Мяне завуць Юрась Зянковіч. Я беларускі палітык, амэрыканскі адвакат і былы палітычны зьняволены.
Большую частку дарослага жыцьця я займаюся тым, што знаходзіцца на скрыжаваньні палітыкі, права і грамадзкай адказнасьці. Мяне цікавіць ня толькі тое, якой Беларусь павінна стаць, але і больш складанае пытаньне: як ператварыць правільныя словы ў інстытуты, якія сапраўды працуюць.
Менавіта таму галоўныя тэмы гэтага сайта — Беларусь, права, палітычныя рэпрэсіі, міжнародная бясьпека, дзяржаўнасьць і адказнасьць за рашэньні.
Беларусь
Я нарадзіўся ў Менску ў 1977 годзе і далучыўся да беларускага дэмакратычнага руху яшчэ ў 1990-я.
Быў актывістам і рэгіянальным кіраўніком Партыі БНФ, удзельнічаў у выбарчых кампаніях і грамадзкіх ініцыятывах, быў дэпутатам Ждановіцкага сельскага і Менскага раённага саветаў. У той час беларуская палітыка яшчэ захоўвала рэшткі магчымасьцяў для адкрытай канкурэнцыі, але аўтарытарная сыстэма ўжо хутка закрывала іх адну за адной. Мой асабісты досьвед мясцовага самакіраваньня і палітычнай працы пачаўся менавіта ў гэты пэрыяд.
Для мяне беларуская палітыка ніколі не была толькі спаборніцтвам за пасады. Гэта перадусім пытаньне пра тое, ці можа грамадзянін разьлічваць на закон, ці існуюць мэханізмы адказнасьці ўлады, і ці застаецца Беларусь самастойнай дзяржавай, здольнай вызначаць сваю будучыню.
Права і Злучаныя Штаты
У 2007 годзе я пераехаў у Злучаныя Штаты.
Юрыдычную адукацыю пачаў атрымліваць ва Ўкраіне, а ў ЗША скончыў праграму LL.M. па амэрыканскім і параўнаўчым праве ў Fordham University School of Law. У 2014 годзе быў дапушчаны да адвакацкай практыкі ў штаце Нью-Ёрк.
Прафэсійна працаваў з іміграцыйным, міжнародным, бізнэсавым і падатковым правам, а таксама з пытаньнямі правоў чалавека.
Амэрыканскі досьвед істотна паўплываў на маё разуменьне палітыкі. У ЗША я ўбачыў ня нейкую ідэальную дзяржаву без памылак, а значна больш важную рэч: сыстэму, дзе права можа быць практычным інструмантам абароны чалавека і абмежаваньня ўлады.
Гэтае разуменьне засталося са мной і пасьля таго, як само права стала для мяне ўжо не прафэсійнай тэорыяй, а пытаньнем асабістага выжываньня.
2021–2025: турма
У красавіку 2021 году мяне затрымалі ў Маскве. Пасьля гэтага я апынуўся ў СІЗА КДБ у Менску і стаў фігурантам так званай «справы змоўшчыкаў». Праваабаронцы прызналі мяне палітычным зьняволеным.
Беларускі суд прысудзіў мне працяглы тэрмін зьняволеньня. Наступныя гады я правёў у турмах і калёніях беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Гэты досьвед моцна зьмяніў маё разуменьне рэпрэсіўнай дзяржавы.
Звонку турма часта выглядае як месца, дзе караюць аднаго чалавека. Знутры вельмі хутка становіцца зразумела, што палітычнае зьняволеньне працуе інакш. Закладнікам становіцца ня толькі вязень. Ціск пераносіцца на сям’ю, сяброў, супрацоўнікаў, бізнэс, людзей, якія спрабуюць дапамагчы.
Менавіта таму я ўсё часьцей выкарыстоўваю паняцьце сыстэмы закладніцтва. Рэпрэсіі ў Беларусі — гэта ня проста набор асобных крымінальных справаў. Гэта мэханізм кіраваньня грамадзтвам праз страх, залежнасьць, пагрозу пакараньня блізкіх, а таксама шантаж і рэкет.
Для мяне гэта ўжо ня тэарэтычная палітычная выснова.
Я бачыў гэтую сыстэму знутры.
