную практыку, а федэральныя ворганы — аўтаматычна гэта прымаць без уласнай праверкі?

    Гэтае пытаньне крыху не ўвачавіднае для беларускіх чытачоў, але закон ЗША кажа выразна: так рабіць нельга. Але штатам, як любым бюракратычным інстытутам, хочацца больш улады, і таму яны часам спрабуюць рабіць тое, што ім забаронена.

    Менавіта гэтае жаданьне атрымаць больш улады адміністратыўнымі ворганамі, што назіраюць за адвакатурай у Каларада, прывяло да таго, што я страціў права працаваць у федэральных ворганах — ня толькі ў імміграцыйных судах, але і ў федэральным акружным судзе ў Каларада.

    Continue reading this entry »


    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    РЭФЛЕКСІІ І РЭАКЦЫІ НА МАЁ ВІДЭА ЗЬ ЛЮДАЖОРАМ

    Comments Off on РЭФЛЕКСІІ І РЭАКЦЫІ НА МАЁ ВІДЭА ЗЬ ЛЮДАЖОРАМ

    За апошнія два дні я ўважліва паглядзеў, як “адгукнулася” ў сэрцах і розумах людзей мая дыскусія з Юрыем Церахам.

    Карціна атрымалася паказальная.

    “Наша Ніва” напісала вялікі матэрыял — з кантэкстам, цытатамі, ацэнкамі. Спасылку на самі дэбаты ў тэксьце даць пабаяліся, але анонс у сацсетках ёсьць: хто хоча, той знойдзе. Маё прозьвішча напісалі правільна, і маю (сама)ацэнку агучылі — ужо нядрэнна. Гэта выглядае як рэдакцыйная асьцярожнасьць: гаварыць пра дыялёг — можна, паказаць сам дыялёг — страшна. Фіксую без крыўдаў.

    Continue reading this entry »


    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    “КРУГЛЫ СТОЛ” З РЭЖЫМАМ: ВОСЬ ЯК ГЭТА ВЫГЛЯДАЕ НАСАМРЭЧ

    Comments Off on “КРУГЛЫ СТОЛ” З РЭЖЫМАМ: ВОСЬ ЯК ГЭТА ВЫГЛЯДАЕ НАСАМРЭЧ

    Некаторыя апазіцыйныя асобы ўжо душу зьелі сваімі просьбамі «давайце круглы стол», «трэба размаўляць», «трэба пачуць другі бок», «без дыялогу нічога не атрымаецца».

    Я ўвесь час думаў: а як вы сабе гэта ўяўляеце? З кветкамі? З мадэратарамі? З эўрапейскімі гарантыямі? З кава-брэйкам і словамі “мы ўсе памыліліся”?

    Дык вось, мы вырашылі змадэляваць для вас рэальны круглы стол з махровым прадстаўніком рэжыму. Вось вам дыялог. Глядзіце самі, як выглядае “другі бок”, зь якім нам прыдзецца мець справу.

    Размаўляем напрамую, без пасярэднікаў, без фільтраў, без ілюзіяў.

    Я, Юрась Зянковіч, супраць Юрыя Цераха, публіцыста «СБ. Беларусь сегодня». Твар у твар. Пра 2020 год. Пра гвалт. Пра суды. Пра “ўсё было па законе”. Пра што нас усіх чакае ў бліжэйшай будучыні.

    Калі вам здаецца, што “рэальны круглы стол” мусіў бы выглядаць інакш, дык у мяне для вас іншага рэжыму няма.

    Гэта і ёсьць іхняя нармальнасьць, іхняя логіка. Гэта і ёсьць іхняе разуменьне “дыялогу”.

    ⚠️ Спойлер:
    — тут няма прымірэньня;
    — тут няма кампрамісу;
    — тут няма чароўнай фразы, пасьля якой “усе ўсё зразумеюць”.

    Ёсьць толькі вельмі халодная размова, у якой нарматыў “усё было па законе” развальваецца пры першых жа пытаньнях; працэдуры аказваюцца рытуалам, у якім суддзя штампуе ўсё, што яму прыносяць; а дзяржаўны прапагандыст гаворыць, што так і мусіць быць, што гэта і ёсьць нармальнасьць, што так функцыянуе “любая” дзяржава.

    І галоўнае. Робіцца бачна, што беларуская дзяржава баіцца нават ня вуліцы — яна баіцца простых словаў.

    📌 Гэта відэа яшчэ доўга будзе хадзіць па коле. Ёсьць усе падставы меркаваць, што яго будуць цытаваць, перакручваць, выкарыстоўваць у тым ліку ў дзяржаўнай прапагандзе.

    Як звычайна: з выразанымі кавалкамі і “правільнымі” акцэнтамі.

    Таму мая парада простая:
    👉 паглядзіце цалкам.
    👉 не ў нарэзках.
    👉 не па чужых камэнтарах.

