Мы з Алёнай сустрэлі тую раніцу ў Беларусі. За месяц да таго набылі дом у вёсцы Малая Сырмеж Мядзельскага раёну — побач з курортным пасёлкам Нарач. Прыехалі паглядзець, абжыць, звыкнуць да новага месца. Але гісторыя распарадзілася інакш: менавіта там мы ўключыліся ў падзеі, якія ахапілі ўсю краіну.
Раніца пачалася з дэталі, якая пазьней стала для мяне сымбалем таго дня. На асфальце нашай вясковай вуліцы вялікімі белымі літарамі і лічбамі было напісана: 3%. Усе разумелі, пра што гэта — пра “рэйтынг” чалавека, які ўчапіўся за ўладу.
Дарожныя рабочыя паспрабавалі “зачысціць” надпіс, засыпаўшы яго пяском. Але зрабілі гэта так, што ўсё было добра відаць. Хтосьці мог назваць гэта непрафэсійнасьцю, а я думаю — гэта быў маўклівы сабатаж.
Увечары ж Мядзел, звычайна ціхае мястэчка, стаў арэнай для падзеяў, якіх тут яшчэ ня бачылі. На вуліцы выйшлі людзі, і мы разам адстойвалі сваё права на праўду.
Кульмінацыяй стала тое, што мы, пратэстоўцы, фактычна ўзялі ў палон начальніка мясцовай ДАІ Крэсіка (цяпер ужо пакойнага). Ён спрабаваў затрымаць двух непаўнагадовых хлопцаў — толькі за тое, што яны, праязджаючы на мапедзе, падалі сыгнал у нашу падтрымку.
Той вечар паказаў: нават у маленькім горадзе людзі здольныя абараніць адзін аднаго. І нават калі ўлада спрабуе засыпаць праўду пяском, яна ўсё роўна праглядаецца праз яго.
(Фотарэпартаж глядзіце ніжэй)






