За апошнія тры дні столькі дзідаў паламалі вакол “справы Мадура”, і так гучна спрачаюцца пра законнасьць дзеяньняў Урада ЗША, што, здаецца, прыйшоў час даць разгорнуты юрыдычны каментар на тэму.
У дыскусіях пра арышт Нікаласа Мадура і дастаўку яго ў ЗША часта гучыць інтуітыўны аргумэнт: “Яго ж схапілі за мяжой, без экстрадыкцыі — значыць, гэта незаконна, і суд павінен яго адпусьціць”.
З пункту гледжаньня амэрыканскага права — гэта ня так. І тут пачынаецца самае неінтуітыўнае.

1. Прызнаньне важнейшае за пасаду
У міжнародным праве імунітэт кіраўніка дзяржавы не існуе ў вакуўме. Ён працуе толькі тады, калі іншыя дзяржавы прызнаюць чалавека кіраўніком.
Паколькі ЗША пасьлядоўна шмат год афіцыйна заяўляюць, што не прызнаюць Мадура прэзыдэнтам Венесуэлы, ён у іх прававой сыстэме перастае быць “head of state” і становіцца звычайнай фізычнай асобай.
А звычайныя асобы імунітэтам ад крымінальнага перасьледу ў ЗША не карыстаюцца — нават калі яны фактычна кантралююць дзяржаву.
2. Ордэр ёсьць — пытаньні пачынаюць зьнікаць
Супраць Мадура ў ЗША існуе фэдэральны ордэр на арышт (яшчэ з 2020 году) па цяжкіх крымінальных артыкулах: наркатэрарызм, змова, адмываньне грошай. Гэта важна, бо ў амэрыканскай лёгіцы наяўнасьць indictment (абвінавачваньня ў судзе, выносіцца журы прысяжных) або warrant (ордэр на арышт, выдаецца суддзёй пры наяўнасьці доказаў) — ключавы момант.
Калі чалавек апынаецца перад фэдэральным судом на падставе дзеючага ордэра, суд найперш задае сабе толькі адно пытаньне: ці мае ён юрысдыкцыю цяпер.
Наяўнасьць indictment або warrant не робіць сам захоп “законным” (гэта можа быць прадметам асобнага разьбіральніцтва, калі абвінавачваны лічыць гэта неабходным), але азначае, што спосаб дастаўкі звычайна не пазбаўляе фэдэральны суд юрысдыкцыі разглядаць абвінавачваньне, бо не зьяўляецца падставай для яго вызваленьня праз habeas corpus.
3. Habeas corpus — не тое, чым ён здаецца
Чытачы напэўна чулі пра старажытны брытанскі закон habeas corpus act, які з моманту свайго прыняцьця ў 1679 годзе забавязвае суд правяраць законнасьць арышту. Ён дзейнічае і ў ЗША. Многія лічаць habeas corpus інструмэнтам “вышэйшай справядлівасьці”.
Але ў ЗША ён працуе са сваімі нюансамі.
Habeas corpus — гэта працэдура праверкі законнасьці ўтрыманьня, а не маральнай ацэнкі дзеяньняў ураду. Суд не цікавіць, як падсуднага даставілі — яго цікавіць толькі ці былі законныя падставы (падозраньне, абвінавачваньне ці ордэр), каб яго арыштаваць і даставіць у суд.
Фэдэральная дактрына (так званая дактрына Ker–Frisbie — паводле назваў ключавых судовых прэцэдэнтаў) кажа проста і цынічна: нават калі чалавека выкралі за мяжой, без экстрадыкцыі і з парушэньнем міжнароднага права, гэта само па сабе не пазбаўляе суд юрысдыкцыі. Калі абвінавачаны фізічна знаходзіцца перад судом — справа працягваецца.
Гэтая лёгіка была пацьверджаная і ў кейсе Мануэля Нар’егі (былога прэзыдэнта Панамы, якога такім самым чынам, як Мадуру, арыштавалі і прывезьлі ў ЗША ў 1989 годзе, дзе яму далі 40 год за наркагандль), і ў іншай гучнай справе Alvarez-Machain. Вярхоўны суд ЗША тады фактычна сказаў: парушэньні міжнароднага права — гэта праблема дыпляматыі, а не habeas corpus.
4. Ці ёсьць хоць нейкая мяжа?
Так — але яна надзвычай вузкая.
Тэарэтычна суд можа закрыць справу, калі спосаб дастаўкі абвінавачанага быў настолькі жорсткім, што “shocks the conscience” (патрасае сьвядомасьць): катаваньні, зьнішчэньне здольнасьці абараняцца — іншымі словамі поўны крах due process (належнай прававой працэдуры).
На практыцы гэта амаль ніколі не працуе. Просты факт выкраданьня, нават арганізаванага спэцслужбамі, — для амэрыканскага суда недастатковы, каб вызваліць з-пад варты.
5. Вынік, які непрыемна гучыць
Калі перакласьці ўсё гэта на простую мову, вынік наступны.
Паколькі Мадура апынуўся ў Ню-Ёрку перад фэдэральным судом на падставе дзеючага ордэра, яго шанцы “разваліць справу” праз незаконнасьць захопу — мінімальныя. Суд будзе лічыць, што юрысдыкцыя ёсьць, а ўсе пытаньні пра спосаб дастаўкі — па-за межамі крымінальнага працэсу.
Гэта не апраўданьне гвалту дзяржавы і не ўзор маральнасьці. Гэта проста апісаньне таго, як працуе амэрыканская прававая сыстэма на скрыжаваньні крымінальнага, канстытуцыйнага і міжнароднага права.
Яна жорстка аддзяляе пытаньне ўлады суда ад пытаньня палітычнай і маральнай адказнасьці ўраду — і робіць гэта пасьлядоўна, нават калі вынік выглядае цынічна. Палітыка тут не пры чым — гэтая працэдура і логіка пасьлядоўна прымяняецца аднолькава для ўсіх: звычайных грамадзянаў, міжнародных тэрарыстаў ці былых галоў замежных дзяржаваў.
6. Чаму гэта не супярэчыць маёй уласнай гісторыі
Тут звычайна мне могуць задаць простае, але нязручнае пытаньне: “Ты ж сам быў выкрадзены ў Маскве і сілай дастаўлены ў Менск. Чым гэта прынцыпова адрозьніваецца?”
Адказ у тым, што амэрыканская лёгіка, якая дапушчае гвалтоўны захоп, працуе толькі ў сыстэме, дзе суд зьяўляецца рэальным абмежавальнікам дзяржавы. У ЗША незаконны захоп кампенсуецца незалежным судом, працэсуальнымі гарантыямі і магчымасьцю эфэктыўнай абароны. Таму суд і кажа: спосаб дастаўкі — асобнае пытаньне, разьбірайцеся зь ім перад іншым суддзём; нас цікавіць толькі крымінальная справа.
У Беларусі такой кампенсацыі няма. Суд не выпраўляе парушэньні, а замацоўвае іх.
Таму гвалтоўны захоп за мяжой у маім выпадку — не “працэсуальная дэталь”, а цэнтральнае злачынства дзяржавы, якое і вызначае ўвесь далейшы “працэс”.
Далей у мяне ніякай адэкватнай судовай працэдуры не было: суд працаваў па ўказцы зьверху, правы абвінавачванага на абарону парушаліся на кожным кроку (уключаючы доступ адваката і захаваньне адвакацкай таямніцы), а дзяржава сама ж парушыла падпісанае са мною дасудовае пагадненьне.
Усяго гэтага з Мадурай проста ня можа здарыцца, бо ня можа здарыцца ніколі — сістэма працуе прынцыпова па іншых правілах, і паралель тут недарэчная, як дзень і ноч.
Менавіта таму амэрыканская дактрына, якая выглядае цынічнай, у дэмакратычнай прававой сыстэме можа функцыянаваць, а ў аўтарытарнай сістэме бяспраўя ператвараецца ў чысты інструмэнт рэпрэсіяў.