    А ўжо потым можна зноў паразважаць пра “іншы фармат дыялогу”, “страчаныя магчымасьці”, ці “калі б тады ўсе былі разумнейшыя”.

    Пасьля гэтага відэа такія размовы гучаць значна меньш пераканаўча.

    P.S. Для тых, хто дагэтуль лічыць, што праблема 2020-га была ў лозунгах, эмоцыях або “няправільнай тактыцы”: гэтае відэа — нэйтральна-іранічны, але вельмі халодны душ.

    P.P.S. Так, гэта не прыемна глядзець. Так, гэта раздражняе. Не, інакш з гэтым рэжымам не размаўляюць. Пастарайцеся ўсё ж даглядзець да канца, нават калі вас цягне ванітаваць. Проста, каб у вас не было іллюзіяў і аллюзіяў.




    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    У МІННЕАПАЛІСЕ ЗНОЎ ЗАГІНУЎ ЧАЛАВЕК

    Comments Off on У МІННЕАПАЛІСЕ ЗНОЎ ЗАГІНУЎ ЧАЛАВЕК

    Праца Дэпартамента хатняй бясьпекі (DHS) у буйных гарадах ЗША — гэта ўжо даўно не “рутынная апэрацыя федэральнай улады”. Гэта кожны раз сутыкненьне двух сьветаў. З аднаго боку — федэральныя афіцэры, якія выконваюць закон і свае службовыя функцыі. З другога — пратэстная сцэна, якая вакол ICE даўно ператварылася ў асобную індустрыю з фінансаваньнем і штатным праплочаным актывам.

    Я буду называць рэчы сваімі імёнамі. Пратэсты супраць ICE — гэта не толькі “выпадковыя людзі з добрым сэрцам”. У такіх месцах амаль заўсёды прысутнічаюць прафесійныя актывісты, для якіх пратэсты супраць “фашысцкага рэжыма Трампа” — гэта аплочваемая праца за грошы. Гэта людзі, якія мэтанакіравана адсочваюць апэрацыі федэралаў, прыязджаюць загадзя, ведаюць маршруты, графікі і тактыку, і чыя дзейнасьць — гэта не спантанны парыў, а сыстэмная праца на зрыў федэральных аперацыяў па барацьбе зь нелегальнымі замежнікамі, некалькі мільёнаў якіх праніклі ў ЗША за часоў Байдэна (часта гэта злачынцы, аб’яднаныя ў банды, і нават трапляюцца тэрарысты). Побач з платнымі актывістамі падцягваюцца і звычайныя грамадзяне, якія шчыра вераць, што “робяць правільна”. Але ў суме гэта дае прадказальны вынік: федэральным афіцэрам пачынаюць замінаць працаваць. Масла ў агонь падліваюць мясцовыя палітыканы, якія будуюць сваю кар’еру на супрацьстаяньні федэральнай уладзе, прычым часта — як тое адбываецца ў Міннесоце — пераходзяць мяжу закону (на словах выступаць супраць федэральнай улады законна; выкарыстоўваць сваю пасаду дзеля зрыву працы федэралаў — злачынства).

    Continue reading this entry »


    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    ВЫЙШАЎ НАШ З АНАТОЛЕМ ЛЯБЕДЗЬКАМ ДВУБОЙ НА БЕЛСАЦЕ

    Comments Off on ВЫЙШАЎ НАШ З АНАТОЛЕМ ЛЯБЕДЗЬКАМ ДВУБОЙ НА БЕЛСАЦЕ

    Гэтая размова была не пра асобаў і не пра мінулыя заслугі. Яна была пра непрыемную, але прынцыповую рэч: чаму за пяць гадоў пасьля 2020-га мы так і не выйшлі з тупіку.

    У эфіры я наўмысна не спрачаўся пра дэталі, пляны і працэдуры. Я гаварыў пра аснову: дыялёг магчымы толькі тады, калі існуюць два палітычныя суб’екты. Калі другі бок лічыць цябе сілай — або хаця б роўным. Калі ж не — гэта не дыялёг, а размова з самім сабой у студыі.

    Праблема не ў тым, што апазыцыя “дрэнная” або “няшчырая”. Праблема ў тым, што яна так і не стала палітычным суб’ектам, зь якім аўтарытарная ўлада вымушаная лічыцца. Бяз гэтага маральная рацыя, падтрымка Захаду і прыгожыя заявы не пераўтвараюцца ў палітыку.

    Гэта цяжкая размова. Яна нязручная. Яна раздражняе. Але пакуль мы яе пазьбягаем, мы будзем зноў і зноў абмяркоўваць “дыялёг”, якога не існуе.

    Калі дыялёг пяць гадоў не пачынаецца — магчыма, праблема не ў тым, што нас не чуюць, а ў тым, што мы так і ня сталі сілай.

    Відэа — ніжэй. Раю паглядзець цалкам, а не па цытатах.




    Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


    Blue Taste Theme created by Jabox