У МІННЕАПАЛІСЕ ЗНОЎ ЗАГІНУЎ ЧАЛАВЕК

By Юрась ЗянковічComments Off on У МІННЕАПАЛІСЕ ЗНОЎ ЗАГІНУЎ ЧАЛАВЕК
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Праца Дэпартамента хатняй бясьпекі (DHS) у буйных гарадах ЗША — гэта ўжо даўно не “рутынная апэрацыя федэральнай улады”. Гэта кожны раз сутыкненьне двух сьветаў. З аднаго боку — федэральныя афіцэры, якія выконваюць закон і свае службовыя функцыі. З другога — пратэстная сцэна, якая вакол ICE даўно ператварылася ў асобную індустрыю з фінансаваньнем і штатным праплочаным актывам.

Я буду называць рэчы сваімі імёнамі. Пратэсты супраць ICE — гэта не толькі “выпадковыя людзі з добрым сэрцам”. У такіх месцах амаль заўсёды прысутнічаюць прафесійныя актывісты, для якіх пратэсты супраць “фашысцкага рэжыма Трампа” — гэта аплочваемая праца за грошы. Гэта людзі, якія мэтанакіравана адсочваюць апэрацыі федэралаў, прыязджаюць загадзя, ведаюць маршруты, графікі і тактыку, і чыя дзейнасьць — гэта не спантанны парыў, а сыстэмная праца на зрыў федэральных аперацыяў па барацьбе зь нелегальнымі замежнікамі, некалькі мільёнаў якіх праніклі ў ЗША за часоў Байдэна (часта гэта злачынцы, аб’яднаныя ў банды, і нават трапляюцца тэрарысты). Побач з платнымі актывістамі падцягваюцца і звычайныя грамадзяне, якія шчыра вераць, што “робяць правільна”. Але ў суме гэта дае прадказальны вынік: федэральным афіцэрам пачынаюць замінаць працаваць. Масла ў агонь падліваюць мясцовыя палітыканы, якія будуюць сваю кар’еру на супрацьстаяньні федэральнай уладзе, прычым часта — як тое адбываецца ў Міннесоце — пераходзяць мяжу закону (на словах выступаць супраць федэральнай улады законна; выкарыстоўваць сваю пасаду дзеля зрыву працы федэралаў — злачынства).

Але я зараз не пра палітыкаў, а пра актывістаў — як платных, так і бясплатных. З пункту гледжаньня закону крычаць, пратэставаць і нават здымаць на відэа — легальна. У ЗША гэта права, абароненае 1-й Папраўкай да Канстытуцыі. Але калі людзі лезуць у тактычную зону, перакрываюць доступ, штурхаюць, хапаюць, фізічна ўмешваюцца ў аперацыю — гэта ўжо не “пратэст”. Гэта перашкода выкананьню службовых абавязкаў. З гэтага моманту ў ICE зьяўляецца права прымяняць сілу (пакуль несьмяротную) і нават арыштоўваць саджаць у турму любога, у тым ліку грамадзяніна ЗША. Калі ж актывісты ствараюць пагрозу жыцьцю і здароўю федэральных афіцэраў, тым дазволена па законе ўжываць любыя сродкі, у тым ліку страляць і забіваць тых, хто стварае такую пагрозу. Гэта называецца права на самаабарону, і яно ёсьць у любога жыхара ЗША, у тым ліку ў афіцэра ICE.

Выпадак Рэнэ Гуд каля трох тыдняў таму ня быў ні трагічнай выпадковасьцю, ні “памылкай на пустым месцы”. Яна далёка не выпадкова апынулася ў месцы апэрацыі ICE. Ужо ўсталявана, што Рэнэ Гуд разам са сваёй лесбіянскай “жонай” была прафесійнай актывісткай, мэтанакіравана прысутнічала на такіх апэрацыях (хутчэй за ўсё за грошы) і сьвядома замінала працы афіцэраў. Яе дзеяньні стварылі непасрэдную пагрозу жыцьцю афіцэра, і менавіта таму той інцыдэнт, як бы камусьці ні хацелася яго падаць інакш, выглядаў адносна празрыстым з прававога пункту гледжаньня. Там была зразумелая храналёгія, былі кадры, і было відаць, чаму сытуацыя выйшла з-пад кантролю.

Учарайшы выпадак — зусім іншы. І тут якраз небясьпечна рабіць выгляд, што “ўсё тое самае”.

