Падчас сьледзтва ў нашай крымінальнай справе ў КГБ узьнікла ідэя «даказаць», што Лукашэнка карыстаецца шырокай падтрымкай. Дзеля гэтага яны даслалі запыт у Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі: ці праводзіліся ўвесну-улетку 2020 году апытаньні, вынікі якіх не публікаваліся.
І такія апытаньні знайшліся. У матэрыялах справы зьявіўся цікавы дакумант (том справы XXIII, старонкі 226-229), на якія журналісты не зьвярнулі тады ўвагі — хаця іх зьмест сьведчыць аб зусім іншай карціне, чым афіцыйная прапаганда.
📊 Апытаньне 1 (травень–чэрвень 2020, асабістыя інтэрвію, 1130 рэспандэнтаў):
- Лукашэнка — 15,4%
- Бабарыка — 15,0%
- Ціханоўская — 5,4%
- Цэпкала — 3,8%
- «Супраць усіх» — 5,4%
- Не ўдзельнічаю — 3,5%
- Ня вызначыўся — 46,1%
📞 Апытаньне 2 (травень 2020, тэлефон, 600 рэспандэнтаў):
- Лукашэнка — 26,6%
- Бабарыка — 1,4%
- Цэпкала — 1,7%
- «Супраць усіх» — 8,1%
- Іншы — 12,5%
- Не хачу казаць — 13,7%
- Ня вызначыўся — 35,5%
Гэтая статыстыка была настолькі далёкая ад афіцыйных лічбаў, што яе вырашылі не паказваць грамадзтву. Яна дэманструе, што ўжо да выбараў 2020 году ў Лукашэнкі была надзвычай нізкая падтрымка, а вялікая частка насельніцтва не вызначылася ці была гатовая падтрымаць альтэрнатыву. З улікам таго, як людзі ў Беларусі баяцца шчыра выказвацца на такія тэмы, папраўку няхай чытачы ўнясуць самі.
Гэтыя дадзеныя важныя ня толькі як гістарычны факт, але і як доказ для міжнародных і нацыянальных судовых працэсаў: яны абвяргаюць аргумэнты аб «моцным народным мандаце» і дэманструюць, што пратэсты былі выражэньнем шырокіх грамадзкіх настрояў.