By Юрась ЗянковічComments Off on РЭФЛЕКСІІ І РЭАКЦЫІ НА МАЁ ВІДЭА ЗЬ ЛЮДАЖОРАМ
За апошнія два дні я ўважліва паглядзеў, як “адгукнулася” ў сэрцах і розумах людзей мая дыскусія з Юрыем Церахам.
Карціна атрымалася паказальная.
“Наша Ніва” напісала вялікі матэрыял — з кантэкстам, цытатамі, ацэнкамі. Спасылку на самі дэбаты ў тэксьце даць пабаяліся, але анонс у сацсетках ёсьць: хто хоча, той знойдзе. Маё прозьвішча напісалі правільна, і маю (сама)ацэнку агучылі — ужо нядрэнна. Гэта выглядае як рэдакцыйная асьцярожнасьць: гаварыць пра дыялёг — можна, паказаць сам дыялёг — страшна. Фіксую без крыўдаў.
By Юрась ЗянковічComments Off on “КРУГЛЫ СТОЛ” З РЭЖЫМАМ: ВОСЬ ЯК ГЭТА ВЫГЛЯДАЕ НАСАМРЭЧ
Некаторыя апазіцыйныя асобы ўжо душу зьелі сваімі просьбамі «давайце круглы стол», «трэба размаўляць», «трэба пачуць другі бок», «без дыялогу нічога не атрымаецца».
Я ўвесь час думаў: а як вы сабе гэта ўяўляеце? З кветкамі? З мадэратарамі? З эўрапейскімі гарантыямі? З кава-брэйкам і словамі “мы ўсе памыліліся”?
Дык вось, мы вырашылі змадэляваць для вас рэальны круглы стол з махровым прадстаўніком рэжыму. Вось вам дыялог. Глядзіце самі, як выглядае “другі бок”, зь якім нам прыдзецца мець справу.
Размаўляем напрамую, без пасярэднікаў, без фільтраў, без ілюзіяў.
Я, Юрась Зянковіч, супраць Юрыя Цераха, публіцыста «СБ. Беларусь сегодня». Твар у твар. Пра 2020 год. Пра гвалт. Пра суды. Пра “ўсё было па законе”. Пра што нас усіх чакае ў бліжэйшай будучыні.
Калі вам здаецца, што “рэальны круглы стол” мусіў бы выглядаць інакш, дык у мяне для вас іншага рэжыму няма.
Гэта і ёсьць іхняя нармальнасьць, іхняя логіка. Гэта і ёсьць іхняе разуменьне “дыялогу”.
Спойлер: — тут няма прымірэньня; — тут няма кампрамісу; — тут няма чароўнай фразы, пасьля якой “усе ўсё зразумеюць”.
Ёсьць толькі вельмі халодная размова, у якой нарматыў “усё было па законе” развальваецца пры першых жа пытаньнях; працэдуры аказваюцца рытуалам, у якім суддзя штампуе ўсё, што яму прыносяць; а дзяржаўны прапагандыст гаворыць, што так і мусіць быць, што гэта і ёсьць нармальнасьць, што так функцыянуе “любая” дзяржава.
І галоўнае. Робіцца бачна, што беларуская дзяржава баіцца нават ня вуліцы — яна баіцца простых словаў.
Гэта відэа яшчэ доўга будзе хадзіць па коле. Ёсьць усе падставы меркаваць, што яго будуць цытаваць, перакручваць, выкарыстоўваць у тым ліку ў дзяржаўнай прапагандзе.
Як звычайна: з выразанымі кавалкамі і “правільнымі” акцэнтамі.
Таму мая парада простая: паглядзіце цалкам. не ў нарэзках. не па чужых камэнтарах.
А ўжо потым можна зноў паразважаць пра “іншы фармат дыялогу”, “страчаныя магчымасьці”, ці “калі б тады ўсе былі разумнейшыя”.
Пасьля гэтага відэа такія размовы гучаць значна меньш пераканаўча.
