Колькі ж цяпер напісалі небыліцаў пра “амэрыканку”. Чытаеш — і часам ня верыш, што гаворка пра тое самае месца, у якім ты сам правёў бяз малага два гады, а нібы танны трыллер табе спрабуюць прадаць пад выглядам сьведчаньняў сядзельцаў!
Кручкі ў столі “мяккага пакоя”, падвешваньні “тры разы на дзень”, лёзунгі на сьценах — усё нібыта з квест-руму. Наступным, напэўна, будзе “расстрэльны пакой” за жалезнымі дзьвярыма, у які Павук (адзін шырокавядомы ў вузкіх колах канваір, які любіць наморднік насіць) заводзіць на экзекуцыю. Легенда старая, баяністая, яе любяць старажылы навічкам распавядаць, каб напужаць мацней — але, глядзіш, зноў пойдзе ў абарот.

Праблема ў тым, што ў КГБ і без гэтых казак хапае злачынстваў. Іх больш чым дастаткова, каб не прыдумляць дадатковых. Турма, ізаляцыя, псыхалягічны ціск, зьдзек, ламаньне — гэта не мастацкая літаратура, гэта руцінная практыка. І калі нехта пачынае абклейваць яе фэйкавымі дэталямі, ён працуе не супраць сыстэмы, а на яе.
Бо хлусьня — гэта падарунак гэбістам. Яна размывае мяжу паміж фактам і выдумкай. Яна дазваляе сказаць: “Ага, зноў перабольшваюць”. Яна робіць так, што сапраўдныя сьведчаньні пачынаюць выглядаць як прапаганда.
Нашая зброя — праўда. Голая, няўтульная, без “мацнейшых за рэальнасьць” дэталяў. І калі праўда слабее, бо нехта вырашыў дадаць драматургіі, — гэта ўжо не памылка. Гэта шкода.
Асобна пра Вясну. Калі ўжо арганізацыі, якія гадамі працуюць з палітвязьнямі і турмамі, і кіраўнікі якіх самі прайшлі праз тую “амэрыканку”, пачынаюць публікаваць небыліцы — гэта ня дробязь і не “эмоцыі людзей”. Гэта падрыў даверу. Менавіта таго даверу, на якім трымаюцца і кампаніі салідарнасьці, і міжнародная ўвага, і ўрэшце лёсы канкрэтных людзей.
Калі вы не ўмееце — або не хочаце — адрозьніваць правераныя сьведчаньні ад фантазіяў, дык скажыце гэта адкрыта. Але не прыкрывайцеся чужым болем, каб прасунуць тэкст, які не вытрымлівае факт-чэкінгу.
Праўда пра беларускія турмы і так дастаткова страшная. Яна не патрабуе ўпрыгожваньняў. Яна не патрабуе мітаў. Яна патрабуе адказнасьці.
А хлусьню пакіньце гэбістам. Яны ў гэтым жанры ўсё роўна лепшыя за вас прафэсіяналы.