Сёньня шмат хто ўспрымае падзеі вакол нас праз прызму кансьпіралогіі: маўляў, усё ідзе паводле таемных змоваў, сакрэтных лябараторый і падпольных дамоўленасьцяў. Але ці сапраўды гэта так? І ці можам мы зразумець геапалітыку, калі будзем здагадвацца, а ня глядзець на факты?
Дазвольце мне прапанаваць свой погляд — просты, але заснаваны на рэальным аналізе таго, што адбываецца ў сьвеце.
Не зь сябе трэба пачынаць
Адна з галоўных памылак беларусаў, украінцаў і расейцаў — гэта ўпэўненасьць, што ўвесь сьвет круціцца вакол іх краіны. Мы называем гэта беларусацэнтрызмам, украінацэнтрызмам, расейскацэнтрызмам. Іншымі словамі — перакананьне, што ўсё, што адбываецца ў сьвеце, робіцца з-за нас ці дзеля нас.
Але гэта — ілюзія. Насамрэч кожная краіна глядзіць на падзеі праз уласныя інтарэсы, фармаваныя гісторыяй, геаграфіяй, памяцьцю, страхам і эканомікай.
«Нельга зразумець паводзіны дзяржавы, не зразумеўшы яе геапалітычнага становішча» — Джордж Кэнан.
Як глядзяць на сьвет у Маскве, Пэкіне і Вашынгтоне
Масква — Хартлэнд
Брытанскі геапалітык Хэлфард Макіндэр яшчэ ў 1904 годзе сфармуляваў канцэпцыю Хартлэнду — цэнтра кантынэнту, які кантралюе «Сусьветны востраў» (Эўразію і Афрыку), а значыць, і свет.
«Той, хто кантралюе Усходнюю Эўропу, кантралюе Хартлэнд…» — Х. Макіндэр
З гэтага пункту гледжаньня Расея дзейнічае пасьлядоўна: спрабуе не дапусьціць чужога кантролю над сваёй «зонай уплыву».
Кітай — Паднябёсная Імпэрыя
Кітай дагэтуль бачыць сябе цэнтрам цывілізацыі. Навакол Кітая ўсе астатнія — гэта варвары. А варвары альбо падпарадкоўваюцца, альбо зь імі трэба змагацца. Але нават тыя, хто перамагае Кітай (а такое здаралася даволі часта), з часам «кітаізуюцца». Гэта цывілізацыйная парадыгма, а не імпэрыялізм у заходнім разуменьні.
ЗША — дактрына Монро
ЗША гістарычна прытрымліваюцца прынцыпу: у Эўропе вы самі, наш прыярытэт — заходняе паўшар’е. Гэта і ёсьць дактрына Монро. І толькі калі праблемы ў Эўропе пагражаюць глябальна — Амерыка ўключаецца. Так здаралася ў 1917 годзе, у сьнежні 1941 года, пасьля Другой сусьветнай вайны Амэрыка ачоліла антыкамуністычную кааліцыю свабодных краінаў. Так здараецца пэрыядычна і ў нашыя дні.
Беларусь: паміж імпэрыямі і на скрыжаваньні артэрый
Беларусь — гэта ня край геапалітычнай карты, а яе стратэгічны вузел. Мы ляжым на скрыжаваньні двух гістарычных гандлёвых і ваенных артэрый:
- поўнач–поўдзень — ад Балтыкі да Чорнага мора (Дняпро, Кіеў, Чарнігаў, Смаленск, Полацак);
- захад–усход — ад Парыжа і Берліна да Масквы.
У ХХІ стагодзьдзі гэта ўжо не толькі шляхі тавараў — гэта напрамкі ўплываў, энэргетыкі, інфармацыі і вайны. І калі гэтыя артэрыі пераразаныя, Беларусь траціць сваю ролю. З краіны-маста мы пераўтвараемся ў тупік.
