Сёньня ня стала Аляксандра Мілінкевіча.
Для многіх ён назаўсёды застанецца адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, адным з найбольш вядомых беларускіх палітыкаў свайго пакаленьня. Для мяне ж ён быў яшчэ і чалавекам, зь якім я пазнаёміўся значна раней.
Мы пазнаёміліся неўзабаве пасьля падзеяў 1996 году. Аляксандар тады сышоў з пасады намесьніка старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму і пайшоў у грамадзкую дзейнасьць. Гэта быў час, калі яшчэ далёка ня ўсе разумелі, наколькі надоўга Беларусь уваходзіць у новую эпоху.
Я запомніў яго сьветлым чалавекам. Спакойным, інтэлігентным, вельмі чалавечным. Ён умеў нават у цяжкія часы знайсьці добрае слова і ўсьмешку. Побач зь ім не адчувалася таго цяжкага палітычнага паветра, калі кожны імкнецца нешта даказаць, кагосьці перакрычаць ці прадэманстраваць уласную значнасьць. У ім была нейкая натуральная годнасьць.
Асабліва памятаю адзін эпізод.
У 2007 годзе я зьяжджаў зь Беларусі ў эміграцыю. Фактычна ехаў «у нікуды», безь яснага разуменьня, што будзе далей і ці атрымаецца калі-небудзь пачаць усё нанова.
І ўжо ў Варшаве, каля самога самалёта, нечакана сустрэў Аляксандра разам зь Інай. Аляксандар пажадаў мне посьпехаў.
Можа, для яго гэта былі проста некалькі цёплых словаў чалавеку, якога ён ведаў. Але для мяне ў той момант яны значылі вельмі шмат. Калі пакідаеш за сьпінай сваё ранейшае жыцьцё і наперадзе амаль нічога ня бачыш, часам адна чалавечая фраза застаецца ў памяці на дзесяцігодзьдзі.
Былі таксама 2006 год, Плошча, палітычная барацьба, міжнароднае прызнаньне, прэмія Сахарава, гады працы дзеля Беларусі. Але мне хочацца сёньня ўспамінаць ня толькі палітыка Мілінкевіча. Хочацца ўспомніць чалавека Мілінкевіча.
Чалавека, які мог быць цьвёрдым у перакананьнях і пры гэтым заставацца добрым да людзей.
Беларусі вельмі не хапае менавіта такой палітычнай культуры. І, напэўна, яшчэ доўга будзе не хапаць людзей, якія ўмелі захоўваць годнасьць без пыхі, прынцыповасьць без азлобленасьці і чалавечнасьць сярод палітычнай барацьбы.
Мае шчырыя спачуваньні Іне Кулей, усёй сям’і, блізкім, сябрам і паплечнікам Аляксандра. Паводле паведамленьня сям’і, ён памёр сёньня раніцай ва ўзросьце 79 гадоў.
Сьветлая памяць, спадар Аляксандар! І дзякуй за тое даўняе «посьпехаў». Я яго не забыўся.
