Archive

ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Comments Off on ПРЭС-РЭЛІЗ: Блок «Беларусы дзеяньня» падаў сьпіс кандыдатаў у Каардынацыйную раду

Блок беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня» падаў у выбарчую камісію сьпіс кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.

У аснове сьпісу — людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, турмы, валянтэрскую працу, вайну ва Ўкраіне і іншыя формы рызыкі і адказнасьці. Гэта прадстаўнікі той часткі беларускага грамадзтва, якая ўжо заплаціла кошт за сваю пазыцыю і таму глядзіць на палітыку не як на сымбалічную дзейнасьць, а як на інструмэнт дасягненьня выніку.

Блок «Беларусы дзеяньня» зыходзіць з таго, што сучасная Беларусь жыве ў рэжыме сыстэмнага закладніцтва — праз палітвязьняў, ціск на сем’і, шантаж бізнэсу і грамадзтва ў цэлым. У гэтых умовах палітыка мае сэнс толькі тады, калі яна здольная ўплываць на мэханізмы ўлады, а не толькі іх камэнтаваць. Менавіта таму «Беларусы дзеяньня» разглядаюць зьнішчэньне гэтага мэханізму як цэнтральную задачу: без гэтага любыя размовы пра рэформы і зьмены застаюцца пустымі.

Удзел у выбарах у Каардынацыйную раду «Беларусы дзеяньня» разглядаюць як спробу зрабіць гэты орган рэальным месцам прыняцьця палітычных рашэньняў — з выразнай адказнасьцю, празрыстасьцю і стратэгічнай дыскусіяй, а не толькі пляцоўкай для заяваў.

Асобная ўвага ў блоку надаецца салідарнасьці паміж рознымі групамі беларускага грамадзтва. У тым ліку — беларускаму бізнэсу, які ўнутры краіны часта становіцца аб’ектам ціску і шантажу і фактычна таксама аказваецца закладнікам сыстэмы. Блок разглядае гэтых людзей як частку грамадзтва, якая заслугоўвае прадстаўніцтва і падтрымкі, а не падазрэньняў.

Палітычная пазыцыя «Беларусаў дзеяньня» заснаваная на разуменьні, што будучыня Беларусі вызначаецца ня толькі ўнутранымі працэсамі, але і вайной Расеі супраць Украіны. Падтрымка Ўкраіны разглядаецца як ключавая зьнешнепалітычная задача і неабходная ўмова вяртаньня Беларусі дзяржаўнай суб’ектнасьці, а рэгіёну — устойлівай бясьпекі.

Блок «Беларусы дзеяньня» не абяцае хуткіх і простых рашэньняў. Але ён прапануе іншы падыход: менш сымбаляў — больш адказнасьці за вынік; менш канкурэнцыі за прадстаўніцтва — больш працы над рэальным уплывам.

Падача сьпісу — гэта не фінал, а пачатак працэсу, у якім пытаньне стаіць проста: ці здольная беларуская палітыка вярнуць сабе сувязь з рэальнасьцю і пачаць яе мяняць.

У першую тройку сьпісу блока «Беларусы дзеяньня» ўвайшлі дзеячы Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі — Юрась Зянковіч, Іна Шырокая і Анатоль Хіневіч.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


МОЙ КАМЕНТАР ДЛЯ РАДЫЁ “РАЦЫІ”

Comments Off on МОЙ КАМЕНТАР ДЛЯ РАДЫЁ “РАЦЫІ”

Сёньня я даў разгорнуты каментар у прамым эфіры на “Радыё Рацыя” з нагоды слуханьняў у Кангрэсе ЗША па Беларусі, якія адбыліся ўчора, 3 лютага 2026 году. Ніжэй прывожу расшыфроўку эфіра.

Continue reading this entry »


Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


“КРУГЛЫ СТОЛ” З РЭЖЫМАМ: ВОСЬ ЯК ГЭТА ВЫГЛЯДАЕ НАСАМРЭЧ

Comments Off on “КРУГЛЫ СТОЛ” З РЭЖЫМАМ: ВОСЬ ЯК ГЭТА ВЫГЛЯДАЕ НАСАМРЭЧ

Некаторыя апазіцыйныя асобы ўжо душу зьелі сваімі просьбамі «давайце круглы стол», «трэба размаўляць», «трэба пачуць другі бок», «без дыялогу нічога не атрымаецца».

Я ўвесь час думаў: а як вы сабе гэта ўяўляеце? З кветкамі? З мадэратарамі? З эўрапейскімі гарантыямі? З кава-брэйкам і словамі “мы ўсе памыліліся”?

Дык вось, мы вырашылі змадэляваць для вас рэальны круглы стол з махровым прадстаўніком рэжыму. Вось вам дыялог. Глядзіце самі, як выглядае “другі бок”, зь якім нам прыдзецца мець справу.

Размаўляем напрамую, без пасярэднікаў, без фільтраў, без ілюзіяў.

Я, Юрась Зянковіч, супраць Юрыя Цераха, публіцыста «СБ. Беларусь сегодня». Твар у твар. Пра 2020 год. Пра гвалт. Пра суды. Пра “ўсё было па законе”. Пра што нас усіх чакае ў бліжэйшай будучыні.

Калі вам здаецца, што “рэальны круглы стол” мусіў бы выглядаць інакш, дык у мяне для вас іншага рэжыму няма.

Гэта і ёсьць іхняя нармальнасьць, іхняя логіка. Гэта і ёсьць іхняе разуменьне “дыялогу”.

⚠️ Спойлер:
— тут няма прымірэньня;
— тут няма кампрамісу;
— тут няма чароўнай фразы, пасьля якой “усе ўсё зразумеюць”.

Ёсьць толькі вельмі халодная размова, у якой нарматыў “усё было па законе” развальваецца пры першых жа пытаньнях; працэдуры аказваюцца рытуалам, у якім суддзя штампуе ўсё, што яму прыносяць; а дзяржаўны прапагандыст гаворыць, што так і мусіць быць, што гэта і ёсьць нармальнасьць, што так функцыянуе “любая” дзяржава.

І галоўнае. Робіцца бачна, што беларуская дзяржава баіцца нават ня вуліцы — яна баіцца простых словаў.

📌 Гэта відэа яшчэ доўга будзе хадзіць па коле. Ёсьць усе падставы меркаваць, што яго будуць цытаваць, перакручваць, выкарыстоўваць у тым ліку ў дзяржаўнай прапагандзе.

Як звычайна: з выразанымі кавалкамі і “правільнымі” акцэнтамі.

Таму мая парада простая:
👉 паглядзіце цалкам.
👉 не ў нарэзках.
👉 не па чужых камэнтарах.

А ўжо потым можна зноў паразважаць пра “іншы фармат дыялогу”, “страчаныя магчымасьці”, ці “калі б тады ўсе былі разумнейшыя”.

Пасьля гэтага відэа такія размовы гучаць значна меньш пераканаўча.

P.S. Для тых, хто дагэтуль лічыць, што праблема 2020-га была ў лозунгах, эмоцыях або “няправільнай тактыцы”: гэтае відэа — нэйтральна-іранічны, але вельмі халодны душ.

P.P.S. Так, гэта не прыемна глядзець. Так, гэта раздражняе. Не, інакш з гэтым рэжымам не размаўляюць. Пастарайцеся ўсё ж даглядзець да канца, нават калі вас цягне ванітаваць. Проста, каб у вас не было іллюзіяў і аллюзіяў.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Blue Taste Theme created by Jabox