9 лютага 2026 году Юрась Зянковіч падаў іск супраць фінансавай кампаніі Wise US Inc. у Федэральны акружны суд ЗША для Паўднёвай акругі Тэхасу (Houston Division). Усе судовыя пошліны былі аплачаныя ў поўным аб’ёме, і справа афіцыйна прынятая судом да разгляду.
Тэкст іску і ўсе пададзеныя на дадзены момант судовыя дакуманты апублікаваныя на афіцыйным сайце справы.
Уручэньне іску адказчыку і пачатак працэсуальных тэрмінаў
10 лютага 2026 году копія іску была ўручаная адказчыку — Wise US Inc. З гэтага моманту пачынае адлік 21-дзённы працэсуальны тэрмін, на працягу якога адказчык абавязаны падаць у суд афіцыйны адказ на іск (Answer) або адпаведнае хадайніцтва.
Для тлумачэньня працэдуры:
– у федэральным судзе ЗША адсутнасьць адказу ў вызначаны тэрмін дае ісьцу права зьвярнуцца з хадайніцтвам аб вынясеньні завочнага рашэньня (default judgment);
– гэта не азначае аўтаматычную перамогу, але істотна пагаршае працэсуальнае становішча адказчыка і можа прывесьці да рашэньня суда без разгляду аргумэнтаў па сутнасьці;
– таму падача або непадача адказу ў межах 21 дня зьяўляецца ключавым працэсуальным момантам справы.
Запуск беларускамоўнай вэрсіі сайта
Таксама 10 лютага 2026 году пачала працаваць беларускамоўная вэрсія сайта, прысьвечанага гэтай судовай справе.
Цяпер сайт даступны ў дзьвюх моўных вэрсіях: ангельская вэрсія — асноўная для міжнародных СМІ і замежных чытачоў; і беларуская вэрсія — для беларускіх СМІ, грамадзянскай супольнасьці і шырокай публікі.
Функцыянал сайта
Абедзьве моўныя вэрсіі сайта маюць аднолькавую структуру і функцыянальныя разьдзелы:
1. Апісаньне справы — фактычная і працэсуальная перадгісторыя іску;
2. Судовыя дакуманты — публікацыя пададзеных у суд матэрыялаў з тлумачэньнямі (у беларускай версіі — у перакладзе);
3. Для СМІ — даведачная інфармацыя, прэс-рэлізы і правілы цытаваньня.
Сайт створаны як публічны архіў справы і інструмэнт празрыстасьці. Усе істотныя працэсуальныя падзеі будуць адлюстроўвацца на ім па меры іх узьнікненьня.
Публічнасьць справы
Юрась Зянковіч ад пачатку заяўляе, што гэтая справа будзе весьціся максымальна публічна. Ніякіх дамоваў пра неразгалошаньне (NDA) у дачыненьні да матэрыялаў справы не існуе і не плянуецца.
Мэта — не толькі судовае вырашэньне канкрэтнага канфлікту, але і публічная ацэнка практыкі, якая, на думку ісьца, вядзе да дыскрымінацыі беларускіх палітэмігрантаў, былых палітвязьняў і гуманітарных ініцыятываў пры доступе да фінансавых паслугаў.