Archive

БЕЛАРУСЬ ПАД АКУПАЦЫЯЙ: ЧАМУ АДНЫХ СЛОВАЎ УЖО НЕДАСТАТКОВА

Comments Off on БЕЛАРУСЬ ПАД АКУПАЦЫЯЙ: ЧАМУ АДНЫХ СЛОВАЎ УЖО НЕДАСТАТКОВА

У эфіры Malanka Media абмеркавалі праект рэзалюцыі Каардынацыйнай Рады аб прызнаньні часовай расейскай акупацыі Беларусі.

Беларусь не перастала быць дзяржавай. Але беларускі народ пазбаўлены магчымасьці свабодна вызначаць яе зьнешнюю, вайсковую і стратэгічную палітыку. Рэжым трымае ў закладніках беларусаў, а Крэмль трымае пры ўладзе рэжым.

Пра акупацыю казалі і раней. Але рэзалюцыя без далейшай кампаніі, доказнай базы і міжнароднай працы становіцца толькі архіваваньнем сумленьня. Таму задача цяпер ня ў тым, каб яшчэ раз вымавіць гучнае слова, а ў тым, каб давесьці яго да палітычных наступстваў.

У эфіры таксама гаварылі пра:

▪️ чаму Лукашэнка страціў палітычную суб’ектнасьць;

▪️ чым новая ініцыятыва адрозьніваецца ад ранейшай «рэзалюцыі Лахвіча» пра гібрыдную акупацыю;

▪️ навошта Беларусі палітыка дэакупацыі;

▪️ чаму КР павінна быць інструмэнтам дзеяньня, а ня храмам самазахаваньня;

▪️ хто мусіць адказваць за пранікненьне агентуры КДБ у дэмакратычныя структуры;

▪️ чаму простага беларуса нельга атаясамліваць з рэжымам, які пазбавіў яго выбару.

Прызнаньне акупацыі не сьцірае Беларусь з мапы. Яно не дазваляе Маскве сьцерці Беларусь з права.

Дэакупацыя не азначае стварэньня новай краіны. Яна азначае вяртаньне Беларусі беларусам.

Глядзіце поўны эфір.

Continue reading this entry »


Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ЦІ МАЕ ПРАВА ЛУКАШЭНКА ГАВАРЫЦЬ АД ІМЯ БЕЛАРУСІ?

Comments Off on ЦІ МАЕ ПРАВА ЛУКАШЭНКА ГАВАРЫЦЬ АД ІМЯ БЕЛАРУСІ?

Рэзалюцыя пра часовую расейскую акупацыю патрэбная ня дзеля яшчэ аднаго моцнага слова ў палітычным слоўніку. Яна патрэбная, каб пачаць мяняць міжнародны статус рэжыму Лукашэнкі і беларускіх дэмакратычных інстытутаў.

Сёньня многія дзяржавы не прызнаюць Лукашэнку дэмакратычна абраным прэзыдэнтам. Але міжнародная інэрцыя ўсё яшчэ працуе на яго: падкантрольныя рэжыму міністэрствы, амбасады і чыноўнікі працягваюць выступаць ад імя Рэспублікі Беларусь.

Гэтая інэрцыя сама не растане. Але Рэзалюцыя запускае два паралельныя працэсы.

Першы з іх, міжнародная дэлегітымізацыя рэжыму. Краіна за краінай, парлямэнт за парлямэнтам, міжнародная арганізацыя за міжнароднай арганізацыяй павінны прыйсьці да высновы: фактычны кантроль над дзяржаўнымі будынкамі яшчэ не дае Лукашэнку права гаварыць ад імя беларускага народу і выказваць свабодную волю Рэспублікі Беларусь.

Другі працэс, паступовае прызнаньне міжнароднай легітымнасьці беларускіх дэмакратычных інстытутаў: Каардынацыйнай Рады як абранага прадстаўнічага воргану, Аб’яднанага пераходнага кабінэту як выканаўчай структуры і Офісу Святланы Ціханоўскай як палітычнага і дыпляматычнага цэнтру.

Гэта ня робіцца адным галасаваньнем. Спачатку зьяўляюцца заявы і рэзалюцыі замежных парлямэнтаў. Потым, новыя фарматы ўдзелу, прадстаўнічыя місіі, прызнаньне асобных паўнамоцтваў. Урэшце можа паўстаць пытаньне пра законнае міжнароднае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя ведае такія працэсы.

Урад Францыі ў Вішы меў міністэрствы, паліцыю, амбасады і кантроль над значнай часткай Францыі. Маньчжоў-го мела імпэратара, урад, сьцяг і дыпляматаў. Ваенная Славаччына і гэтак званая Незалежная Дзяржава Харватыя мелі ўласныя дзяржаўныя апараты.

