У 2014 годзе два грамадзяніна ЗША — Уладлена Функ і Эмануіл Зэльцэр — падалі пазоў у федэральны суд Усходняга акругу Нью-Ёрку супраць канцэрна «Белнафтахім» і яго даччынай кампаніі ў ЗША (Belneftekhim USA, Inc.). Іх абвінавачаньні былі сур’ёзныя: выкраданьне ў трэцяй краіне, гвалтоўнае дастаўленьне ў Беларусь і катаваньні.
Паводле пазову, прадстаўнікі «Белнафтахіму» выкарысталі перамовы ў Нью-Ёрку як прынаду: пад выглядам улагоджаньня фінансавай спрэчкі яны запрасілі істцоў у Эўропу, дзе іх можна было без перашкодаў арыштаваць і вывезьці ў Менск.
Судовая гісторыя гэтай справы доўгая і багатая на працэсуальныя манёўры. Адным з ключавых момантаў стала барацьба за асабістую юрысдыкцыю. Белнафтахім двойчы спрабаваў дамагчыся спыненьня справы, сцвярджаючы, што іхныя дзеяньні ў Нью-Ёрку ня мелі дастатковай сувязі з прад’яўленымі прэтэнзіямі. Але суддзя Браян Коган адхіліў гэтыя аргумэнты, нагадаўшы, што паводле закона Нью-Ёрку (§ 302(a)(1) CPLR) дастаткова, каб дзеяньні ў штаце мелі «сутнасную сувязь» з пазовам. У гэтым выпадку сувязь была відавочная: сустрэчы ў Нью-Ёрку сталі першай ланкай у ланцугу падзей, якія прывялі да катаваньняў.
У 2021 годзе суд яшчэ раз пацьвердзіў сваю юрысдыкцыю, спаслаўшыся на прэцэдэнт Вярхоўнага суда ЗША (Ford Motor Co. v. Montana), які не патрабуе абавязковага «прамога прычыннага сувязку» паміж дзеяньнямі ў штаце і шкодай, а толькі таго, каб справа «узьнікла з або была зьвязаная» з гэтымі кантактамі.
Справа Funk v. Belneftekhim важная як прэцэдэнт: яна паказвае, што беларускія дзяржструктуры могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці ў ЗША паводле TVPA (Torture Victim Protection Act) і выключэньняў з FSIA (Foreign Sovereign Immunities Act), калі іх дзеяньні маюць дастатковы «амерыканскі след».
📄 Docket numbers:
- District Court (E.D.N.Y.): 1:14-cv-00376 (BMC)
- Court of Appeals, Second Circuit: 24-623 (апэляцыя)
🔗 Чытай таксама: Американский юрист Зельцер сравнил белорусское КГБ с гестапо — красамоўная гісторыя, як беларускае КДБ выкрадала раней грамадзянаў ЗША.
