19 чэрвеня 2026 году Каардынацыйная Рада Беларусі прыняла заяву, ініцыяваную фракцыяй «Беларусы дзеяньня», у сувязі з трагічным інцыдэнтам з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у Бранскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.
У прынятай заяве Каардынацыйная Рада выказала спачуваньні сям’і загінулай жанчыны, а таксама ўсім пацярпелым. Дакумэнт утрымлівае заклік да ўсіх бакоў узброенага канфлікту строга выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права і пазьбягаць дзеяньняў, якія могуць прывесьці да гібелі або раненьня мірных жыхароў, асабліва дзяцей.
Каардынацыйная Рада таксама адзначыла адказнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які працягвае арганізоўваць паездкі беларускіх дзяцей у краіну, што вядзе поўнамаштабную вайну і рэгулярна падвяргаецца вайсковым атакам. Такія рашэньні сьвядома павялічваюць рызыкі для жыцьця і здароўя дзяцей і не могуць разглядацца як нармальная практыка ў сучасных умовах.
Асобна Каардынацыйная Рада зьвярнулася да грамадзян Беларусі з заклікам устрымлівацца ад паездак у Расейскую Фэдэрацыю, асабліва ў рэгіёны, набліжаныя да зоны баявых дзеяньняў. Вайна, распачатая расейскім кіраўніцтвам супраць Украіны, стварае рэальную пагрозу для ўсіх людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, незалежна ад іх грамадзянства.
Фракцыя «Беларусы дзеяньня» выступіла ініцыятарам прынятага дакумэнту. Мы перакананыя, што жыцьцё і бясьпека беларускіх дзяцей не павінны станавіцца інструмэнтам прапаганды або ахвярай безадказных палітычных рашэньняў. Дзяржава існуе дзеля абароны сваіх грамадзян, а не дзеля стварэньня для іх дадатковых пагрозаў.
Уцягваньне Беларусі ў расейскую вайсковую палітыку ўжо прывяло да цяжкіх наступстваў для краіны. Таму кожны выпадак, калі беларускія грамадзяне, асабліва дзеці, аказваюцца пад пагрозай праз дзеяньні ўладаў, патрабуе выразнай грамадзкай і палітычнай рэакцыі.
Бясьпека беларускіх дзяцей павінна быць вышэй за прапаганду, палітычныя інтарэсы і геапалітычныя гульні. Менавіта з гэтага прынцыпу зыходзіла Каардынацыйная Рада, прымаючы дадзеную заяву. Мы будзем пасьлядоўна адстойваць падыход, пры якім інтарэсы і бясьпека людзей важнейшыя за палітычныя спэкуляцыі.