Але наяўнасьць палацаў, мундзіраў, пячатак і шыльдаў не зрабіла гэтыя рэжымы сапраўднымі прадстаўнікамі сваіх народаў. Яны засталіся ў гісторыі як залежныя адміністрацыі, што дзейнічалі пад вырашальным уплывам мацнейшай дзяржавы.

Такім самым можа стаць і міжнароднае ўспрыманьне Лукашэнкі: не як «прэзыдэнта Беларусі», а як кіраўніка фактычнай адміністрацыі, якая захоўвае ўладу дзякуючы Расеі і дзейнічае ў межах расейскага стратэгічнага кантролю.

Але дзеля гэтага беларусам трэба самім сфармуляваць сваю пазыцыю.

Рэзалюцыя не ліквідуе Рэспубліку Беларусь. Наадварот, яна абараняе яе дзяржаўную бесперапыннасьць. Беларусь працягвае існаваць, сувэрэнітэт належыць беларускаму народу, а расейскі кантроль ня можа стварыць для Масквы законнага права на нашую краіну.

Рэзалюцыя таксама не дае амністыі Лукашэнку, чыноўнікам, вайскоўцам або выканаўцам злачынных загадаў. Яна аддзяляе беларускі народ і беларускую дзяржаву ад захопленага дзяржаўнага апарату. Адказнасьць канкрэтных асобаў за рэпрэсіі, садзейнічаньне агрэсіі і іншыя злачынствы нікуды не зьнікае.

Галоўная палітычная выснова простая: Лукашэнка ня мае вечнага права гаварыць ад імя Беларусі толькі таму, што ён кантралюе яе дзяржаўныя ўстановы.

Прыняцьце Рэзалюцыі не завершыць працэс. Яно створыць адпраўны пункт. Крок за крокам варта дамагацца, каб рэжым губляў міжнародную манаполію на прадстаўніцтва Беларусі, а беларускія дэмакратычныя інстытуты набывалі ўсё большы палітычны і міжнародны мандат.

Беларусь існуе. Беларусь не належыць Расеі. І голас Беларусі павінен належаць беларускаму народу.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


МІЖНАРОДНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ: ВЫБАРЫ КР БЫЛІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ

Comments Off on МІЖНАРОДНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ: ВЫБАРЫ КР БЫЛІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ

Міжнародная місія назіраньня за выбарамі ў Каардынацыйную Раду Беларусі на чале з дэпутатам Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрыкам Пэці апублікавала фінальную справаздачу пра выбары 2026 году.

Галоўная выснова місіі выразная: выбары былі арганізаваныя ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі ва ўмовах, якія не маюць аналягаў. Нягледзячы на кібэратакі, пагрозы з боку беларускага рэжыму і вельмі складаную сытуацыю для беларусаў унутры краіны, выбарчы працэс адбыўся і захаваў сваю легітымнасьць.

Назіральнікі адзначылі прафэсійную і незалежную працу Выбарчай камісіі, празрыстасьць працэдур і захаваньне тайны галасаваньня. Асобна падкрэсьліваецца, што другая выбарчая кампанія стала больш арганізаванай і інстытуцыйна сталай, чым выбары 2024 году.

Разам з тым у справаздачы адзначаецца і галоўны выклік для беларускіх дэмакратычных сілаў. Гаворка ідзе не пра якасьць выбарчай працэдуры, а пра нізкую яўку выбарцаў. На думку аўтараў дакладу, у будучыні галоўнай задачай павінна стаць павелічэньне ўдзелу беларусаў у выбарах і ўмацаваньне аўтарытэту Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага органа.

Для фракцыі «Беларусы дзеяньня» справаздача таксама мае важнае значэньне. Міжнародныя назіральнікі адзначылі наш выбарчы сьпіс як новую палітычную сілу, якая атрымала чатыры мандаты ў Каардынацыйнай Радзе. Асноўнымі тэмамі нашай кампаніі названыя падтрымка палітычных зьняволеных, салідарнасьць і абарона ахвяраў рэпрэсіяў.

Публікацыя гэтай справаздачы зьяўляецца яшчэ адным міжнародным пацьверджаньнем таго, што Каардынацыйная Рада сфармаваная ў выніку свабодных і канкурэнтных выбараў. Адначасова яна нагадвае ўсім дэмакратычным сілам пра неабходнасьць павышаць давер грамадзтва і пашыраць удзел беларусаў у агульнай палітычнай працы.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


БЕЛАРУСЬ ПАД АКУПАЦЫЯЙ? Чаму гэта ўжо ня проста палітычны лозунг

Comments Off on БЕЛАРУСЬ ПАД АКУПАЦЫЯЙ? Чаму гэта ўжо ня проста палітычны лозунг

Чаму гэта ўжо ня проста палітычны лозунг

Калі сказаць чалавеку, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй, ён часта адказвае: “Якая яшчэ акупацыя? Расейскіх танкаў на кожнай вуліцы няма. Лукашэнка ж нібыта кіруе сам.”

