Артыкул

НАЧАЛЬНІК СЛУЖБЫ WALTER, або НОВЫЯ ТЭХНАЛЁГІІ НА СЛУЖБЕ КГБ

5 хв чытаньня
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Учора ў нас адбылася сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады размаўлялі з украінскімі парлямэнтарамі пра працу новай Рабочай групы па супрацоўніцтве з Украінай. Сустрэча праходзіла ў Вярхоўнай Радзе, з удзелам людзей, якіх я ведаю асабіста, і ўвогуле выглядала менавіта так, як выглядаюць нармальныя палітычныя кантакты: людзі называюць сябе, сустракаюцца, фатаграфуюцца, размаўляюць і пасьля нават публічна пішуць, з кім размаўлялі.

А сёньня раніцай мне ў Telegram напісаў чалавек пад імем Walter. І тут пачалася ўжо зусім іншая ўкраінская дыпляматыя.

«Юрію, доброго дня. Пишу вам із братньої України. Дуже давно стежу за вашою опозиційною політичною діяльністю щодо Білорусі».

Далей ён паведаміў, што я «успішний і компетентний політичний діяч», што яны вельмі зацікаўленыя ў працы з такімі людзьмі і што ён хоча прапанаваць мне…

«дружбу».

Тут я ўжо крыху насьцярожыўся.

Не таму, што не люблю сяброўства. Сяброўства я люблю. Асабліва калі спачатку чалавек называе сваё прозьвішча. Я спытаўся, хто ён. Адказ:

«Я представляю організацію, яка збирає інформацію для Києва та наших європейських партнерів. Гадаю, ви розумієте, про яку організацію йдеться».

Не, не разумею. Я ўвогуле чалавек просты, тупы і нездагадлівы. Калі мне кажуць «арганізацыя», я люблю, каб пасьля гэтага ішла назва арганізацыі. Я папрасіў яснасьці.

Тады ў чаце на некалькі сэкундаў зьявілася магічнае слова: «ГУР». І адразу зьнікла. Ужо цікава.

Затым «афіцэр» растлумачыў мне асновы сучаснай разьведвальнай працы. Па-першае:

«через офіційні канали ви не зможете перевірити мою особу».

Па-другое:

«Наша організація працює з людьми на умовах повної анонімності — це наша і ваша безпека».

Па-трэцяе:

«Я можу назвати вам свої ідентифікаційні дані, але ви їх ніколи не зможете перевірити».

Гэта было ўжо асабліва прыгожа. Чалавек, які нібыта працуе ў вайсковай выведцы дзяржавы, з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі якой у мяне ёсьць цалкам рэальныя працоўныя і асабістыя кантакты, загадзя паведаміў мне, што я ні пры якіх абставінах ня здолею яго праверыць. Адкуль такая ўпэўненасьць, невядома.

Напрыклад, я магу проста патэлефанаваць чалавеку, якога ведаю асабіста і які мае адпаведныя кантакты, і спытацца: «Слухай, у вас там ёсьць такі Walter?»

І далей сапраўднаму Walterу, калі ён існуе, можа зрабіцца крыху кепска ў выніку выкліку да начальства без вазэліну.

Але кульмінацыя яшчэ была наперадзе. «ГУРавец» перайшоў непасрэдна да сутнасьці сяброўства:

«Ви не дурень і розумієте, що якщо ми зв’язалися з вами і пропонуємо вам дружбу, то ви нам дуже цікаві».

Дзякуй. Потым:

«Повірте, дружба з нами вам теж потрібна».

Тут сяброўства ўжо пачало набываць лёгкае адценьне страхавога агента, які зайшоў у рэстарацыю і тлумачыць гаспадару, што яму вельмі патрэбная страхоўка ад пажару.

А далей «сяброўства» нарэшце атрымала тэхнічнае заданьне:

«Ми зможемо ділитися з вами цікавою інформацією, так само як і ви з нами».

Вось яно! Не проста піць каву. Не проста абмяркоўваць Лукашэнку.

Мы вам інфармацыю, вы нам інфармацыю.

Больш за тое:

«Ми зможемо перевіряти для вас певних людей, які можуть бути шпигунами іноземних розвідок».

І, вядома:

«Ми зможемо надавати вам фінансову допомогу».

