ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК

By Юрась ЗянковічComments Off on ДЭБАТЫ НА БЕЛСАЦЕ: ПРА СЛОВЫ І ВЫНІК
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Сёньня я прыняў удзел у дэбатах на Белсаце разам з Андрэем Коласам і прадстаўніком каманды Паўла Латушкі.

Пакідаю тут поўны запіс эфіру.

Пра што была размова

Фармальна — пра выбары ў Каардынацыйную раду.

Па сутнасьці — пра больш простую рэч: ці дастаткова правільных словаў, або патрэбныя мэханізмы, якія даюць вынік.

Сёньня ў беларускай палітыцы амаль усе гавораць правільныя рэчы. Але праблема ў тым, што гэта рэдка ператвараецца ў канкрэтныя зьмены.

Я спрабаваў у гэтай размове засяродзіцца менавіта на гэтым.

Мая пазыцыя

Беларусь сёньня — гэта сыстэма, у якой людзей, іх родных і бізнэс выкарыстоўваюць як інструмэнт ціску.

Гэта ня толькі пра палітыку. Гэта пра тое, як уладкаваная ўлада і як яна трымаецца.

Калі казаць пра зьмены, то важна не толькі тое, што мы хочам, але і тое, як мы зьбіраемся гэтага дасягаць. Я бачу гэта як камбінацыю трох інструмэнтаў:

  • грамадзянска-прававы ціск (суды, іскі, актывы);
  • крымінальная адказнасьць канкрэтных людзей;
  • міжнародны ціск, заснаваны на разуменьні, што Беларусь — гэта пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.

Без такой сыстэмнай працы словы застаюцца словамі.

Важная рэч, якую варта памятаць

Беларусы гатовыя падтрымліваць тое, у чым бачаць сэнс. Мы гэта бачым па падтрымцы палітвязьняў: людзі дапамагаюць канкрэтным людзям, бо разумеюць, навошта гэта.

Палітыка працуе так сама. Калі ёсьць разуменьне, што дзеяньні даюць вынік — зьявіцца і давер, і падтрымка.

Пра бізнэс і людзей

Асобна хачу падкрэсьліць: бізнэс у Беларусі часта дзейнічае пад ціскам і пагрозамі.

Гэта не “ворагі” і не “абстрактная эканоміка”. Гэта людзі, якія таксама апынуліся ў сытуацыі закладніцтва. Іх варта разглядаць як частку грамадства, з якой трэба працаваць, а не як групу, якую трэба адштурхоўваць.

Замест высновы

Фармат дэбатаў быў кароткі, і не ўсё можна было сказаць. Але галоўная думка, якую я хацеў данесьці, простая: пытаньне не ў тым, каб сказаць яшчэ адну правільную рэч, а ў тым, каб пачаць дабівацца выніку.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Афіцыйна, Выбары, Галасаваньне, Праграма, Сучаснасьць Беларусі, Цікава
Blue Taste Theme created by Jabox