Артыкул

РОЛЮ ПРАТАСЕВІЧА СПАЧАТКУ ПРАПАНОЎВАЛІ МНЕ

5 хв чытаньня
Facebooktwitterredditpinterestlinkedintumblrmail
Telegram


Пасьля 23 траўня 2021 году, калі ў Менску прымусова пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай, як ня дзіўна, я адчуў пэўную палёгку. Хаця сам у той час сядзеў у СІЗА КДБ і добра разумеў, што чакае новых зьняволеных.

Справа ў тым, што ад майго арышту ў красавіку і да затрыманьня Пратасевіча КДБ вельмі настойліва прапаноўваў мне сыграць ролю, якую пазьней сыграў Раман. Сцэнар быў просты: даю некалькі патрэбных інтэрвію, мяне пераводзяць пад хатні арышт, пасьля адбываецца суд з суровым прысудам, а адразу за ім памілаваньне. Усё гэта мне распісвалі даволі адкрыта, і выглядала гэта вельмі прывабным. Пасьля чатырох год у турме, калі я ўжо ведаю, што мяне чакала, я ня ўпэўнены, што сёньня б не згадзіўся на тое.

Але тады я не пагаджаўся.

А пасьля затрыманьня Пратасевіча ціск у гэтым кірунку спыніўся. І гэта сапраўды была палёгка.

Сёньня прачытаў інтэрвію Соф’і Сапегі і камэнтары Эдуарда Пальчыса ды Яўгена Юшкевіча. І найперш хачу сказаць: Соф’я, я шчыра захапляюся тваёй мужнасьцю.

У 23 гады, апынуўшыся ў руках КДБ, яна здолела трымацца так, як ня кожны дасьведчаны дарослы чалавек здолее. Асабліва паказальныя сьведчаньні Юшкевіча, які асабіста чытаў пратаколы яе допытаў.

Шмат што ў яе аповедзе мне вельмі знаёмае.


У нашай справе таксама быў укаранёны агент-правакатар. КДБ меў практычна ўсю інфармацыю яшчэ да нашых арыштаў. Таму прызнаньні былі патрэбныя сьледзтву хутчэй для афармленьня справы і прапагандысцкага эфэкту, чым для высьвятленьня абставінаў.

У красавіку 2021 году сьледчы выклікаў мяне, паказаў ужо падпісанае прызнаньне віны як мінімум аднаго з маіх таварышаў і пачаў угаворваць зрабіць тое самае.

Прычым спрацаваў вельмі прафэсійна. Я шчыра захапляюся яго прафесіяналізмам.

Ён добра мяне вывучыў ужо на той момант і знайшоў патрэбны аргумэнт: «А што вы, уласна, губляеце? Суд усё роўна будзе, доказы ў нас ёсьць. Затое палітычна вы становіцеся арганізатарам змовы супраць Лукашэнкі».

Прызнаюся, мяне гэта падкупіла. Так зьявілася вядомая нарэзка, дзе мы з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам прызнаём віну.


Увосень таго ж году, праз паўгады пасьля пачатку сьледзтва, я падпісаў і дасудовае пагадненьне. Лёгіка была простая: дапаможа ці не дапаможа, але, як мне здавалася, ужо не пашкодзіць, бо ў сьледзтва былі ўсе матэрыялы і ўсе паказаньні: іх давалі ўсе “змоўшчыкі”, што пазьней пацьвердзілася пры азнаямленьні са справай. У лепшым выпадку, калі ня кінуць, я мог разьлічваць на шэсьць гадоў, у горшым пагражалі дванаццацьцю. У выніку кінулі і далі адзінаццаць.

Пры гэтым я сьвядома даваў паказаньні толькі пра тое, што сьледзтва ўжо ведала: нікога іншага ў справу я не зацягнуў і ня здаў. Хаця сьледчы ціснуў, патрабуючы, у тым ліку, паказаньняў на маіх кліентаў.

Па магчымасьці я стараўся выкласьці абставіны так, каб палегчыць лёс іншых. Напрыклад, двух нашых таварышаў, якія былі зьвязаныя толькі са мной, а не з Фядутам ці Кастусёвым. У выніку яны атрымалі значна меншыя тэрміны і выйшлі на волю праз пару месяцаў пасьля суду. Наколькі гэтаму паспрыялі мае паказаньні, няхай скажуць яны самі.