Як раз зараз так і сталася: маршрут “поўнач-поўдзень” перарэзаны баявымі дзеяньнямі ва Ўкраіне, а маршрут “захад-усход” перарэзаны санцкыямі і канфліктам з Эўразьвязам. Гэта вельмі небясьпечна для нас у плане абароны суверэнітэту і незалежнасьці.
Наш нацыянальны інтарэс — гэта не выбар паміж Захадам і Усходам. Гэта выбар на карысьць сябе. Мы маем права:
- на сувэрэнітэт, які не прадаецца і не “арэндуецца”;
- на стабільнасьць, не падпарадкаваную чужым вайсковым сцэнарам;
- на гандаль у абодва бакі, а не толькі на ўсход;
- на армію, якая абараняе народ, а не рэжым;
- на вонкавую палітыку, якая зыходзіць з нашай геаграфіі, а не чужой ідэалогіі.
У нашай гісторыі шмат разоў Беларусь станавілася полем чужых бітваў. Але XXI стагодзьдзе — час, калі мы можам стаць суб’ектам, а ня толькі аб’ектам палітыкі.
Наш геапалітычны выбар — гэта ня нейкі “зьнешнепалітычны курс”, а права быць самімі сабой.
І калі нейкі дыктатар яшчэ трымаецца за ўладу, бо баіцца, што яго армія перастане яго абараняць — гэта не стратэгія. Гэта адчай. Нашая будучыня пачынаецца там, дзе заканчваецца чужы страх.
Беларусь і вайна: дзе наш інтарэс?
Цяпер шмат размоваў: Лукашэнка стварае пагрозу суседзям, Беларусь вось-вось уступіць у вайну.
Гэтая вайна нам не патрэбная.
І нават асабістыя інтарэсы Лукашэнкі цяпер супадаюць з нацыянальнымі — ён не хоча ваяваць, бо ведае: армія — гэта ягонае апошняе апірышча. А каб армія не паўстала супраць яго ўлады — лепей не адпраўляць яе на фронт.
Нам як нацыі патрэбна стабільнасьць і аднаўленьне гандлю: як па лініі «Поўнач–Поўдзень», так і «Захад–Усход». Абедзьве артэрыі сёньня перарэзаныя з-за канфліктаў — і гэта пагроза нашаму сувэрэнітэту, бо аслабляе эканоміку і стварае суцэльную залежнасьць ад Расеі.
Кожны мае сваю логіку
Палякі баяцца прарыву праз Сувалкскі калідор. Нямеччына і Францыя хочуць стабільнасьці. Брытанія заўсёды — за балянс сілаў і інтарэсаў.
«Эўропа трымаецца на балянсе, а не на перамозе» — Генры Кісінджэр
І ўсе будуць падтрымліваць Украіну, пакуль Расея не спыніцца.
Геапалітыка вайны: Расея супраць Украіны
Вайна паміж Расеяй і Украінай — гэта канфлікт геапалітычных інтарэсаў, дзе сутыкнуліся два бачаньні будучыні рэгіёну.
Для Расеі
«Без Украіны Расея перастае быць Эўразійскай імпэрыяй.» — Збігнеў Бжэзінскі
Украіна — частка Хартлэнду, і яе незалежнасьць — пагроза расейскай ідэі імпэрыі. Таму Расея не можа яе «пусьціць».
Для Украіны
Украіна хоча гарантый бясьпекі — праз НАТА, эканамічную інтэграцыю і цывілізацыйны выбар. У супрацьлеглым выпадку — пастаянная небясьпека і паглынаньне.
Канфлікт сутнасны
Інтарэсы Расеі і Ўкраіны непрымірымыя. Гэта вайна за цывілізацыйную прыналежнасьць. І пакуль адзін з бакоў ня зьменіць парадыгму — гэта ня скончыцца.
Замест эпілёгу
Сьвет — гэта не змова. Гэта складаная сістэма інтарэсаў і памяці. Каб захаваць Беларусь — трэба разумець, як на нас глядзяць іншыя.
І часам, каб застацца ўбаку ад вайны, трэба проста дзейнічаць разважліва.
Не як пешка — а як суб’ект.