Хачу распавесьці пра выпадак, які адбыўся са мной у міжнародным банкаўскім холдынгу Wise. Гэтая гісторыя — не пра тэхнічную памылку і не пра “алгарытм”. Гэта пра тое, як фінансавая ўстанова сістэматычна дыскрымінуе беларусаў, нават калі яны жывуць у ЗША, плацяць падаткі і маюць бездакорную фінансавую рэпутацыю.
Што адбылося са мной
Я, як вядома, грамадзянін Беларусі і ЗША, былы палітзьняволены, прызнаны Ўрадам ЗША “незаконна выкрадзеным амэрыканцам”. Нейкі час таму адчыніў рахунак у Wise для міжнародных разьлікаў і для ўжываньня ў падарожжах. Але ў кастрычніку здарылася наступнае:
• Wise раптоўна заблякаваў мой рахунак пасьля спробы пераводу грошаў адной з дабрачынных арганізацыяў, што зарэгістраваная ў ЭЗ, і ў назьве якой фігуруе слова “Беларусь”;
• Wise патлумачыў свае дзеяньні тым, што перавод “ускосна” парушае санкцыі супраць Беларусі, а я, на іх думку, займаюся адным зь нелегальных відаў дзейнасьці: ці то гандлюю зброяй, ці то распаўсюджваю порна (ніякай канкрэтыкі канешне ж не падалі);
• у мяне запатрабавалі дадатковую інфармацыю, якую я прадаставіў у поўным аб’ёме — але гэта нічога не змяніла;
• у «апэльляцыйнай працэдуры» мне прапанавалі падаць нумар рахунку, на які мне вернуць сродкі (навошта тады апэльляцыя? сказалі б адразу – мы вяртаем вашыя сродкі, а рахунак застанецца зачыненым).
У выніку я накіраваў фармальную юрыдычную скаргу ў іх Legal Department. Праз некаторы час атрымаў адказ, які можна пераказаць адной фразай:
“Мы ўсё зрабілі правільна і ў рамках закона. Рашэньне канчатковае.”
Без доказаў. Без аргументаў. Без права на паўнавартасны перагляд.
Пасьля гэтага я падаў скаргу ў Consumer Financial Protection Bureau (CFPB) — федэральны ворган, які назірае за выкананьнем банкаўскіх і фінансавых законаў. Таксама скаргі пададзеныя ў адпаведныя структуры ў Вялікабрытаніі і Бельгіі, дзе працуе і ліцэнзуецца Wise.
Чаму я называю гэта дыскрымінацыяй
У палітыцы Wise ёсць формулёўкі, якія адкрыта паказваюць на дыскрымінацыю па грамадзянстве і краіне паходжаньня. Паводле іх унутранай логікі:
• калі ты па паходжаньні беларус,
• нават калі жываеш у ЗША,
• маеш амерыканскія дакументы,
• плаціш падаткі,
• прайшоў усе AML-праверкі,
— усё адно можаш стаць «непажаданым» кліентам, без тлумачэньня і апэльляцыі.
Уся перапіска паказвае, што праблема не ў дакументах і не ў аперацыях — а ў беларускім паходжаньні. Гэта класічны прыклад інстытуцыйнай дыскрымінацыі пад выглядам мінімізацыі рызыкаў парушэньня санкцыяў.
Гэта не толькі пра мяне
За апошнія гады журналісты і праваабаронцы фіксуюць выпадкі, калі беларусаў за мяжой:
• не абслугоўваюць у банках Польшчы, Летувы, Латвіі;
• патрабуюць дадатковыя дакументы, якіх не патрабуюць ад іншых кліентаў;
• блакуюць плацяжы і рахункі проста таму, што чалавек “зьвязаны зь Беларусьсю”;
• прымушаюць да “дадатковых праверак”, якіх няма ў законах, але яны ёсьць у іх карпаратыўнай практыцы.
Гэта фармуе новы пласт дыскрымінацыяў, які паўстаў не праз санкцыі, а праз страх, недасведчанасьць і прыгожыя PR-фармулёўкі.
Найбольш абуральна, што санкцыі ўводзяцца ЗША і Эўропай супраць структураў зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, каб спыніць парушэньне правоў чалавека (у першую чаргу вызваліць палітвязьняў), а на практыцы абарочваюцца прыніжэньнем і дыскрымінацыяй тых, хто ўжо пацярпеў ад рэжыму і вымушаны быў зьехаць з краіны.
Беларусы за мяжой плацяць падаткі, адкрываюць бізнесы, легальна пражываюць — але сутыкаюцца з праблемамі, якіх ня маюць прадстаўнікі іншых краінаў, нават тых што пад санкцыямі.
Што я буду рабіць далей
Я падаю ў суд на Wise. Не дзеля сябе — дзеля таго, каб стварыць прэцэдэнт для ўсіх беларусаў, якіх недзе ў Эўропе або Амерыцы “зачысьцілі на аўтапілоце”.
Судовы пазоў будзе датычыць:
• незаконнай блякады рахункаў;
• парушэньня дамовы пра банкаўскае абслугоўваньне;
• непразрыстасьці працэдураў;
• парушэньня правоў кліента;
• дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце;
• магчымых парушэньняў амерыканскіх фінансавых і спажывецкіх законаў.
Я маю ўсе дакументы, скрыны, копіі электроннай перапіскі, і гатовы публічна выкласьці поўную гісторыю — у судзе і ў медыя.
Чаму журналістам варта за гэтым сачыць
Гэта справа не пра адзін рахунак. Гэта пра тое, што міжнародны фінансавы холдынг:
• працуе на тэрыторыі ЗША, Вялікабрытаніі і Эўразьвязу,
• абслугоўвае мільёны карыстальнікаў,
• але адмаўляе ў паслугах па крытэры беларускага паходжаньня, тобок па такім крытэры, дыскрымінацыя па якім забароненая законам.
Гэта пра тое, што беларусы — новая ўразьлівая група людзей, якіх фінансавыя структуры дыскрымінуюць.
Гэта пра тое, што патрэбная публічная і юрыдычная дыскусія, каб спыніць практыку “сыходу ад адказнасці” пад шыльдай “унутраных правілаў”.
Калі ты журналіст і хочаш зрабіць расследаваньне — я гатовы даць дакументы, каментары і поўную гісторыю.
Хоць я і прывык да жорсткіх сутычак з сістэмамі, але тое, што адбываецца цяпер зь беларусамі ў фінансавым свеце — выходзіць за рамкі закона і агульнай прыстойнасьці.
Калі ў цябе быў падобны досвед, і ты жывеш у ЗША — пішы. Мы мусім аб’яднаць намаганьні.