Гэта натуральная рэакцыя.

Бо многія ўяўляюць акупацыю толькі так, як яна выглядала падчас Другой сусьветнай вайны: чужая армія ўваходзіць у краіну, зьмяняе сьцягі і прызначае сваю адміністрацыю.

Але сучасны сьвет значна складаней.

Чаму Лукашэнка ўжо ня дзейнічае як кіраўнік незалежнай дзяржавы?

Пасьля падзеяў 2020 году рэжым апынуўся перад пагрозай страты ўлады. Самастойна ён ужо ня мог утрымацца. Менавіта падтрымка Крамля дазволіла яму захаваць кантроль над краінай.

З таго часу Расея атрымала магчымасьць вызначаць беларускую палітыку ў ключавых пытаньнях. Беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца для расейскіх войскаў, беларуская абаронная палітыка фактычна каардынуецца з Масквой, а найважнейшыя рашэньні ў сфэры бясьпекі прымаюцца ўжо не свабодна. Гэта і ёсьць галоўная прыкмета марыянэткавага рэжыму.

Марыянэтка не абавязкова выконвае кожны загад. Дастаткова таго, што без гаспадара яна ўжо ня здольная існаваць.

Чаму проста казаць пра «гібрыдную акупацыю» недастаткова?

Апошнія гады шмат хто выкарыстоўвае выраз «гібрыдная акупацыя». Гучыць прыгожа, але гэта хутчэй журналісцкая мэтафара.

У міжнародным праве няма паняцьця «гібрыдная акупацыя». Ніхто ня ведае, якія прававыя наступствы павінны зь яго вынікаць.

Менавіта таму прапануецца іншая формула: не «гібрыдная акупацыя», а часовая акупацыя Рэспублікі Беларусь Расейскай Фэдэрацыяй пры захаваньні беларускай дзяржаўнасьці.

Гэта ўжо ня проста палітычная ацэнка. Гэта прававая мадэль, якая дазваляе гаварыць не толькі пра тое, што адбываецца, але і пра тое, што рабіць далей.

Навошта наогул нешта прызнаваць?

Гэтае пытаньне задаюць часьцей за ўсё.

Адказ вельмі просты: пакуль беларусы самі не назавуць тое, што адбываецца, гэта зробяць іншыя.

І ўжо цяпер існуюць тры папулярныя інтэрпрэтацыі.

  1. Беларусь добраахвотна ўдзельнічае ў расейскай агрэсіі.
  2. Беларусь проста аўтарытарная дзяржава, якая сама выбрала гэты шлях.
  3. Беларусь фактычна перастала быць асобнай дзяржавай.

Усе тры шкодзяць Беларусі. Яны атаясамліваюць беларускі народ, Рэспубліку Беларусь і рэжым Лукашэнкі.

Прапанаваная канцэпцыя марыянеткавага рэжыму і часовай акупацыі прапануе чацьвёртую мадэль, у якой беларускі народ застаецца носьбітам сувэрэнітэту, Рэспубліка Беларусь працягвае існаваць як дзяржава.

А вось рэжым Лукашэнкі дзейнічае пад вырашальным расейскім кантролем і ўжо не прадстаўляе свабодную волю беларускага народу.

Што гэта зьмяняе на практыцы?

Гэта самае важнае пытаньне. Зьмена тэрміналогіі нічога не мяняе сама па сабе. Яна не вызваляе Беларусь, не стварае аўтаматычна ўрад у выгнаньні, і не прымушае іншыя дзяржавы адразу прызнаць новую палітычную рэальнасьць.

Але яна робіць тое, без чаго ўсё астатняе немагчыма: ўпершыню фармулюе беларускую прававую пазыцыю. І менавіта зь яе пачынаецца ўся наступная размова: пра міжнароднае прадстаўніцтва Беларусі, пра ўдзел у міжнародных арганізацыях, пра прызнаньне беларускіх дэмакратычных інстытутаў у якасьці законных прадстаўнікоў інтарэсаў беларускай нацыі і дзяржавы. У тым ліку пра будучы законны ўрад у выгнаньні.

Чаму гэта важна ня толькі для Беларусі?

Яшчэ ў 2022 годзе ва Ўкраіне зьявіліся прапановы прызнаць Беларусь дзяржавай, якая знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.

Але ўкраінскія палітыкі неаднаразова адзначалі простую рэч: першы крок павінны зрабіць самі беларусы.

Гэта натуральна. Ніводная краіна не павінна вызначаць прававы статус іншай дзяржавы замест яе народа.

Калі ж такую пазіцыю афіцыйна прыме Каардынацыйная Рада як дэмакратычна абраны прадстаўнічы ворган беларускага народу, сытуацыя прынцыпова зьменіцца. Упершыню зьявіцца не проста палітычны лозунг, а беларуская прававая рамка, якую можна абмяркоўваць у парлямэнтах, міжнародных арганізацыях і ўрадах.

