Паміж Вашынгтонам і Менскам ужо дзейнічае рэгулярны перамоўны канал. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што сустракаецца са спецпрадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам прыкладна раз на тыдзень або дзесяць дзён. Паводле яго, амэрыканскі бок перадаў Менску новыя прапановы, Лукашэнка даў даручэньні, а адказ будзе перададзены Коўлу ў Нью-Ёрку.
Сам Лукашэнка адначасова заявіў, што амэрыканцы разумеюць, «што мы можам, а што не», і асобна падкрэсьліў нязьменнасьць адносінаў з Расеяй, Кітаем і Іранам.
У гэтай фразе схаваная галоўная праблема ўсёй амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі. Вашынгтон вядзе перамовы з чалавекам, які кантралюе турмы, але не кантралюе стратэгічны курс краіны.
Лукашэнка можа вызваляць палітвязьняў, адкрываць асобныя эканамічныя каналы і перадаваць сыгналы. Але ён ня можа самастойна вывесьці Беларусь з расейскай вайсковай сыстэмы, спыніць выкарыстаньне яе тэрыторыі ў інтарэсах Крамля або пераарыентаваць дзяржаву на Захад.
Таму беларускае пытаньне для ЗША значна шырэйшае за звычайную санкцыйную дыпляматыю. Гэта выпрабаваньне таго, як вялікая дзяржава павінна працаваць з залежнымі рэжымамі, якія захоўваюць уласны сьцяг і ўрад, але выконваюць стратэгічную функцыю чужой імпэрыі.
Вызваленьне амэрыканскіх грамадзянаў і беларускіх палітвязьняў зьяўляецца неабходнай мэтай. Але нацыянальны інтарэс ЗША не вымяраецца толькі колькасьцю людзей, якія выйшлі з турмы. Вашынгтон таксама зацікаўлены ў стрымліваньні Расеі, захаваньні эфэктыўнасьці санкцыяў, недапушчэньні абыходу экспартнага кантролю і прадухіленьні новага захопу амэрыканцаў у якасьці закладнікаў.
Галоўнае пытаньне павінна гучаць так: якую доўгатэрміновую стратэгічную выгаду ЗША атрымліваюць за кожную саступку?
Калі санкцыі здымаюцца з беларускіх банкаў, калійных кампаніяў або іншых дзяржаўных структураў, вызваленыя рэсурсы могуць падтрымліваць ня толькі беларускую эканоміку. Яны могуць зьменшыць выдаткі Расеі на ўтрыманьне саюзьніка, пашырыць доступ да валюты і дапамагчы лягістычным структурам, уключаным у расейскую вайскова-прамысловую сыстэму.
У такім выпадку ЗША рызыкуюць заплаціць двойчы: спачатку санкцыйнай саступкай за вызваленьне людзей, а потым дадатковымі выдаткамі на стрымліваньне ўмацаванага расейскага блёку.
Менавіта таму падыход Джона Коўла заслугоўвае канструктыўнай, але прынцыповай крытыкі. Сам факт перамоваў ня ёсьць памылкай. Памылкай было б прыняць Лукашэнку за самастойнага партнэра і ўзнагароджваць яго за абяцаньні, якія ён ня здольны выканаць без згоды Масквы.
Вашынгтону варта аддзяляць гуманітарныя дамоўленасьці ад стратэгічнай нармалізацыі. Кожнае санкцыйнае паслабленьне павінна быць вузкім, часовым, адклікальным і прывязаным да правяральных дзеяньняў. Яно павінна выключаць выкарыстаньне новых фінансавых каналаў у інтарэсах расейскага вайскова-прамысловага комплексу і не ствараць стымулу для новых захопаў закладнікаў.
Пазыцыя Каардынацыйнай рады пра несамастойнасьць Лукашэнкі ў гэтым кантэксьце важная не як апазыцыйны лёзунг, а як стратэгічнае папярэджаньне. ЗША могуць дамовіцца з ім пра дзьверы турмы, але ня могуць празь яго перапісаць архітэктуру бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе.
Амэрыканская grand strategy павінна зыходзіць з простага прынцыпу: гуманітарныя посьпехі не павінны субсыдаваць геапалітычнага праціўніка.
Вызваляць людзей трэба. Але рабіць гэта варта так, каб не фінансаваць сыстэму, якая захоўвае беларускую дзяржаўную форму, адначасова ператвараючы краіну ў актыў Крамля
