— Вы ня падкажыце, дзе можна разжыцца жоўтай біркай? — ветліва спытаў малады чалавек, які яшчэ нядаўна працаваў у ІТ-кампаніі ў Парку высокіх тэхналогіяў і лічыўся там экспертам па гульнях-“стралялках”.
— Прабачце, а вы хто? — насцярожана спытаўся зонаўскі “кум”.
— Дык я ж ужо два разы быў затрыманы на пікеце, адзін раз мяне аблаяў матам сьледчы на допыце… А яшчэ я неаднаразова лайкаў Ціханоўскую. Думаю, я заслужыў на такі знак?
— Ааа, дык вы добраахвотнік. Ну што ж, падпісвайце тут, тут і тут. Зараз атрымаеце бірку. Але ведайце: назад ужо нельга. У вашай асабовай справе цяпер будзе адпаведная адзнака.
Ён узяў жоўты аркуш паперы і засунуў у друкарку. Потым акуратна нажніцамі выразаў простакутнік і заламінаваў яго, пасьля чаго прылепіў да грудзяў прасіцеля. Там былі: фотка без валасоў (цяпер модна — “турэмны лук”), артыкулы (130-3, 289, 361, 361-3 і 369), тэрмін — “10 гадоў”
— Існуе магчымасьць героізацыі, — сказаў “кум”. — Можаце атрымаць дадатковы тэрмін па 411-м артыкуле. Бонусам.
Усьміхнуўшыся ўласнаму жарту, “кум” на асабовую справу прасіцеля ляпнуў штамп: “спрычынены да злачынства дзяржаўнай важнасьці”. І маркерам правёў чырвоную паласу па дыяганалі вокладкі.
— Цяпер парадак, — задаволена рухкнуў “кум”.
— І што цяпер будзе? — спытаў хлопец.
— Цяпер вы — грамадзянін катэгорыі “патэнцыйна небясьпечны для стабільнасьці”. Вам нельга нідзе працаваць, апроч прыборкі двароў. А яшчэ вас нельга наймаць на дзяржаўную працу, абслугоўваць у цырульні і ўзгадваць у навінах. Але праз гэта вас абавязкова заўважаць усе, хто яшчэ думае, што ім нічога ня будзе. На вашых грудзях цяпер маркер, як у тых, хто некалі насіў зорку Давіда. Толькі рэлігія тут іншая: наіўная вера ў закон пры дыктатуры. Вас ня можна не заўважыць.
— А можна… чырвоную?
— Гэта пазьней. Калі заслужыце. Чырвоную даюць толькі анархістам. У вас усё яшчэ наперадзе. Ідзіце вывучайце працы Пляханава.
Continue reading this entry »


Telegram