Менавіта таму гаворка ідзе не пра словы. Гаворка ідзе пра першы крок, які адкрывае новыя магчымасьці для ўсёй беларускай справы.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ПА ІНІЦЫЯТЫВЕ «БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ» КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ПРЫНЯЛА ЗАЯВУ ПРА БЯСЬПЕКУ БЕЛАРУСКІХ ДЗЯЦЕЙ

Comments Off on ПА ІНІЦЫЯТЫВЕ «БЕЛАРУСАЎ ДЗЕЯНЬНЯ» КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ПРЫНЯЛА ЗАЯВУ ПРА БЯСЬПЕКУ БЕЛАРУСКІХ ДЗЯЦЕЙ

19 чэрвеня 2026 году Каардынацыйная Рада Беларусі прыняла заяву, ініцыяваную фракцыяй «Беларусы дзеяньня», у сувязі з трагічным інцыдэнтам з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у Бранскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.

У прынятай заяве Каардынацыйная Рада выказала спачуваньні сям’і загінулай жанчыны, а таксама ўсім пацярпелым. Дакумэнт утрымлівае заклік да ўсіх бакоў узброенага канфлікту строга выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права і пазьбягаць дзеяньняў, якія могуць прывесьці да гібелі або раненьня мірных жыхароў, асабліва дзяцей.

Каардынацыйная Рада таксама адзначыла адказнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які працягвае арганізоўваць паездкі беларускіх дзяцей у краіну, што вядзе поўнамаштабную вайну і рэгулярна падвяргаецца вайсковым атакам. Такія рашэньні сьвядома павялічваюць рызыкі для жыцьця і здароўя дзяцей і не могуць разглядацца як нармальная практыка ў сучасных умовах.

Асобна Каардынацыйная Рада зьвярнулася да грамадзян Беларусі з заклікам устрымлівацца ад паездак у Расейскую Фэдэрацыю, асабліва ў рэгіёны, набліжаныя да зоны баявых дзеяньняў. Вайна, распачатая расейскім кіраўніцтвам супраць Украіны, стварае рэальную пагрозу для ўсіх людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, незалежна ад іх грамадзянства.

Фракцыя «Беларусы дзеяньня» выступіла ініцыятарам прынятага дакумэнту. Мы перакананыя, што жыцьцё і бясьпека беларускіх дзяцей не павінны станавіцца інструмэнтам прапаганды або ахвярай безадказных палітычных рашэньняў. Дзяржава існуе дзеля абароны сваіх грамадзян, а не дзеля стварэньня для іх дадатковых пагрозаў.

Уцягваньне Беларусі ў расейскую вайсковую палітыку ўжо прывяло да цяжкіх наступстваў для краіны. Таму кожны выпадак, калі беларускія грамадзяне, асабліва дзеці, аказваюцца пад пагрозай праз дзеяньні ўладаў, патрабуе выразнай грамадзкай і палітычнай рэакцыі.

Бясьпека беларускіх дзяцей павінна быць вышэй за прапаганду, палітычныя інтарэсы і геапалітычныя гульні. Менавіта з гэтага прынцыпу зыходзіла Каардынацыйная Рада, прымаючы дадзеную заяву. Мы будзем пасьлядоўна адстойваць падыход, пры якім інтарэсы і бясьпека людзей важнейшыя за палітычныя спэкуляцыі.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


«БЕЛАРУСЫ ДЗЕЯНЬНЯ» ХОЧУЦЬ ПАВЯЛІЧЭНЬНЯ ПАЎНАМОЦТВАЎ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ

Comments Off on «БЕЛАРУСЫ ДЗЕЯНЬНЯ» ХОЧУЦЬ ПАВЯЛІЧЭНЬНЯ ПАЎНАМОЦТВАЎ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ

Сёньня ад імя фракцыі «Беларусы дзеяньня» я афіцыйна ўнёс на разгляд першага паседжаньня Каардынацыйнай Рады 4-га скліканьня, якое адбудзецца 19 чэрвеня, пакет з трох праектаў, скіраваных на інстытуцыйнае ўмацаваньне КР.

Гаворка ідзе ня проста пра тэхнічныя папраўкі да рэглямэнту. Гэта спроба адказаць на галоўнае пытаньне новага скліканьня: ці будзе Каардынацыйная Рада сапраўдным прадстаўнічым органам, здольным фармуляваць палітычную волю, кантраляваць дэмакратычныя інстытуты і браць адказнасьць за стратэгічныя рашэньні, ці застанецца пераважна дыскусійнай пляцоўкай.

