Кейс Венесуэлы варта разглядаць не як экзотыку з Лацінскай Амэрыкі, а як люстэрка. Як непрыемнае, але дакладнае папярэджаньне для ўсіх, хто дагэтуль жыве ў ілюзіі, што ў XXI стагодзьдзі ўладу аддаюць за легітымнасьць, маральную рацыю або прыгожыя словы пра дэмакратыю.
Трамп у гэтай гісторыі робіць рэч, якая шмат каго абурае, але якая з пункту гледжаньня палітычнага рэалізму выглядае абсалютна лягічнай: ён ня ставіць на апазыцыю. Ён ставіць на эфэктыўныя эліты — на тых, хто ўжо кіруе краінай, кантралюе сілавікоў, інфраструктуру, рэсурсы і ўмее забясьпечваць парадак. Апазыцыя, нават самая маральна бездакорная, у гэтай мадэлі — лішняя. Не таму, што яна дрэнная, а таму, што яна не апэратар.
І вось тут пачынаецца самае балючае для беларускай рэальнасьці. У нас дагэтуль сур’ёзна абмяркоўваецца тэза, што “ў нас ёсьць легітымны прэзыдэнт”, і што ў нейкі момант Захад гэта прызнае ня толькі на словах, але і на практыцы — і “прывязе” гэтага прэзыдэнта ў Менск. Гэта размовы на карысьць бедных. Ніхто рацыянальна думаючы ня будзе прывозіць апазыцыю да ўлады на браневіку. Ні ў Беларусь, ні ў Венесуэлу, ні куды заўгодна яшчэ. Бо альтэрнатыва дамоўленасьці са старымі элітамі — гэта хаос.

Менавіта таму Захад зноў і зноў выбірае не “добрых”, а “кіраваных”. Старых, карумпаваных, цынічных — але тых, хто здольны трымаць краіну ад распаду. Гэта не пра любоў, не пра сымпатыі і не пра ідэалы. Гэта пра страх паўтарэньня Ірака. Пра страх грамадзянскай вайны, вакуўму ўлады, распаду дзяржаўных інстытутаў і зьяўленьня новых радыкальных сілаў, якія вырастаюць якраз з выкінутых за борт старых элітаў. ІДзІЛ не ўзяўся з паветра — ён узьнік з тых, каго “маральна правільна” пазбавілі ўлады.
Венесуэла паказвае гэта наглядна. Нават калі Мадура сыходзіць — краінай кіруюць тыя ж людзі, толькі без Мадуры. ЗША ўвогуле не размаўляюць з апазыцыяй, не робяць на яе стаўку, не лічаць яе здольнай кіраваць. Яны размаўляюць з тымі, хто кантралюе рэальныя рычагі. Гэта цынічна. Але гэта працуе.
І цяпер самае непрыемнае: тое ж самае будзе і ў Беларусі. Нават у выпадку сыходу Лукашэнкі — па любой прычыне, ад сьмерці да арышту ці зрынаньня — улада не пяройдзе апазыцыі. Яна пяройдзе старым элітам у новай канфігурацыі. Бо альтэрнатыва — нестабільнасьць у краіне паміж Расеяй і Эўразьвязам, і ніхто на гэта не пойдзе.
У лепшым сцэнары апазыцыя атрымае легалізацыю, доступ да палітычнага поля і шанец выйграць першыя адносна свабодныя выбары. Але трэба сказаць гэта ўслых: зь верагоднасьцю 99% гэта ня будзе Сьвятлана Ціханоўская. Не таму, што яна дрэнная ці нешта зрабіла ня так. А таму, што палітыка не захоўвае сымбалі. Яна стварае новых апэратараў пад новую рэальнасьць.
Галоўны ўрок Венесуэлы просты і жорсткі: уладу атрымлівае не той, хто мае рацыю, а той, хто здольны кіраваць. І пакуль беларуская апазыцыя жыве ў ілюзіі, што легітымнасьць сама па сабе адкрывае дзьверы ва ўладу, яна будзе заставацца за гэтымі дзьвярыма — нават пасьля сыходу Лукашэнкі.
Гэта не заклік адмовіцца ад прынцыпаў. Гэта заклік нарэшце выйсьці з дзіцячай казкі. Бо сьвет, у якім “нас павінны прывесьці да ўлады”, не існуе.