P.S. Для тых, хто дагэтуль лічыць, што праблема 2020-га была ў лозунгах, эмоцыях або “няправільнай тактыцы”: гэтае відэа — нэйтральна-іранічны, але вельмі халодны душ.
P.P.S. Так, гэта не прыемна глядзець. Так, гэта раздражняе. Не, інакш з гэтым рэжымам не размаўляюць. Пастарайцеся ўсё ж даглядзець да канца, нават калі вас цягне ванітаваць. Проста, каб у вас не было іллюзіяў і аллюзіяў.
Юрась Зянковіч — беларуска-амэрыканскі адвакат, палітык, грамадзкі дзяяч і былы палітвязень, які змагаецца за прыцягненьне да адказнасьці за дзяржаўныя злачынствы і падтрымлівае ўсіх, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў. Ён вылучаны кандыдатам у Прэзыдэнты Беларусі ад Партыі БНФ, прэзыдэнт 501(c)(3) арганізацыі Belarusian Democracy Institute Inc., а таксама кіраўнік юрыдычнай фірмы ў ЗША. З 2018 году жыве ў Х’юстане (Тэхас), працуе зь беларускімі прадпрымальнікамі і стартапамі, дапамагае адаптавацца на Захадзе тым, хто вымушаны быў зьехаць з краіны пад ціскам.
Юрась нарадзіўся ў Менску ў 1977 годзе, з маладосьці далучыўся да дэмакратычнага руху, быў дэпутатам, юрыстам, прадпрымальнікам. У ЗША скончыў Fordham Law School у Нью-Ёрку і адкрыў Law Office of Youras Ziankovich, P.C., якая працуе як з індывідуальнымі кліентамі, так і з кампаніямі з агульнай капіталізацыяй у дзясяткі мільёнаў даляраў.
У 2021 годзе Зянковіч быў гвалтоўна выкрадзены спэцслужбамі ў Маскве і дастаўлены ў Менск, дзе асуджаны на 11 гадоў за “змову з мэтай захопу ўлады”. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем, а Ўрад ЗША — wrongfully detained U.S. citizen (незаконна захоплены грамадзянін ЗША). Ён правёў больш за чатыры гады ў ізаляцыі, трымаў галадоўкі і пратэст, але ня страціў годнасьці і волі.
Пасьля вызваленьня ў 2025 годзе Юрась вярнуўся да грамадзкай дзейнасьці. Сёньня ён рыхтуе асабісты і грамадзкі пазоў супраць КДБ Беларусі ў фэдэральным судзе ЗША на суму больш за $30 млн — справа, якая павінна стаць прэцэдэнтам міжнароднай адказнасьці за катаваньні. Гэта ня толькі юрыдычная ініцыятыва, але і аснова шырэйшай стратэгіі: аб’яднаць вакол справы ўсіх, хто пацярпеў — незалежна ад палітычных поглядаў, прафэсіі ці сацыяльнага статусу. Юрась падкрэсьлівае, што беларускі бізнэс, а ў шырэйшым сэнсе — ўсе беларускія грамадзяне вымушаныя плаціць за маўчаньне або свабоду сваякоў, а значыць, таксама зьяўляюцца закладнікамі, а не саўдзельнікамі рэжыму.
Зянковіч не імкнецца да асабістай помсты. Яго мэта — паказаць, што нават у выгнаньні магчыма дамагчыся справядлівасьці праз права, факты і супольную волю. Ён вядзе дыялёг з дэмакратычнымі палітыкамі, праваабаронцамі, былымі чыноўнікамі, актывістамі і прадпрымальнікамі. Для гэтага выкарыстоўвае тры арганізацыйныя інструмэнты: юрыдычную фірму, фонд падтрымкі палітвязьняў і фінансавую структуру для дапамогі беларускім праектам. Усё гэта служыць агульнай мэце — пабудове будучай Беларусі, у якой свабода, годнасьць і адказнасьць будуць закладзенымі каштоўнасьцямі, а не рызыкамі.