Артыкул

КАЛІ ПАЛІТЫКІ НЯ ЧУЮЦЬ ВЫБАРЦАЎ

3 хв чытаньня
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


сьпецыяльна для “Варты”

4,9% для ХДС і 38,2% для АдГ: што адбываецца, калі палітыкі перастаюць чуць выбаршчыкаў

Выбары ў Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі скончыліся для нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў вынікам, які яшчэ нядаўна цяжка было ўявіць. АдГ атрымала 38,2% галасоў і заняла першае месца, СДПГ — 35,5%, а ХДС канцлера Фрыдрыха Мерца набраў 4,9% і ўпершыню ў гісторыі ня трапіў у зямельны парлямэнт. Двума тыднямі раней у Саксоніі-Анхальт АдГ атрымала 43,8%, а ХДС — 17,2%. 

Гэта ўжо цяжка сьпісаць на адзін няўдалы рэгіянальны цыкл. У значнай частцы Захаду расьце незадаволенасьць тым, як традыцыйныя партыі адказваюць на праблемы, якія людзі лічаць паўсядзённымі і вельмі канкрэтнымі: іміграцыю, кошт жыцьця, злачыннасьць, жытло, энэргетыку, інтэграцыю новых мігрантаў і зьмены ў нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці. Pew Research Center таксама зьвязвае рост правага папулізму ў Эўропе з эканамічным расчараваньнем, культурнымі канфліктамі і недаверам да палітычнага клясу. 

Праблема не ў тым, што палітыкі абавязаныя пагаджацца з кожным выбарцам. Праблема пачынаецца тады, калі цэлыя тэмы фактычна выводзяцца за межы нармальнай дыскусіі.

Іміграцыя ў Эўропе і Канадзе доўгі час разглядалася пераважна праз гуманітарную і праваабарончую прызму. Але выбарцы пытаюцца яшчэ і пра межы, школы, мэдыцыну, жыльлё, інтэграцыю і грамадзкі парадак. Пытаньне «колькі людзей краіна здольная прыняць і інтэграваць?» не зьяўляецца ні расізмам, ні ксэнафобіяй. Калі замест адказу чалавеку тлумачаць, чаму само пытаньне падазронае, ён проста знаходзіць іншага палітыка.

Тое самае адбываецца са злачыннасьцю. Асабліва востра людзі рэагуюць на злачынствы, зьвязаныя з мігрантамі, бо тут пытаньне ня толькі ў бясьпецы, але і ў здольнасьці дзяржавы кантраляваць тых, каго яна ўпусьціла. Гэта не дае падставаў вінаваціць усіх мігрантаў, але і замоўчваць такую тэму бессэнсоўна.

Яшчэ адна «сьвятая карова» — зялёная палітыка. Для чыноўніка гэта можа быць «энэргетычны пераход». Для сям’і — рахунак за электрычнасьць, бензін і ацяпленьне. Калі адказ на пытаньне пра кошт зводзіцца да лекцыі пра клімат, праблема нікуды не зьнікае. Зьнікае давер.

Падобны канфлікт ёсьць і вакол палітыкі разнастайнасьці, роўнасьці і інклюзіі. Яе прыхільнікі бачаць барацьбу з дыскрымінацыяй. Крытыкі — квоты, бюракратыю і адступленьне ад прынцыпу асабістай заслугі. Абвясьціць гэтую нязгоду маральна няправільнай значна прасьцей, чым пераканаць чалавека, што канкрэтная палітыка справядлівая.

На гэтым і растуць новыя папулісцкія і радыкальныя партыі. Іхная перавага часта ня ў лепшых рэцэптах. Яны проста першымі кажуць выбарцу: так, гэта праблема, мы яе бачым.

Часам пасьля гэтага ідуць занадта простыя рашэньні. У гэтым і небясьпека папулізму. Але палітычны цэнтар робіць супрацьлеглую памылку, калі лічыць, што праблему можна перамагчы, адмовіўшыся яе называць.

Дэмакратыя не патрабуе ад палітыкаў патакаць кожнаму настрою. Улада павінна ўмець казаць выбарцу непрыемную праўду, абараняць правы меншасьцяў і прымаць непапулярныя рашэньні. Але яна абавязана займацца тымі праблемамі, якія людзей сапраўды хвалююць, нават калі для гэтага даводзіцца пераглядаць уласныя дактрынальныя ўстаноўкі.

ЗША ўжо паказалі, да чаго прыводзіць адрыў палітычнага істэблішмэнту ад такіх настрояў. AP VoteCast пасьля выбараў 2024 году паказаў, што Дональд Трамп асабліва моцна выступіў сярод выбарцаў, якіх хвалявалі эканоміка і кошт жыцьця, а падтрымка больш жорсткай іміграцыйнай палітыкі вырасла. Гэта не азначае, што ўсе ягоныя рэцэпты правільныя. Але ён здолеў пераканаць дастатковую колькасьць людзей, што гаворыць пра праблемы, якія яны самі лічаць рэальнымі. 

Урок для Эўропы, Вялікабрытаніі і Канады просты: выбаршчык ня мае абавязку падганяць свае праблемы пад партыйную дактрыну.

Калі традыцыйныя палітыкі ня будуць прапаноўваць адказаў на пытаньні, якія людзі сапраўды задаюць, гэтыя пытаньні забяруць сабе папулісты.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Юрась Зянковіч

Пра аўтара

Юрась Зянковіч

Пішу пра палітыку, права і Беларусь. Тут сабраныя артыкулы, дакумэнты, выступы і асабісты архіў.

Пра мяне