Калі паглядзець на новую стратэгію нацыянальнай бясьпекі ЗША праз гістарычную лінзу, дык паралелі, што напрошваюцца з перыядам 1939–1941 гадоў, выглядаюць не як абвінавачаньні, а як карысныя падказкі. Тады, як і цяпер, Вашынгтон спрабаваў збалансаваць два імпульсы: заставацца моцай глабальнага ўплыву і адначасна не станавіцца адзіным «лясьніком», які павінен усіх выганяць зь лесу і мірыць паміж сабой. Гэта не слабасьць — гэта рацыянальны падыход да ўласных інтарэсаў, які любая вялікая дзяржава мусіць мець.

У 1939–1941 ЗША разумелі, што вайна ў Эўропе — гэта выклік, але яны таксама разумелі, што краіна павінна спачатку ўзмацніць уласную эканоміку і армію. Нейтралітэт быў формай набыцьця часу, які патрэбны быў для падрыхтоўкі да ўдзелу ў вайне. Сённяшняя НСС-2025, хоць і выглядае стрыманай, мае такі ж сэнс: Амерыка не адмаўляецца ад абавязкаў, яна проста адрозьнівае тое, што зьяўляецца стратэгічным, ад таго, што толькі патрабуе сімпатыі. І ў гэтым ёсьць лёгіка, якую ня варта ігнараваць.
Аднак паралелі з 1939–1941 ідуць далей. Тады ЗША спадзяваліся, што Эўропа сама здолее трохі больш — адбудаваць свае ўмацаваньні, арганізаваць супольную абарону, аб’яднацца перад тварам агрэсіі. Сёньня — вельмі падобная сітуацыя. Вашынгтон не адварочваецца, але дае выразны сыгнал: у эўрапейцаў вялікае поле для ўласнай адказнасьці, асабліва калі гаворка ідзе пра вайну на іх кантыненце. Падаецца, што гісторыя зноў нагадвае тое, што даўно зразумела: бяспека Эўропы — найперш справа самой Эўропы.
У гэтым кантэксьце новая стратэгія ЗША выглядае не як адступленьне, а як заклік да партнэрства ў больш сталым фармаце. Амэрыка застаецца саюзьнікам, але не гарантам, які будзе рабіць за ўсіх увесь цяжкі аб’ём працы (і плаціць за ўсё!). Падобны падыход быў і ў перадваенны час: Вашынгтон падтрымліваў Вялікабрытанію, Францыю, потым СССР, але чакаў, што кожная дзяржава будзе трымаць фронт сама, а не стане няўлоўным пасажырам на караблі.
Калі перавесьці гэты гістарычны наратыў на сучасны ландшафт, дык мы бачым тую ж формулу: ЗША дапамогуць Украіне, але ня зробяць за яе ўсё; яны падтрымаюць Эўропу, але не будуць адзіным слупом яе бяспекі. Гэтае рашэньне не супярэчыць логіцы — яно вяртае кожную рэгіянальную сілу да ўласнай адказнасьці. Для Эўропы гэта нават карысна: кантынент павінен зразумець, што ён больш не можа быць «вечным кліентам бяспекі», як тое было пасьля 1945-га.
І гэта — масток да яшчэ аднаго аспэкту, больш блізкага для беларусаў.
Усе народы, якія хочуць сабе будучыні, мусяць браць на сябе ролю суб’екта, а не аб’екта. У гэтым сэнсе сітуацыя беларускіх дэмакратаў падаецца дзіўна падобнай да эўрапейскай: шмат хто чакае, што зьмены прыйдуць толькі тады, калі ў Вашынгтоне нехта вызначыць суму грантаў, стыпендыяў або накладзе новыя “разбуральныя” санкцыі. Аднак гісторыя вучыць іншаму: хто ня робіць уласнай працы, за таго яе ніхто ня зробіць.
Палітыка вялікіх дзяржаваў заўсёды прагматычная. Гэта не крытыка — гэта рэальнасьць, у якой кожная краіна мусіць шукаць сваю суб’ектнасьць. Іншых ЗША ў мяне для вас няма (як няма і іншага беларускага народу). У 1941 годзе ЗША ўвайшлі ў вайну не таму, што нехта іх прасіў, а таму, што сітуацыя набыла глабальны характар, і выбару ўжо не было. Але ўсе гады да таго яны чакалі, каб іншыя зрабілі сваю частку працы. І гэта не бязглуздасьць, а здаровы падыход вялікай краіны да ўласных інтарэсаў: чаму Джон з Канзасу павінен гінуць за інтарэсы Жака на мяжы з Германіяй (у 1939-м) ці Мыколы пад Запарожжам (зараз)? І нават чаму той Джон павінен плаціць за чужую бясьпеку, калі яго гэтая праблема непасрэдна не датычыць?
Так, паралелі паміж тагачасным і сучасным Вашынгтонам існуюць. Але ў абодвух выпадках ЗША робяць тое, што рацыянальна для іх. Галоўнае пытаньне — што робяць усе астатнія. Бо гісторыя паказвае: калі вялікая краіна робіць паўкрок, малыя павінны рабіць поўны. І толькі тады партнэрства становіцца сапраўдным, а не рытуальным.