За апошнія паўгады з турмаў у Беларусі выйшлі каля 150 палітвязьняў, сярод якіх ёсьць знакавыя фігуры: Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Фядута, Павал Севярынец, Уладзімер Мацкевіч і іншыя. Гэта стала магчымым дзякуючы складаным і часта нябачным дыпляматычным намаганьням, у тым ліку з боку Злучаных Штатаў — па ініцыятыве прэзыдэнта Дональда Трампа і ў асобе сьпецпасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла.
Але вызваленьне — гэта не фінал.

Сёньня практычна ніхто з гэтых людзей так і не атрымаў нармальных дакумантаў у Эўрапейскім Зьвязе. Безь іх немагчыма легальна жыць, працаваць, лячыцца, падарожнічаць — увогуле будаваць хоць нейкую будучыню. Людзі, якія прайшлі турмы і катаваньні, апынуліся ў новым, ужо мірным, але вельмі рэальным прававым вакуўме.
Хачу сказаць адкрыта: у мяне асабіста такой праблемы не было. У мяне было грамадзянства ня толькі Беларусі (пашпарт якой у мяне скралі), але і Злучаных Штатаў. Таму я меў легальны статус і дакумант для падарожжаў і змог адносна хутка аднавіць нармальнае жыцьцё.
Менавіта таму я лічу сябе маральна абавязаным уступіцца за тых, каму пашанцавала менш.
Гэта не дакор Эўропе. Я разумею, што існуюць працэдуры, абмежаваньні, палітычныя і бюракратычныя рэаліі. Але факт застаецца фактам: больш за сотню людзей, чые лёсы ўжо былі зьмененыя да лепшага міжнародным умяшаньнем, сёньня застаюцца ў па сутнасьці бяспраўным стане.
Таму я публічна зьвяртаюся да Прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа (Donald J. Trump) і сьпецпасланьніка па Беларусі Джона Коўла.
Калі існуючыя мэханізмы ў Эўропе не працуюць або працуюць занадта павольна, мае сэнс разгледзець гуманітарнае рашэньне з боку ЗША. Тым больш, што Злучаныя Штаты ўжо адыгралі ключавую ролю ў выратаваньні гэтых людзей з турмаў.
Гаворка не пра палітыку і не пра міграцыйныя лёзунгі. Гаворка пра канкрэтных людзей, пра адказнасьць і пра давядзеньне пачатай справы да канца.