Першы праект прапануе замацаваць статус Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага органа беларускага народу, сфармаванага шляхам свабодных, роўных і дэмакратычных выбараў. Да правядзеньня свабодных выбараў у Беларусі КР прапануецца разглядаць як нацыянальны прадстаўнічы сход, фактычна парлямэнт Беларусі ў выгнаньні. Гэта не рыторыка дзеля прыгожай шыльды. Гэта пытаньне палітычнай суб’ектнасьці: калі беларусы абралі сваіх прадстаўнікоў, гэтыя прадстаўнікі мусяць мець ясны мандат, ясныя паўнамоцтвы і ясную адказнасьць перад грамадзтвам.

Праект таксама прапануе ўзмацніць прадстаўнічы кантроль за дзейнасьцю беларускіх дэмакратычных інстытутаў, у тым ліку Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту, і замацаваць прынцыпы ўзаемадзеяньня паміж Каардынацыйнай Радай, Кабінэтам, Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і іншымі структурамі. Павага да ролі гэтых інстытутаў не адмяняе патрэбы ў балянсе, празрыстасьці і падсправаздачнасьці. Наадварот, без гэтага доўгатэрміновая легітымнасьць дэмакратычных сілаў будзе толькі слабнуць.

Другі праект прапануе стварыць Сталую камісію кібербясьпекі Каардынацыйнай Рады. Пасьля выбараў у КР стала асабліва відавочна, што лічбавая бясьпека, абарона дадзеных, выбарчыя тэхналёгіі, інфармацыйныя апэрацыі і выкарыстаньне штучнага інтэлекту больш не зьяўляюцца другаснымі або выключна тэхнічнымі пытаньнямі. Для беларускага дэмакратычнага руху, які працуе пад ціскам аўтарытарнай сыстэмы, гэта пытаньні даверу, выжываньня і палітычнай здольнасьці дзейнічаць.

Такая камісія мусіць быць не карным і не кантрольным органам, а прафэсійнай пляцоўкай для экспэртызы, аўдыту рызыкаў, выпрацоўкі стандартаў і супрацоўніцтва з ІТ-супольнасьцю, экспэртамі ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі, грамадзянскай супольнасьцю і міжнароднымі партнэрамі. Калі КР прэтэндуе быць зародкам будучых дэмакратычных інстытутаў Беларусі, яна ўжо цяпер мае сэнс выпрацоўваць стандарты працы XXI стагодзьдзя.

Трэці праект датычыць статусу дэлегата Каардынацыйнай Рады, яго памочнікаў і валянтэраў. Ён замацоўвае, што дэлегат ажыцьцяўляе прадстаўнічы мандат беларускага народу, мае права ўносіць праекты актаў, атрымліваць інфармацыю, весьці афіцыйную перапіску і карыстацца падтрымкай дапаможнага апарату. Адначасова праект уводзіць этычныя стандарты, правілы пра канфлікт інтарэсаў, абмежаваньні для памочнікаў і гарантыі ад адвольнага пазбаўленьня мандату.

Для мяне гэта прынцыпова. Мандат дэлегата не павінен быць ні асабістай узнагародай, ні дэкаратыўным значком. Гэта інструмэнт працы. Але і пазбаўленьне мандату ня можа быць сродкам палітычнага ціску, асабістай помсты або ўнутранай расправы. Крытыка кіраўніцтва, нязгода з рашэньнямі, удзел у палітычнай дыскусіі і галасаваньне насуперак пазыцыі фракцыі самі па сабе ня могуць лічыцца дыскрэдытацыяй КР. Калі мы гаворым пра прадстаўнічы орган, варта сур’ёзна ставіцца да свабоднага мандату, палітычнага плюралізму і працэдурных гарантыяў.

Гэты пакет праектаў адлюстроўвае наш падыход: Каардынацыйная Рада мае быць інструмэнтам інстытуцыйнага ўплыву, а не сымбалем веры. Яна павінна працаваць з парадкам дня, паўнамоцтвамі, бясьпекай, падсправаздачнасьцю і рэальным прадстаўніцтвам беларусаў, у тым ліку палітвязьняў, іх сем’яў, валянтэраў, дыяспары, прафэсійных супольнасьцяў і ўсіх, хто пацярпеў ад рэпрэсіўнай сыстэмы.

Асобна важна падкрэсьліць: беларускае грамадзтва складаецца ня толькі з тых, хто можа адкрыта гаварыць і бясьпечна дзейнічаць за мяжой. Унутры краіны людзі, у тым ліку прадпрымальнікі і прафэсійныя супольнасьці, працягваюць жыць пад пагрозай рэпрэсіяў, шантажу і ціску. Таму задача прадстаўнічага органа не ў тым, каб раздаваць маральныя прысуды з бясьпечнай адлегласьці, а ў тым, каб шукаць шляхі салідарнасьці і аб’яднаньня ўсіх, хто стаў закладнікам гэтай сыстэмы.

Першае паседжаньне новага скліканьня КР стане важным тэстам. Ці здольныя мы перайсьці ад рыторыкі да інстытутаў? Ці здольныя замацаваць правілы, якія працуюць ня толькі тады, калі нам зручна? Ці здольныя пабудаваць прадстаўніцтва, якое мае ня толькі голас, але і хрыбет?

