— людзі, якія ніколі не павінны былі трапляць у турмы. Гэта важная падзея, хаця яна і ня здольная схаваць таго факту, што кожны з гэтых людзей правёў у турме частку свайго жыцьця праз чужы цынізм. Сярод вызваленых — Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Улад Лабковіч, Павал Севярынец, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава і мой калега Максім Знак. Кожны зь іх — увасабленьне той Беларусі, якая стаіць на маральнай трываласьці, а не на дубінках і турэмных дзьвярах.

Асабліва важна для мяне вызваленьне Аляксандра Фядуты — майго падзельніка па так званай “змове па забойстве Лукашэнкі”. Менавіта яго прысутнасьць у гэтай справе была ключавым элемэнтам прапагандысцкай канструкцыі. І тое, што цяпер ён на волі, фактычна закрывае гэтую справу як абсурдны палітычны міраж. Калі “архітэктар змовы” выходзіць на волю — гэта азначае, што ў самога рэжыму няма больш ні сілаў, ні жаданьня трымаць у руках гэты фальшывы наратыў.
Хачу таксама сказаць некалькі словаў падзякі тым, хто зрабіў вызваленьне магчымым. Donald J. Trump узяў на сябе цяжкую і рызыкоўную працу, якая патрабавала ціхага і настойлівага дыпляматычнага націску. John P. Coale — чалавек, які месяцамі вялі перамовы з тэрарыстычным рэжымам Лукашэнкі і зь ягоным главаром, што ўжо не хавае, што гандлюе людзьмі, як таварам. І менавіта гэтая цынічная формула стала асновай чарговага “абмену”.
Тым больш дзіўным выглядае маршрут, які абраў рэжым: ня Польшча, не Летува — а Ўкраіна, якая жыве ў стане вайны. Гэта мае сэнс разглядаць як спробу Лукашэнкі зняць яшчэ адну порцыю “вяршкоў”: другі раз прадаць тых самых людзей, патрабуючы ад Кіева вызваленьня беларускіх шпіёнаў або пралукашэнкаўскіх фігураў. Для рэжыму людзі — гэта не грамадзяне, а ходкая валюта, якой можна карыстацца столькі разоў, колькі знойдзецца пакупнік.
Разам з тым трэба памятаць: тысячы чалавек застаюцца за кратамі. Сярод іх Мікалай Аўтуховіч — прыклад таго, як рэжым пакараў чалавека за прынцыповасьць і адвагу; група Ігара Аліневіча — сымбаль таго, што за спробу змагацца за сваю краіну людзі атрымліваюць тэрміны, якіх не прымае ніводная цывілізаваная сыстэма. За кратамі застаюцца ня толькі актывісты і праваабаронцы, але і дзясяткі бізнэсоўцаў, якіх шантажавалі, прымушалі плаціць за вызваленьне сваіх супрацоўнікаў, або спрабавалі зрабіць “гаманцамі рэжыму”. Я бачыў такіх людзей у турме і памятаю пра іх сем’і — яны заслугоўваюць ня меншай салідарнасьці, чым хто іншы.
Беларусы, якія апынуліся па той бок турэмнай сьцяны, — гэта не толькі палітыкі і праваабаронцы. Гэта шырокая, разнастайная супольнасьць пацярпелых. Рэжым ня дзеліць людзей на “палітычных” ці “непалітычных” — ён карыстаецца імі як закладнікамі, незалежна ад іх прафэсіі. Таму важна разглядаць гэтае вызваленьне не як канец гісторыі, а як пачатак наступнай хвалі салідарнасьці.
Трэба падтрымліваць тых, хто выйшаў на волю, і працягваць змаганьне за тых, хто застаўся. І варта фіксаваць кожны факт шантажу, кожную цынічную “зьдзелку”, кожны абмен, каб ніхто не змог сказаць, што гэтага не было. Бо толькі дакумэнтаваная праўда прыводзіць да адказнасьці — і да справядлівасьці, якая яшчэ наперадзе.


