ПРА ФІНАНСАВУЮ ЭТЫКУ Ў ЭМІГРАЦЫІ

By Юрась ЗянковічComments Off on ПРА ФІНАНСАВУЮ ЭТЫКУ Ў ЭМІГРАЦЫІ
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Сесьці за гэты пост мяне прымусіў артыкул у «Нашай Ніве» пра тое, што Павал Севярынец абвясьціў збор на грамадзкую дзейнасьць, бо лічыць, што мае права на падтрымку беларускай эміграцыі на любое сваё жаданьне. Той самай эміграцыі, якая ў значнай частцы знаходзіцца ў такіх самых умовах, як ён сам: на чужыне, часта без дакумэнтаў, без мовы і без элементарнай стабільнасьці. У гэтай сытуацыі пытаньне збору грошай — гэта, на маю думку, пытаньне маралі і этыкі.

Я добра ведаю Паўла, мы асабіста знаёмыя ўжо амаль 30 гадоў. Прашу яго не ўспрымаць гэта як асабістую непрыязь або “хейт”. Я паважаю ягоную мужнасьць і адданасьць справе, але не магу прыняць фінансавую мадэль, у якой грамадзкая дзейнасьць становіцца асноўнай крыніцай існаваньня за кошт такіх самых людзей у выгнаньні.

Эпоха грантавай стабільнасьці скончылася. Закрыцьцё USAID і зьмяншэньне фінансаваньня ад буйных донараў азначаюць канец старой архітэктуры. А тое, што засталося, пасьпяхова разьмяркоўваецца паміж структурамі, якія шмат гадоў жывуць у логіцы грантавага фінансаваньня і не дапускаюць канкурэнтаў да свайго стала (як кажуць, «скарачэньне кармавой базы вядзе да росту ўнутрывідавай канкурэнцыі»). Падабаецца каму ці не, але гэта новая рэальнасьць.

У гэтай рэальнасьці кожны з нас стаіць перад выбарам.

Можна і далей лічыць грамадзкую дзейнасьць сваёй асноўнай “прафесіяй” і зьвяртацца па падтрымку да такіх самых эмігрантаў, як ты сам. А можна спачатку стаць на ўласныя ногі — пайсьці працаваць, забясьпечыць сябе і сям’ю, а ўжо потым займацца публіцыстыкай, палітыкай, YouTube ці іншымі прыемнымі для цябе справамі.

Я для сябе гэты выбар зрабіў даўно — яшчэ ў 2007 годзе, адразу пасьля выезду ў ЗША, калі тое яшчэ ня было мэйнстрымам, а гранты былі даступнымі. Зь мяне тады сьмяяліся. У тым ліку тая ж «Наша Ніва» пісала зьедлівыя матэрыялы пра тое, што “былы дэпутат працуе развозчыкам піццы ў ЗША”.

Мой шлях цяжэйшы. Але ён дае незалежнасьць без неабходнасьці кожны раз тлумачыць, чаму табе патрэбныя грошы “на дзейнасьць”. Ён дае пачуцьцё ўнутранай свабоды. Ты нікому нічога ня вінаваты. Твае грошы — гэта твае грошы. І ніводны “разьмеркавальнік доступу” да донарскіх сродкаў ня можа ўплываць на тваю пазыцыю — як бы ён ні ставіўся да цябе асабіста (а яны будуць скрыгатаць зубамі і ціха цябе ненавідзець за тваю незалежнасьць).

Я безумоўна паважаю кожнага, хто прайшоў праз турмы і не зламаўся. Павал Севярынец — адзін зь першых у гэтым сьпісе. Але павага да палітвязьня не азначае аўтаматычнага адабрэньня ягоных крокаў, а тым больш фінансаваньня любой ягонай ініцыятывы.

Сёньня беларуская эміграцыя — гэта не багатая дыяспара. Гэта людзі, якія страцілі краіну, працу, маёмасьць, часта — бясьпеку сваіх сем’яў. Прасіць у іх дзяліцца цяжка заробленымі грашыма, каб працягваць выключна грамадзкую дзейнасьць, — гэта пытаньне асабістай маралі і этыкі.

Апошнія прыклады паказваюць: грамадзтва стамляецца фінансаваць бясконцую “грамадзкую дзейнасьць” без самадастатковай мадэлі (глядзіце вынікі збору Сяргея Ціханоўскага паўгады таму). І гэта не злосць — гэта сталасьць.

Новыя часы патрабуюць самадастатковасьці, асабістай адказнасьці і годнасьці. Калі грамадзкая дзейнасьць мае рэальны попыт — яна знойдзе падтрымку праз падпіску, продаж кніг, канкрэтныя прадукты. Калі не — ёй варта шукаць іншую мадэль існаваньня.

Думаю, што вынік збору ў Паўла будзе марным. І гэта лагічна: нашыя людзі, у адрозьненьні ад 2020 году, цяпер лёгка зьбіраюць грошы на тое, што сапраўды патрэбнае — напрыклад, на падтрымку толькі што вызваленых і выкінутых з краіны палітычных вязьняў. Але яны ўжо не гатовыя скідацца на тое, без чаго можна жыць: youtube-каналы, “грамадзкую дзейнасьць” і іншыя неабавязковыя праекты.

Шчыра жадаю, каб у Паўла прыйшло разуменьне: ніякая праца ня ганіць. Ганіць толькі нежаданьне працаваць і быць самастойным. А сапраўдная свабода пачынаецца з эканамічнай незалежнасьці.

Калі чым магу дапамагчы на гэтым шляху — зьвяртайся. Мае дзьверы заўсёды адчыненыя для цябе і тваіх блізкіх.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Праграма, Рознае блогавае, Сучаснасьць Беларусі
Blue Taste Theme created by Jabox