Фракцыя «Беларусы дзеяньня» ідзе ў КР менавіта з такой задачай: вярнуць беларускай палітыцы адказнасьць, Каардынацыйнай Радзе — уплыў, а прадстаўніцтву — зьмест.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ПРА ПЕРАТРУСЫ І ЦІСК НА СВАЯКОЎ УДЗЕЛЬНІКАЎ ВЫБАРЧАГА СЬПІСУ “БЛОК БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ ЗЬНЯВОЛЕНЫХ “БЕЛАРУСЫ ДЗЕЯНЬНЯ”

Comments Off on ПРА ПЕРАТРУСЫ І ЦІСК НА СВАЯКОЎ УДЗЕЛЬНІКАЎ ВЫБАРЧАГА СЬПІСУ “БЛОК БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ ЗЬНЯВОЛЕНЫХ “БЕЛАРУСЫ ДЗЕЯНЬНЯ”

Мы атрымалі пацьверджаную інфармацыю пра правядзеньне ператрусаў, запалохваньне і іншыя формы ціску ў дачыненьні да сваякоў удзельнікаў выбарчага сьпісу Блоку беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня».

У шэрагу выпадкаў гаворка ідзе пра:

  • ператрусы ў жылых памяшканьнях;
  • апячатваньне кватэраў;
  • пагрозы ў дачыненьні да дзяцей і блізкіх;
  • крымінальныя справы, якія выкарыстоўваюцца як інструмэнт ціску.

Гэтыя дзеяньні не маюць нічога агульнага з правам або «забесьпячэньнем бясьпекі». Мы разглядаем іх як працяг сыстэмнай практыкі, якую варта называць сваімі імёнамі.

Гэта — чырвона-зялёны тэрарызм.

Рэжым мэтанакіравана выкарыстоўвае сваякоў як закладнікаў, страх і запужваньне дзеля тэрору грамадзтва, крымінальны перасьлед як форму палітычнага ціску.

Гэта пацьвярджае наш базавы аналіз: у сучаснай Беларусі дзейнічае сыстэма закладніцтва, у якой палітвязьні, іх сем’і, а таксама бізнэс і беларускае грамадзтва ў цэлым зьяўляюцца аб’ектам шантажу і тэрарызаваньня. Гэта не асобныя «перагібы на месцах», а мэханізм утрыманьня ўлады рэжымам Лукашэнкі, які будучы ня здольны дабіцца падтрымкі насельніцтва, выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады дзеля дасягненьня нізкіх мэтаў: набіваньня кішэняў і ўтрыманьня дзяржаўнай улады незаконным чынам.

Асабліва паказальна, што хваля ціску супала з выбарчай кампаніяй у Каардынацыйную раду. Гэта сьведчыць, што нават абмежаваная палітычная актыўнасьць успрымаецца рэжымам як пагроза свайму існаваньню.

Такія дзеяньні маюць і адваротны эфэкт. Яны дэманструюць уразьлівасьць самога рэжыму, яго страх перад арганізаванай і адказнай палітычнай дзейнасьцю і няздольнасьць канкураваць у адкрытым палітычным полі.

Мы хочам асобна падкрэсьліць: беларусы, у тым ліку прадстаўнікі бізнэсу, актывісты і сем’і ўдзельнікаў палітычнага працэсу, дзейнічаюць у ўмовах пастаяннага ціску і рызыкі. Многія зь іх ужо сталі ахвярамі тэрору, рэпрэсіяў і гвалту. Гэтыя людзі, якія заслугоўваюць не асуджэньня, а салідарнасьці і палітычнай абароны.

Мы заклікаем беларускую і міжнародную супольнасьць — зафіксаваць і агучыць гэтыя факты; праваабарончыя арганізацыі — даць ім адпаведную прававую ацэнку; палітычныя структуры — даць ацэнку выкарыстаньню закладніцтва як інструмэнту ўлады; кампетэнтныя праваахоўныя і судовыя ворганы як беларускай, так і міжнароднай юстыцыі — забясьпечыць непазьбежнае пакараньне асобаў, якія спрычыніліся да тэрору ў адносінах да беларускага грамадзтва.

Наша пазыцыя застаецца нязьменнай: пакуль існуе сыстэма закладніцтва, немагчымая ні дэмакратыя, ні бясьпека, ні ўстойлівая будучыня Беларусі.

