Так званаму старшыні КГБ генералу Івану Церцелю
Паважаны спадар генерал! (калі дазволіце выкарыстаць гэты зварот у яго фармальным, а не фактычным значэньні)
Блок беларускіх палітычных зьняволеных “Беларусы дзеяньня” выказвае Вам глыбокую ўдзячнасьць, якая пераходзіць у бурныя апладысменты, за ўключэньне нас усіх паіменна ў пералік так званых “экстрэмісцкіх фармаваньняў”. Для многіх з нас гэта далёка ня першая “вышэйшая ўзнагарода” з Вашага боку — і, як і раней, яна будзе ацэненая належным чынам.
Мы разумеем, што ў сытуацыі, калі ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду разглядаецца як пагроза Вашай і Вашага Хазяіна “дзяржаўнай бясьпецы”, азначае, што ўзровень гэтай бясьпекі дасягнуў таго стану, калі яе неабходна абараняць ад самога факту існаваньня грамадзянскай актыўнасьці — нават па-за межамі калючага дроту, якім Вы апаясалі Беларусь.
Разам з тым, Ваш крок дазваляе з незвычайнай яснасьцю апісаць сыстэму, якую Вы прадстаўляеце.
Гаворка ідзе пра сыстэму, у якой:
- людзі выкарыстоўваюцца як закладнікі — праз палітычныя прысуды, пагрозы сем’ям і выбарачныя рэпрэсіі;
- бізнэс выкарыстоўваецца як крыніца прымусовага фінансаваньня (у тым ліку на патрэбы, пра якія афіцыйна не прынята гаварыць услых, але пра якія Вам і нам дакладна вядома, як вядомыя Вам і нам юрысдыкцыі, дзе Вы разьмяшчаеце свае гэтыя свае патрэбы бясьпечнай старасьці) праз крымінальны перасьлед, «дойку» ў камерах “амэрыканкі”, прымус да выплатаў мільёнаў даляраў ды іншыя формы эканамічнага шантажу;
- крымінальныя абвінавачаньні канструююцца не як вынік расследаваньня, а як інструмэнт палітычнага кантролю, уключна з выдумваньнем “змоваў”, маштаб якіх часта не вытрымлівае нават мінімальнай праверкі логікай.
Мы маем асабісты досьвед такіх “змоваў” і перасьледу, калі буйная фантазія падмяняе сабой права, а працэдура становіцца дэкарацыяй.
У выніку, структура, якую Вы ўзначальваеце, функцыянуе як мэханізм сыстэмнага запалохваньня і кантролю, у якім гвалт зьяўляецца інструмэнтам, страх — рэсурсам, а людзі — сродкам. З улікам гэтага ўзьнікае натуральнае пытаньне тэрміналёгіі.
Калі Вашая дзейнасьць накіраваная на запалохваньне грамадзтва, і пры гэтым выкарыстоўваецца ўзяцьцё закладнікаў і прымус пад пагрозай, у праве гэта кваліфікуецца як тэрарызм. Як лічыце, ці ня будзе правільным ўжываць гэтае слова для апісаньня таго, чым Вы і Вашыя падначаленыя займаецеся?
Мы пакідаем гэтае пытаньне адкрытым — у тым ліку для юрыдычнай ацэнкі ў судах, якія валодаюць адпаведнай юрысдыкцыяй над Вамі і Вашымі саўдзельнікамі.
Калі ў краіне “экстрэмізмам” прызнаецца ўдзел у выбарах, а “змовы” выдумляюцца ў кабінэтах, каб апраўдаць рэпрэсіі, — праблема не ў грамадзянах. Праблема ў сыстэме, якая трымаецца на страху, закладніках і грошах, выціснутых з уласнага народу. І пытаньне тут ужо не палітычнае, а юрыдычнае: як гэта правільна называецца.
Будзем удзячныя, хаця і не спадзяемся, на адказ ад Вас у пісьмовай форме.
Гэты ліст застаецца адкрытым для далучэньня іншых выбарчых сьпісаў і кандыдатаў, якія падзяляюць выкладзеныя тут ацэнкі.
Без павагі,
Блок беларускіх палітычных зьняволеных
«Беларусы дзеяньня»