Тут уся гэтая гісторыя канчаткова перастала выглядаць як прапанова сяброўства і пачала выглядаць як дрэнна напісаны навучальны прыклад на тэму «як не трэба вярбаваць».

На заканчэньне Walter паведаміў пра сваю пасаду:

«Я обіймаю посаду начальника служби».

Якой службы? Службы ў ГУР? Начальнік ГУР? Начальнік службы па рамонце прынтэраў? Начальнік дзяжурнай службы ЖЭС №17? А можа гэта сам начальнік Службы Божай пад сьцягам калегаў да мяне зьвярнуўся?

Таямніца.

Я прапанаваў вельмі просты спосаб вэрыфікацыі. Ня трэба мне пашпарта. Ня трэба службовага пасьведчаньня. Ня трэба сакрэтных кодаў НАТО. Няхай любы чалавек, якога я ведаю асабіста і якому давяраю, проста скажа мне: «Так, гэты кантакт сапраўдны».

Адказ быў цудоўны:

«На жаль, така перевірка для нас небезпечна, оскільки ми не довіряємо вашим знайомим».

Гэта значыць, схема атрымліваецца такая:

Вы павінны бязумоўна давяраць нам. Мы не давяраем нікому, каму давяраеце вы. Праверыць нас нельга. Хто мы, сказаць нельга. Але грошы ад нас браць можна. І інфармацыяй з намі дзяліцца таксама можна.

У мяне чамусьці не склалася.

Я патлумачыў, што я ляяльны грамадзянін ЗША, што сяброўскія кантакты пасьля вэрыфікацыі магчымыя, але вярбоўка, агентурныя адносіны, заданьні замежнай службы і грошы ў абмен на інфармацыю мяне не цікавяць. А пасьля паведаміў, што пры адсутнасьці вэрыфікацыі пра такі кантакт давядзецца паведаміць FBI.

І тут адбылося маленькае цуда.

Увесь чат зьнік.

Walter выдаліў перапіску цалкам. Так скончылася мая ранішняя кар’ера ў «ўкраінскай вайсковай выведцы».

Але ёсьць і прагрэс

Я хачу адзначыць несумненны тэхнічны рост людзей, якія час ад часу спрабуюць выходзіць на мяне пад украінскім сьцягам.

Папярэдняя такая спроба была значна горшая. Тады «ўкраінец» пракалоўся на элемэнтарнай памылцы ва ўкраінскай мове. Прычым памылка была настолькі характэрная, што яе можна было ледзь не прыбіваць да справы як рэчавы доказ.

Цяпер жа ўсё значна лепш. Украінская гладкая, артаграфія акуратная, а сказы пабудаваныя натуральна. Нават «Гадаю, ви розумієте» на месцы.

Тэхнічны прагрэс відавочны: у КГБ, здаецца, асвоілі ChatGPT.

І гэта, дарэчы, стварае новую праблему для контравыведкі. Раней фальшывага ўкраінца можна было часам пазнаць па тым, што пасьля трох сказаў у яго зь беларускай ці расейскай клавіятуры пачынала выпадаць мовазнаўчая вата.

Цяпер штучны інтэлект за пяць сэкундаў зробіць з маёра КДБ чалавека, які піша:

«На жаль, така перевірка для нас небезпечна…»

Прагрэс не спыніць. Затое ёсьць рэчы, якія ChatGPT пакуль выправіць ня можа.

Напрыклад, калі ты прадстаўляесься афіцэрам замежнай вайсковай выведкі, прапануеш грошы і абмен інфармацыяй, адмаўляесься ад любой незалежнай праверкі сваёй асобы, а пасьля слова FBI імгненна выдаляеш увесь чат… то праблема ўжо не ў граматыцы. Праблема ў сцэнары.

І таму на фоне ўчарайшай сустрэчы з украінскімі парлямэнтарамі ў Вярхоўнай Радзе ўся гэтая гісторыя атрымалася асабліва камічнай.

З аднаго боку, сапраўдная Ўкраіна: людзі з імёнамі, пасадамі, сустрэчамі і фатаграфіямі.

З другога:

Walter. Начальнік службы. Якой службы, сказаць нельга. Праверыць нельга. Грошы можна.

А потым: This message was deleted.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Юрась Зянковіч

Пра аўтара

Юрась Зянковіч

Пішу пра палітыку, права і Беларусь. Тут сабраныя артыкулы, дакумэнты, выступы і асабісты архіў.

Пра мяне