Што будзе зь Беларусьсю пасьля заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны? Хто сапраўды можа ўплываць на будучыню краіны? І чаму беларускі пашпарт сам па сабе не гарантуе палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах?
Пра гэта мы пагаварылі з Дзьмітрыем Казловым, вядомым як Шэры Кот, былым палітвязьнем і вядоўцам YouTube-каналу «Право Голоса».
Беларусь і новая сыстэма бясьпекі
Расея ня зьнікне з палітычнай мапы пасьля заканчэньня вайны. Таму адна з найважнейшых праблемаў для Беларусі заключаецца ў тым, ці застанецца яна часткай расейскай вайсковай сыстэмы, ці здолее стаць самастойным удзельнікам рэгіянальнай бясьпекі.
Мы абмеркавалі ролю беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, Кібэрпартызанаў і праблему стварэньня беларускіх абаронных структураў. Асобная тэма: чаму для гэтага недастаткова палітычных заяваў, а патрэбныя рэсурсы, кіраўніцтва, легітымнасьць і рэальныя міжнародныя дамоўленасьці.
Палітычныя офісы, рэальны ўплыў і фінансаваньне
Я паставіў пытаньне аб выніковасьці эміграцыйнай палітыкі: што важней для будучыні Беларусі, міжнародная прадстаўленасьць ці здольнасьць уплываць на рэальную сытуацыю?
Абмеркавалі таксама крызіс палітычнага лідэрства, магчымасьці аб’яднаньня дэмакратычных сілаў вакол канкрэтнай стратэгіі і прыярытэты міжнароднага фінансаваньня.
Асобна закранулі неабходнасьць удзелу былых палітвязьняў у вызначэньні ўласных патрэбаў і падтрымцы іхных ініцыятываў, у тым ліку ў сувязі з падрыхтоўкай сустрэчы палітвязьняў у Варшаве.
Беларусы ў Амэрыцы: прытулак ці іміграцыя?
У другой частцы размовы мы перайшлі да амэрыканскага іміграцыйнага права, затрыманьняў ICE, дэпартацыяў і шматгадовага разгляду заяваў на палітычны прытулак.
Мая пазыцыя простая: ня кожны беларус, які прыехаў у ЗША, зьяўляецца палітычным уцекачом. Людзі, якія сапраўды пацярпелі ад перасьледу або маюць абгрунтаваны страх яго, маюць права шукаць абарону. Але жаданьне лепшага жыцьця само па сабе ня ёсьць падставай для asylum.
Асобная праблема гэта сфабрыкаваныя гісторыі палітычнага перасьледу. Такія злоўжываньні падрываюць давер да сыстэмы, якая павінна абараняць сапраўдных уцекачоў.
Мы таксама абмеркавалі, чаму дэпартацыя не заўсёды азначае непасрэднае вяртаньне ў Беларусь і чаму кожная іміграцыйная справа патрабуе індывідуальнай прававой ацэнкі.
Адказнасьць за рэпрэсіі
Напрыканцы размовы закранулі судовыя мэханізмы асабістай адказнасьці Лукашэнкі і іншых асобаў, датычных да палітычных рэпрэсіяў.
Для мяне гэта не абстрактная тэма. Пасьля чатырох гадоў беларускага зьняволеньня я лічу прынцыповым пытаньне ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і юрыдычнай адказнасьці тых, хто арганізоўваў і ажыцьцяўляў перасьлед.
Глядзець поўны запіс:


