Пост Андрэя Стрыжака, у якім ён адкрыта заяўляе, што зьбіраецца і надалей рабіць усё “як і раней” і “як усе”, прымусіў мяне адкласьці больш карысныя справы і, нарэшце, цалкам прагледзець архіў, які я зьбіраў яшчэ ў 2020–2021 гадах: скрыншоты фандрайзінгавых старонак, камэнтары арганізатараў, статыстыку збораў, афіцыйныя тлумачэньні Facebook, справаздачы, пасты і публічныя адказы на нязручныя пытаньні. Гэта быў пэрыяд, калі BYSOL, BY_Help і падобныя ініцыятывы толькі заходзілі на рынак “беларускай салідарнасьці”.
Я сьвядома не выстаўляю крымінальных абвінавачаньняў. Але рабіць выгляд, што нічога не было, — значыць удзельнічаць у падмане.

Факт №1. Значная частка сродкаў у той час зьбіралася праз personal fundraisers. Facebook чорным па белым піша: грошы трапляюць на асабісты рахунак арганізатара. Гэта не меркаваньне і не інтэрпрэтацыя — гэта правілы самой плятформы.
Факт №2. Самі арганізатары неаднаразова пацьвярджалі (у камэнтарах і публічных адказах), што сродкі ішлі на прыватныя рахункі канкрэтных людзей і далей разьмяркоўваліся ў ручным рэжыме.
Факт №3. Гаворка ідзе не пра “дробныя сумы”, а пра сотні тысячаў і мільёны даляраў і эўра, сабраныя за лічаныя месяцы — без:
– незалежнага аўдыту;
– выразнага падзелу роляў і доступаў;
– празрыстай палітыкі канфлікту інтарэсаў;
– агульнадаступных крытэраў, каму, за што і чаму плацяць.
Факт №4. Любыя спробы задаваць гэтыя пытаньні ўжо тады спыняліся не аргумэнтамі, а гістэрыкай, маральным ціскам, ярлыкамі пра “раскол” і “працу на ворага”.
Трэба сказаць проста: добрыя словы і правільныя лёзунгі не легалізуюць дрэнныя мэханізмы. Дапамога ахвярам рэпрэсіяў — гэта не імунітэт ад празрыстасьці, а падстава для значна больш жорсткіх стандартаў.
Адбрэхалка “тады была запарка, цяпер, праз пяць гадоў, мы навучыліся” не працуе. Бо гаворка не пра памылкі росту, а пра сыстэмную мадэль, у якой з самага пачатку было нармальным канцэнтраваць велізарныя грошы ў руках вузкага кола людзей без кантролю і стрымак.
Калі сёньня нехта хоча пераканаць нас, што “цяпер усё інакш”, гэта даказваецца не словамі, а дакумэнтамі:
– чые рахункі выкарыстоўваюцца;
– які аўдыт праводзіўся і за які пэрыяд;
– якія працэдуры выключаюць злоўжываньні;
– хто і як ажыцьцяўляе незалежны кантроль.
Але замест гэтага мы чуем: “будзем працаваць як і раней”. Гэта значыць, што высновы не зробленыя, а грамадзтву зноў прапануюць проста паверыць і занесьці грошы.
Гэта не “атака” і не “разборкі”. Гэта базавыя пытаньні адказнасьці. І кожны, хто думае пра будучыню беларускай грамадзянскай супольнасьці, пра будучыню беларускай дэмакратыі, мае поўнае права іх задаваць. Памятайце — гэтыя людзі прэтэндуюць у будучыні кіраваць мільярдамі даляраў дзяржаўных фінансаў, а ня ўмеюць празрыста кіраваць мільёнамі ад прыватных ахвярадаўцаў. Ці варта ім давяраць? Ці варта несьці ім зноў свае грошы?
Давер не выпрошваюць. Давер заслугоўваюць. А папярэдні досьвед паказвае: заслужыць яго так і не паспрабавалі.