Артыкул

ПРА ПРАКОП’ЕВА, ЦІХАНОЎСКАГА І СТРАТЭГІЮ (каментар на матэрыял на “Свабодзе”)

3 хв чытаньня
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Вадзім і Сяргей, канешне, аматары шырокіх стратэгічных абагульненьняў. Але скажу так.

Рэальныя зьмены ў Беларусі, на якія мы можам хоць неяк уплываць, настануць толькі пасьля ваенна-эканамічнай паразы пуцінскай Расеі ва Ўкраіне. Я кажу не “калі яна раптам прайграе”, а “калі прайграе” — пытаньне выключна ў часе.

Чаму? Таму што для Расеі захоп Украіны — адзіны спосаб выйсьці з уласнага стратэгічнага тупіку. Усе іншыя вынікі — або кароткае адцягваньне краху, або сам крах. І пакуль ня будзе вырашаная ключавая праблема (ці “Расея захапіла Ўкраіну”, ці “Расея канчаткова прайграла і сышла з усіх украінскіх земляў”), канфлікт застанецца невырашаным і будзе зноў успыхваць.

Шырокая кааліцыя, якая цяпер падтрымлівае Кіеў, робіць расейскую перамогу фактычна немагчымай. Тут любы іншы сцанар патрабуе ўжо геафізычнага фантастычнага зруху, а не палітычнай рэальнасьці. Патэнцыялы — эканамічныя, тэхналягічныя, вайсковыя — непараўнальныя.

Параза Расеі прывядзе да стану хаосу, блізкага да 1917–1921 гадоў. Які будзе вынік гэтага “пост-расейскага” гойданьня, прадказваць немагчыма. Але адно відавочна: варта разглядаць, што з гэтай турбулентнасьці Расея выйдзе істотна аслабленая.

І вось тут зьяўляецца наш шанец. Падобны да таго, што быў у 1989–1992 гадах. Тады мы скарысталіся ім толькі часткова: незалежнасьць аднавілі, але геапалітычнага павароту на Захад не зрабілі. Новая аслабленасьць Расеі дасьць нам другі шанец — і яго ўжо варта выкарыстоўваць напоўніцу, забясьпечваючы для Беларусі рэальны “парасон” бясьпекі.

Для мяне гэта НАТА. Іншыя варыянты нават разглядаць ня варта.

Што да Эўразьвязу — тут пытаньне спрэчнае. Я асабіста ня думаю, што праект ЭЗ аптымальны для Беларусі ва ўсіх аспэктах. Калі мы зможам атрымаць інфраструктурныя магчымасьці і інвэстыцыі без поўнага ўваходу ў лева-сацыялістычную мадэль Эўразьвязу, гэта можа быць больш выгадным для нашай самастойнасьці. Але гэта ўжо прадмет дыскусіі, а не непарушная аксіёма.

А пакуль украінскі фронт не прывядзе да канчатковага выніку ў выглядзе паразы Расеі, што можам зрабіць мы?

На жаль, уплыў беларускай эміграцыі на ўнутраныя працэсы ў Беларусі цяпер мінімальны. Варта прызнаваць гэта без ілюзіяў. Нават калі Лукашэнка сыдзе натуральным чынам (іншыя варыянты, з улікам яго асабовасьці, можна разглядаць толькі як гіпатэтычныя), ключавы гульнявы цэнтр будзе заставацца ў Маскве. Новы беларускі кіраўнік, якім бы ён ні быў, усё роўна атрымае “ярлык на княжэньне” ў маскоўскім палітычным цэнтры — пры Пуціне ці яго наступніку.

Мы — эміграцыя — на гэтым этапе ня здолеем істотна паўплываць на выбар новага “Бульбашэнкі”. І разважаньні пра “нейтралітэт”, “фінляндызацыю” ці прамое ўступленьне ў ЭЗ у бліжэйшай пэрспэктыве выглядаюць хутчэй як палітычная рамантыка, якой часта захапляюцца людзі шчырыя, але занадта наіўныя.

Выснова такая: мы як той старажытны кітаец, што сядзіць на беразе ракі і назірае, як плынь нясе труп ягонага ворага. Калі труп сучаснай расейскай імпэрыі зьявіцца на гарызонце — дзейнічаць трэба вельмі хутка: у НАТА, у бясьпеку, у геапалітычную стабільнасьць.

Што да ЭЗ — тут можна гандлявацца, тлумачыць, выбіраць. Пытаньне ня першае паводле важнасьці.

Вось такі нечаканы артыкул атрымаўся ў нядзельную раніцу.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Юрась Зянковіч

Пра аўтара

Юрась Зянковіч

Пішу пра палітыку, права і Беларусь. Тут сабраныя артыкулы, дакумэнты, выступы і асабісты архіў.

Пра мяне