Менавіта таму наша палітычная мэта — яе дэмантаж і пакараньне тых, хто парушае законнасьць, правы і свабоды грамадзянаў Беларусі.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ДЭБАТЫ НА ЭЎРАРАДЫЁ: ПРА ШТО БЫЛА РАЗМОВА

Comments Off on ДЭБАТЫ НА ЭЎРАРАДЫЁ: ПРА ШТО БЫЛА РАЗМОВА

Учора прайшлі дэбаты на Еўрарадыё паміж мной і прадстаўніком спісу «Закон і правапарадак» Станіславам Лупаносавым. Відэа — ніжэй. Але перад тым як вы яго паглядзіце, хачу коратка растлумачыць, пра што там была размова на самой справе.

Бо гэта былі не проста «выбарчыя дэбаты».

Пра галоўнае

Я спрабаваў данесьці вельмі простую думку: у Беларусі няма праблемы з адсутнасьцю закону і парадку. Праблема ў тым, што гэты “парадак” пабудаваны на страху і закладніцтве.

Людзей садзяць. Іх выкарыстоўваюць як закладнікаў. Іх сем’і і бізнэс шантажуюць. І пакуль гэты мэханізм працуе — нічога не зьменіцца.

Чым мы адрозьніваемся

На гэтых выбарах шмат хто кажа “за ўсё добрае”. Я прапаную трохі іншы падыход: менш словаў — больш мэханізмаў.

Канкрэтна:

  • грамадзянска-прававы ціск — праз суды і юрысдыкцыі ў розных краінах
  • крымінальная адказнасьць — там, дзе яна можа наступіць
  • міжнародны ціск — як пытаньне бясьпекі ўсяго рэгіёну, а не толькі “каштоўнасьцяў”

Гэта не тэорыя. Я ўжо рыхтую пазовы супраць людзей, якія ўдзельнічалі ў маёй справе.

Пра сыстэму і людзей

У дэбатах была важная тэма: людзі з сыстэмы. І тут мая пазыцыя вельмі простая: сёньня пытаньне ўжо не ў тым, хто дзе працаваў. Пытаньне ў тым — хто што зразумеў і што прапануе рабіць далей.

Бо Беларусь цяпер — гэта краіна, дзе частка людзей у турмах, частка — у эміграцыі, а частка — вымушана жыць і працаваць пад ціскам. У тым ліку бізнэс.

І замест таго, каб дзяліць усіх на “правільных” і “няправільных”, мае сэнс шукаць, як аб’ядноўваць усіх, хто пацярпеў ад гэтай сыстэмы.

Пра Украіну і бясьпеку

Я таксама сказаў важную рэч, якую часта недаацэньваюць: Беларусь — гэта элемент бясьпекі ўсёй Усходняй Еўропы. Пакуль Беларусь застаецца пад кантролем Расеі — будзе пагроза Польшчы, Балтыі, Украіне і далей.

Таму падтрымка беларускай дэмакратыі — гэта не пра “салідарнасьць”. Гэта пра бясьпеку саміх еўрапейцаў і амерыканцаў.

Пра “фішку” нашага спісу

Мне задалі простае пытаньне: у чым нашае адрозьненьне? Адказ яшчэ прасьцей: мы — людзі, якія ведаюць цану супраціву. Мы прайшлі праз турмы. Мы не гаворым пра гэта ў тэорыі.

І таму мы прызвычаіліся несці адказнасьць за свае словы.

Пра тое, што сапраўды важна

Мне таксама задалі пытаньне пра гендэр, меншасьці і г.д. Я адказаў шчыра: гэта можа быць важна — але сёньня ў беларусаў ёсьць больш базавая праблема. Людзі ў турмах. Людзі-закладнікі. І пакуль мы не вырашым гэта — ўсё астатняе другаснае.

Паглядзіце самі

Я сьвядома не хачу пераказваць увесь эфір. Паглядзіце самі — там шмат момантаў, якія лепш бачыць у жывой размове:

  • як людзі адказваюць на складаныя пытаньні
  • як трымаюць (або не трымаюць) удар
  • і хто прапануе нешта канкрэтнае, а хто — агульныя словы

Відэа — ніжэй. Калі пасьля прагляду палічыце гэта вартым — буду ўдзячны за падтрымку.

Сьпіс №8 — «Беларусы дзеяньня».




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК

Comments Off on ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК

Сёньня я прыняў удзел у дэбатах на Белсаце разам з Андрэем Коласам і прадстаўніком каманды Паўла Латушкі.

Пакідаю тут поўны запіс эфіру.

Пра што была размова

Фармальна — пра выбары ў Каардынацыйную раду.

Па сутнасьці — пра больш простую рэч: ці дастаткова правільных словаў, або патрэбныя мэханізмы, якія даюць вынік.

Сёньня ў беларускай палітыцы амаль усе гавораць правільныя рэчы. Але праблема ў тым, што гэта рэдка ператвараецца ў канкрэтныя зьмены.

Я спрабаваў у гэтай размове засяродзіцца менавіта на гэтым.

Мая пазыцыя

Беларусь сёньня — гэта сыстэма, у якой людзей, іх родных і бізнэс выкарыстоўваюць як інструмэнт ціску.