Алекс Прэці апынуўся каля фэдэральнай апэрацыі ICE не ў вакууме і не ў “стэрыльнай” абстаноўцы. Ён знаходзіўся ў такім самым напружаным кантэксьце, дзе афіцэры ўжо працуюць пад ціскам, у атачэньні людзей, якія ім замінаюць. Паводле публічных матэрыялаў, Прэці быў узброены (гэта законна) і здымаў на тэлефон тое, што адбываецца. Ён наблізіўся да афіцэраў так, што фактычна ўжо замінаў іх працы (а гэта ўжо незаконна – гэта на хвіліначку федэральнае злачынства), і ў нейкі момант паміж ім і імі ўзьнік фізычны кантакт. Далей — сьлёзацёчны газ, валтузьня, яго валяць або прыціскаюць да зямлі. І пасьля гэтага гучаць стрэлы.

Ключавы момант, які шмат хто з “канапавых аналітыкаў” упарта ігнаруе: у публічнай прасторы пакуль няма выразных, бесперапынных кадраў тых самых апошніх сэкундаў — моманту, калі Алекс Прэці быў на зямлі, і калі афіцэр прыняў рашэньне страляць. Няма кадраў, якія паказваюць рукі ў той момант. Няма кадраў, якія дакладна фіксуюць, ці быў рух да зброі. Няма кадраў, якія дазваляюць з боку сказаць: “вось тут пагрозы дакладна не было” або “вось тут яна была відавочная”.

З пункту гледжаньня права гэта прынцыпова. Алекс Прэці меў права быць у публічнай прасторы. Калі ў яго быў дазвол на схаванае нашэньне зброі, ён меў права легальна насіць пісталет. Сам па сабе гэты факт не робіць чалавека злачынцам. Але гэтыя правы не даюць дазволу ўмешвацца ў федэральную апэрацыю. І калі чалавек у такой абстаноўцы набліжаецца, не адступае, уцягваецца ў фізычны кантакт — у афіцэраў узьнікае поўнае права ўжываць абмежаваную сілу. З таго, што бачна на відэа, можна сьцьвярджаць, што гэты этап — сьлёзацёчны газ, захоп, валеньне на зямлю — мог быць цалкам законным.

А вось стрэлы — гэта ўжо не “падтрыманьне парадку”, а крайняя мера. Сьмяротная сіла дапускаецца толькі тады, калі афіцэр “аб’ектыўна і разумна лічыць, што існуе неадкладная пагроза жыцьцю або цяжкай шкодзе”. І тут мы зноў упіраемся ў тое, чаго пакуль няма ў адкрытым доступе: у дакладную карціну таго, што адбывалася ў апошнія імгненьні. Ці меў Прэці рэальны доступ да зброі? Ці выглядала яго дзеяньне як спроба яе выкарыстаць? Ці была зброя ўжо вынятая або кантраляваная афіцэрамі? Пакуль гэта застаецца за кадрам.

Менавіта таму цяпер шкодна і небясьпечна крычаць лозунгамі — у любы бок. Гісторыя з Рэнэ Гуд была зразумелай менавіта таму, што факты былі відавочныя. У выпадку з Алексам Прэці фактаў пакуль недастаткова, каб сумленна сказаць, што адбылося ў тую крытычную секунду.

Калі нас сапраўды цікавіць праўда, а не чарговы інфармацыйны выбух, то адзіная разумная пазыцыя — дачакацца поўных матэрыялаў, у першую чаргу запісаў нагрудных камераў і дакладнай храналёгіі. ICE і DHS працуюць у варожым асяродзьдзі, і гэта факт. Але і ў такім асяродзьдзі ацэнка сьмяротнай сілы павінна грунтавацца на фактах, а не на здагадках. Усё астатняе — гэта не аналіз, а эмоцыі.


Update. Пасьля паўторнага прагляду відэа зьвярнуў увагу на момант, які раней я, як і шмат хто, прапускаў: у час валтузьні, за момант да стрэлу Алекс Прэці правай рукой цягнецца да пояса/кішэні і дастае адтуль чорны прадмет (які аказаўся запасным магазінам да зброі). У кантэксьце фізычнага захопу гэта можа выглядаць як спроба даставаньня зброі і юрыдычна зьяўляецца ключавым фактарам для ацэнкі самаабароны. Ці зьбіраўся пры гэтым ён даставаць зброю, ужо няістотна: значэньне мае толькі тое, што афіцэры маглі палічыць, што ён хацеў яе дастаць. Іх так вучаць: “Вы не абавязаныя чакаць, калі зброю дастануць”.

Менавіта так гэтае відэа чытаюць і людзі з досьведам службы (у тым ліку былыя паліцэйскія). Канчатковую кропку ўсё роўна паставяць bodycam і расследаваньне, але ігнараваць гэты момант — значыць наўмысна скажаць карціну.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Сучаснасьць Амэрыкі, Цікава, Юрыдычныя замарочкі
Blue Taste Theme created by Jabox