30 красавіка 2025 году я быў вызвалены. Да гэтага ўрад ЗША прызнаў мяне амэрыканскім грамадзянінам, які быў неправамерна ўтрыманы за мяжой. Пасьля вызваленьня я вярнуўся да сям’і і да публічнай дзейнасьці.
Пасьля вызваленьня
Турма не зрабіла мяне прыхільнікам простых адказаў. Хутчэй наадварот.
Пасьля вызваленьня для мяне стала яшчэ больш відавочна, што беларуская праблема ня вырашаецца адной заявай, адным пакетам санкцыяў або чаканьнем нейкага чароўнага палітычнага моманту.
Цяпер мая праца засяроджаная на некалькіх зьвязаных паміж сабой напрамках: палітычныя зьняволеныя і людзі, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў; інстытуцыйная праца ў Каардынацыйнай Радзе; міжнародная адвакацыя; прававыя мэханізмы адказнасьці; пытаньні беларускай дзяржаўнасьці і рэгіянальнай бясьпекі.
Асобна для мяне важная тэма палітвязьняў і іх сем’яў.
Вызваленьне канкрэтнага чалавека заўсёды мае найвышэйшую гуманітарную каштоўнасьць. Але палітычна гэтага недастаткова, калі сыстэма здольная заўтра ўзяць новых закладнікаў. Таму мае сэнс працаваць ня толькі дзеля вызваленьня людзей, але і дзеля павелічэньня кошту рэпрэсіяў і разбурэньня самога мэханізму, які робіць палітычнае закладніцтва эфэктыўным інструмэнтам улады.
Тое самае датычыць і беларускага бізнэсу. Бізнэс унутры Беларусі існуе пад пагрозай крымінальнага перасьледу, канфіскацыяў, ціску на супрацоўнікаў і сваякоў. Таму я ня лічу разумным аўтаматычна дзяліць людзей на «чыстых» і «зьвязаных з рэжымам» толькі паводле таго, што яны працягвалі працаваць у Беларусі. Значна важней адрозьніваць сьвядомы саўдзел ад прымусу і шукаць шляхі аб’яднаньня ўсіх, хто пацярпеў ад гэтай сыстэмы.
Беларусь і сьвет
Беларусь для мяне — ня толькі ўнутраная праблема беларусаў.
Геаграфічна і палітычна яна знаходзіцца ў цэнтры рэгіёну, дзе сутыкаюцца інтарэсы Расеі, Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі, Эўрапейскага Зьвязу і ЗША.
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну стала асабліва відавочна, што страта беларускай суб’ектнасьці стварае небясьпеку ня толькі для саміх беларусаў.
Беларусь пад кантролем Масквы — гэта вайсковая і палітычная праблема для ўсяго рэгіёну.
Таму міжнародную размову пра Беларусь мае сэнс весьці ня толькі мовай спачуваньня і правоў чалавека, але і мовай агульных інтарэсаў і бясьпекі.
Незалежная Беларусь патрэбная ня толькі беларусам.
Яна патрэбная рэгіёну, у якім дзяржавы хочуць жыць без пастаяннай пагрозы імпэрскай экспансіі.
Пра гэты сайт
Гэты сайт існуе з 2007 году.
За гэты час ён быў і блогам, і архівам, і месцам для палітычных тэкстаў, прававых разважаньняў, відэа, спрэчак і асабістых нататак.
Я не хачу ператвараць яго ў афіцыйны бюлетэнь з бясконцымі «заявамі ў сувязі з».
Мне значна цікавей захоўваць тут месца, дзе можна думаць услых, спрачацца, вяртацца да старых аргумэнтаў, прызнаваць памылкі і правяраць палітычныя ідэі фактамі.
Мой прынцып даволі просты:
Змаганьне, заснаванае на праве. Праўда, абгрунтаваная фактамі.
У маім жыцьці права часам перамагала, часам прайгравала, а часам выглядала так, нібыта ўзяло працяглы адпачынак без папярэджаньня.
Але я ўсё яшчэ лічу, што альтэрнатыва праву значна горшая.
І ўсё яшчэ веру, што Беларусь мае будучыню як незалежная дзяржава, калі беларусы змогуць злучыць свабоду з адказнасьцю, нацыянальную годнасьць з працуючымі інстытутамі, а палітычныя словы — з вынікам.