Гэта ня толькі пра палітыку. Гэта пра тое, як уладкаваная ўлада і як яна трымаецца.

Калі казаць пра зьмены, то важна не толькі тое, што мы хочам, але і тое, як мы зьбіраемся гэтага дасягаць. Я бачу гэта як камбінацыю трох інструмэнтаў:

  • грамадзянска-прававы ціск (суды, іскі, актывы);
  • крымінальная адказнасьць канкрэтных людзей;
  • міжнародны ціск, заснаваны на разуменьні, што Беларусь — гэта пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.

Без такой сыстэмнай працы словы застаюцца словамі.

Важная рэч, якую варта памятаць

Беларусы гатовыя падтрымліваць тое, у чым бачаць сэнс. Мы гэта бачым па падтрымцы палітвязьняў: людзі дапамагаюць канкрэтным людзям, бо разумеюць, навошта гэта.

Палітыка працуе так сама. Калі ёсьць разуменьне, што дзеяньні даюць вынік — зьявіцца і давер, і падтрымка.

Пра бізнэс і людзей

Асобна хачу падкрэсьліць: бізнэс у Беларусі часта дзейнічае пад ціскам і пагрозамі.

Гэта не “ворагі” і не “абстрактная эканоміка”. Гэта людзі, якія таксама апынуліся ў сытуацыі закладніцтва. Іх варта разглядаць як частку грамадства, з якой трэба працаваць, а не як групу, якую трэба адштурхоўваць.

Замест высновы

Фармат дэбатаў быў кароткі, і не ўсё можна было сказаць. Але галоўная думка, якую я хацеў данесьці, простая: пытаньне не ў тым, каб сказаць яшчэ адну правільную рэч, а ў тым, каб пачаць дабівацца выніку.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Comments Off on ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Блок беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня» падаў у выбарчую камісію сьпіс кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.

У аснове сьпісу — людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, турмы, валянтэрскую працу, вайну ва Ўкраіне і іншыя формы рызыкі і адказнасьці. Гэта прадстаўнікі той часткі беларускага грамадзтва, якая ўжо заплаціла кошт за сваю пазыцыю і таму глядзіць на палітыку не як на сымбалічную дзейнасьць, а як на інструмэнт дасягненьня выніку.

Блок «Беларусы дзеяньня» зыходзіць з таго, што сучасная Беларусь жыве ў рэжыме сыстэмнага закладніцтва — праз палітвязьняў, ціск на сем’і, шантаж бізнэсу і грамадзтва ў цэлым. У гэтых умовах палітыка мае сэнс толькі тады, калі яна здольная ўплываць на мэханізмы ўлады, а не толькі іх камэнтаваць. Менавіта таму «Беларусы дзеяньня» разглядаюць зьнішчэньне гэтага мэханізму як цэнтральную задачу: без гэтага любыя размовы пра рэформы і зьмены застаюцца пустымі.

Удзел у выбарах у Каардынацыйную раду «Беларусы дзеяньня» разглядаюць як спробу зрабіць гэты орган рэальным месцам прыняцьця палітычных рашэньняў — з выразнай адказнасьцю, празрыстасьцю і стратэгічнай дыскусіяй, а не толькі пляцоўкай для заяваў.

Асобная ўвага ў блоку надаецца салідарнасьці паміж рознымі групамі беларускага грамадзтва. У тым ліку — беларускаму бізнэсу, які ўнутры краіны часта становіцца аб’ектам ціску і шантажу і фактычна таксама аказваецца закладнікам сыстэмы. Блок разглядае гэтых людзей як частку грамадзтва, якая заслугоўвае прадстаўніцтва і падтрымкі, а не падазрэньняў.

Палітычная пазыцыя «Беларусаў дзеяньня» заснаваная на разуменьні, што будучыня Беларусі вызначаецца ня толькі ўнутранымі працэсамі, але і вайной Расеі супраць Украіны. Падтрымка Ўкраіны разглядаецца як ключавая зьнешнепалітычная задача і неабходная ўмова вяртаньня Беларусі дзяржаўнай суб’ектнасьці, а рэгіёну — устойлівай бясьпекі.

Блок «Беларусы дзеяньня» не абяцае хуткіх і простых рашэньняў. Але ён прапануе іншы падыход: менш сымбаляў — больш адказнасьці за вынік; менш канкурэнцыі за прадстаўніцтва — больш працы над рэальным уплывам.

Падача сьпісу — гэта не фінал, а пачатак працэсу, у якім пытаньне стаіць проста: ці здольная беларуская палітыка вярнуць сабе сувязь з рэальнасьцю і пачаць яе мяняць.

У першую тройку сьпісу блока «Беларусы дзеяньня» ўвайшлі дзеячы Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі — Юрась Зянковіч, Іна Шырокая і Анатоль Хіневіч.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Blue Taste Theme created by Jabox