Ну, што, спадары алармісты, якія крычалі, што “Трамп набыў закладнікаў у абмен на магчымасьць лукашыстам пастаўляць авіязапчасткі ў Расею”? Выйшла афіцыйнае тлумачэньне Ўрада ЗША, якое канкрэтызуе, што менавіта дазволена (спасылка на дакумант). Шчодра дазволілі 8 белавіяўскім боінгам лётаць куды заўгодна, апроч Расеі. А ўсе межы, апроч расейскай, для гэтых боінгаў зачыненыя. Лётайце на здароўе па Беларусі! А калі парушыце забарону, атрымаеце новыя санкцыі ў плечы.
Больш падрабязны разбор ніжэй у артыкуле “Нашай Нівы”. Як па мне, дык Трамп і яго людзі жорстка пасьцябаліся з Лукі. Дадам да гэтага аналіза толькі тое, што, паводле ўрадавага дакуманта, кожная пастаўка авіязапчастак “Белавіі” патрабуе кожны раз дадатковай праверкі і адабрэньне, каб, увачавідна, пастаўленае ня ўплыла налева.

Арыгінал артыкула: https://nashaniva.com/377216
ЗША паслабілі санкцыі «Белавія», але забаранілі выкарыстоўваць амерыканскія самалёты для палётаў у Расію
Таксама яны забаранілі адзін лукашэнкаўскі борт.
Бюро прамысловасці і бяспекі Міністэрства гандлю ЗША (BIS) 12 верасня 2025 года выдала афіцыйны дазвол на выкарыстанне беларускім нацыянальным авіяперавозчыкам «Белавія» пэўных самалётаў амерыканскай вытворчасці. Аднак у дакуменце захаваны шэраг жорсткіх абмежаванняў, сярод якіх — забарона на палёты ў Расійскую Федэрацыю і іншыя краіны.
Паводле дазволу, «Белавія» можа ажыццяўляць:
– палёты васьмі канкрэтных самалётаў Boeing у/з любых краін (у тым ліку Беларусі),
– іх тэхнічнае абслугоўванне, рамонт і пераабсталяванне,
– пастаўкі абсталявання і запчастак, звязаных з гэтымі самалётамі.
Пры гэтым забаронены:
– палёты ў/з Расіі (уключаючы Крым, Данецкую і Луганскую вобласці), Ірана, Сірыі, Кубы, Паўночнай Карэі,
– выкарыстанне самалёта Boeing 767 з рэгістрацыйным нумарам EW001PA (самалёт, якім карыстаецца сям’я Лукашэнкі),
– транспарціроўка тавараў, калі яны могуць быць выкарыстаны для падтрымкі вайсковых дзеянняў Расіі.
BIS адзначае, што палёты ў забароненыя рэгіёны могуць быць дазволены толькі па індывідуальнай заяве і на падставе асобнага ліцэнзійнага рашэння.