Але ёсьць і гісторыя, у якой я сам аказаўся слабейшым за іншага чалавека.

Да арышту я перапісваўся праз Telegram зь Мікалаем Аўтуховічам, зь якім мы знаёмыя шмат год. У жніўні 2020-га я сустракаўся зь ім у Менску і ў прынцыпе ведаў, чым ён займаецца. Мы часта абменьваліся думкамі і абмяркоўвалі розныя сцанары, спрачаючыся, што б было больш эфектоўным.

Яго затрымалі увосені 2020 году, і нашая перапіска апынулася ў КДБ. Сьледчыя прад’явілі яе мне, калі нас захапілі. Я пацьвердзіў сапраўднасьць перапіскі і патлумачыў некаторыя свае выказваньні. Адмаўляць відавочнае ня бачыў сэнсу, тым больш што дасудовае пагадненьне на момант допыту па справе Аўтуховіча ўжо было падпісанае.

Пазьней, знаёмячыся з матэрыяламі справы, я даведаўся, што Аўтуховіч наогул адмовіўся даваць паказаньні па нашай справе. Нічога не пацьвердзіў, нічога не дадаў.

У гэтым эпізодзе Мікалай аказаўся мацнейшым за мяне. Ён — сапраўдны герой Беларусі! Я гэта прызнаю. А асуджаць мяне за тое рашэньне няхай найперш бяруцца людзі, якія самі прайшлі праз падобнае сьледзтва.


Дарэчы, Раман Пратасевіч таксама быў сьведкам на нашым судзе. Ведаў ён няшмат, але ўсё, што ведаў, распавёў.

Памятаю, як ён прыйшоў у судовую залю і хаваў вочы. Было відаць, што яму сорамна. Прынамсі, у мяне склалася менавіта такое ўражаньне.

Падчас перапынку я праз адваката перадаў яму, каб не хаваў вачэй, бо асабістых прэтэнзіяў да яго ня маю. Гэта быў ягоны выбар.

І сёньня не зьбіраюся адмаўляцца ад тых словаў.

Але ёсьць розьніца паміж тым, каб пацьвердзіць ужо вядомыя сьледзтву факты, і тым, каб перадаць інфармацыю, якая прывядзе да новых арыштаў. Менавіта таму сьведчаньні Соф’і і Пальчыса пра паводзіны Рамана заслугоўваюць увагі.

Я не хачу судзіць яго за тое, што ён зламаўся. Сам ведаю, наколькі прафэсійна КДБ умее ламаць людзей.


Дарэчы, Соф’я вельмі дакладна апісала яшчэ адну рэч: розьніцу паміж КДБ і ГУБАЗіКам. Я таксама бачыў людзей пасьля губазікаўскіх катаваньняў і магу пацьвердзіць, што ў КДБ працуюць інакш. Там сапраўды добрыя псыхолягі. Умеюць знайсьці слабое месца, пераканаць, зрабіць так, каб чалавек сам прыняў патрэбнае ім рашэньне.

Гэта значна больш тонкая і часам больш эфэктыўная праца, чым мэтады ГУБАЗіКа.

Але ня варта блытаць прафэсіяналізм з прыстойнасьцю. Адны выбіваюць паказаньні сілай, другія ўмеюць іх атрымаць размовай. І ўсе яны працуюць на адну рэпрэсіўную машыну.

Менавіта таму я асьцярожна стаўлюся да гучных прысудаў людзям, якія прайшлі празь яе. У кожнага была свая мяжа трываласьці. І ніхто ня ведае загадзя, дзе апынецца ягоная ўласная.

Соф’я Сапега гэтую мяжу адсунула вельмі далёка. Яна ня стала бездакорнай гераіняй з прыгожай легенды, сама адкрыта расказала і пра падпісанае пагадненьне, і пра ўласныя слабасьці. Тым большай павагі заслугоўвае тое, як яна трымалася.

Соф’я, дзякуй табе. Ты сапраўды малайчына.




Facebooktwitterlinkedinrssinstagrammail Telegram


Юрась Зянковіч

Пра аўтара

Юрась Зянковіч

Пішу пра палітыку, права і Беларусь. Тут сабраныя артыкулы, дакумэнты, выступы і асабісты архіў.

Пра мяне